Касмічная этыка (анг. space ethics), астраэтыка, або астрабіяэтыка — кірунак прыкладной этыкі, які даследуе маральныя, прававыя і філасофскія пытанні, звязаныя з асваеннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй касмічнай прасторы. Яна разглядае праблемы размеркавання рэсурсаў, забеспячэння бяспекі, захавання планетарнага асяроддзя , абароны пазаземнага жыцця, а таксама рэгулявання адносін паміж дзяржаўнымі, прыватнымі і грамадскімі суб’ектамі і межаў дзейнасці чалавецтва ў кантэксце Сусвету.

Гісторыя развіцця Касмічная этыка пачала фарміравацца як самастойны кірунак даследаванняў у другой палове ХХ стагоддзя, калі асваенне арбіты, актыўныя даследванні Месяца, запуск міжпланетных апаратаў і пачатак эры спадарожнікаў паставілі шэраг новых этычных і прававых пытанняў. У 1967 годзе быў прыняты Дагавор аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц і іншыя нябесныя целы, які заклаў аснову для далейшых дыскусій аб статусе касмічнай прасторы як агульнай спадчыны чалавецтва. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя тэмы касмічнай этыкі пашырыліся, уключыўшы праблемы планетарнай абароны, выкарыстання рэсурсаў астэроідаў, этычнага статусу пазаземнага жыцця.

Тэарэтычныя асновы Касмічная этыка абапіраецца на традыцыі шэрагу філасофскіх кірункаў:

Антрапацэнтрызм — разглядае чалавека як цэнтральны аб’ект этычнай ацэнкі, ставіць на першае месца інтарэсы чалавецтва ў космасе. Біяцэнтрызм — прызнае этычную каштоўнасць усяго жывога, у тым ліку патэнцыйнага пазаземнага жыцця. Экацэнтрызм — пашырае этычны абсяг на планетарныя экасістэмы, абвяшчаючы неабходнасць захавання цэласнасці планет як самастойнай каштоўнасці. Пастгуманізм — разглядае этычны статус не толькі чалавека, а любых форм існавання (уключаючы штучны інтэлект, гібрыдныя арганізмы), здольных уплываць на эвалюцыю Сусвету.

Цэнтральныя праблемы

Справядлівасць доступу да рэсурсаў: вызначэнне прынцыпаў размеркавання абмежаваных рэсурсаў Месяца, Марса, астэроідаў (уключаючы ваду, мінеральныя выкапні), каб пазбегнуць канфліктаў паміж дзяржавамі, карпарацыямі, прыватнымі асобамі. Планетарная абарона: недапушчэнне забруджвання іншых планет зямнымі мікраарганізмамі (forward contamination) і Зямлі — пазаземнымі формамі жыцця (back contamination). Гэты аспект рэгламентуецца, у прыватнасці, рэкамендацыямі COSPAR. Этычны статус пазаземнага жыцця: ці маюць мікробныя формы, гіпатэтычныя складанейшыя арганізмы альбо патэнцыйны пазаземны розум самастойны маральны статус, а не толькі інструментальнае значэнне для чалавека. Выпрацоўка крытэрыяў этычнай ацэнкі мікраарганізмаў, гіпатэтычных складаных формаў жыцця, а таксама патэнцыйных тэхнасігнатураў. Міжпакаленны аспект (альбо iнтэртэмпаральны аспект): этычнае абгрунтаванне прыняцця рашэнняў, якія закранаюць не толькі сучаснае, але і будучыя пакаленні людзей, уключаючы іх права на доступ да некранутых планетарных рэсурсаў. Дэцэнтралізацыя ўплыву: уключэнне ў дыскурс не толькі традыцыйных касмічных дзяржаў, але і карпарацый, грамадзянскіх рухаў, карэнных народаў, чые каштоўнасці могуць уплываць на прыняцце этычных і прававых рашэнняў. Этычная ацэнка касмічнай эксплуатацыі: абмеркаванне межаў камерцыйнай дзейнасці, здабычы рэсурсаў, тэрафармавання планет, забруджвання арбіты касмічным смеццем.

Практычнае значэнне Ідэі касмічнай этыкі ляжаць у аснове дзейнасці міжнародных арганізацый (Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах — COPUOS), прафесійных асацыяцый (COSPAR), нацыянальных касмічных агенцтваў (NASA, ESA), прыватных кампаній (SpaceX, Blue Origin). Яны выкарыстоўваюцца для распрацоўкі прынцыпаў планетарнай абароны, заканадаўчага рэгулявання здабычы рэсурсаў у касмічнай прасторы, распрацоўкі этычнай экспертызы місій па пошуку пазаземнага жыцця.

Перспектывы развіцця З развіццём міжпланетнай эканомікі, распаўсюдам прыватных ініцыятыў (такіх як здабыча рэсурсаў з астэроідаў) дыскурс касмічнай этыкі пашыраецца. Яна становіцца неад’емнай умовай для планавання міжпланетнай інфраструктуры, рэгулявання здабычы рэсурсаў у межах пагадненняў Артэміды, вызначэння межаў патэнцыйнай каланізацыі Марса, абароны планетарных экасістэм, захавання культурнай спадчыны чалавецтва ў Сусвеце. Канцэптуальныя рамкі касмічнай этыкі забяспечваюць узаемасувязь прававых, навуковых, сацыяльных, філасофскіх і тэхналагічных дыскурсаў, фарміруючы вектар адказнага развіцця чалавецтва ў касмічнай прасторы.

Гл. таксама

Этыка тэхналогій Інжынерная этыка

Зноскі

Катэгорыя:Астрабіялогія Катэгорыя:Этыка Катэгорыя:Этычныя прынцыпы Катэгорыя:Космас Катэгорыя:Касмічнае права