Самуіл Якаўлевіч Клябанаў (1 сакавіка 1910, Орша, Расійская імперыя — 16 красавіка 1942, Віцебскі аэрадром, БССР) — беларускі і савецкі лётчык, старшы лейтэнант, адкрывальнік паветраных трас у Ненецкай акрузе РСФСР, удзельнік Другой сусветнай вайныСуровцев С. В. Подвиги белорусских летчиков (руск.) // Актуальные вопросы образования и науки. — 2015. — № № 5—6 (51—52). — С. 10—11..

Біяграфія Самуіл Клябанаў нарадзіўся ў 1910 у Оршы. Скончыў шэсць класаў мясцовай сямігадовай школы. З юнацтва захапляўся парашутным спортам і авіямадэлізмам. Напрыканцы 1920-х разам з бацькамі пераехаў у Ленінград.

Скончыў школу грамадзянскай авіяцыі ў Балашове Саратаўскай вобласці. Да сярэдзіны 1933 працаваў там пілотам-інструктарам. Затым працаваў у вучэбна-лётнай эскадрылі Ленінградскага інстытута інжынераў Грамадзянскага паветранага флоту, атрадаў паўночнага Упраўлення гэтага флоту і інш. З 15 снежня 1935 па чэрвень 1936 быў пілотам авіяцыя Ненецкай акругі. Там разам з Віталём Сушчынскім адкрыў восем новых паветраных ліній. Іхняя даўжыня — 2470 км, для гэтага яны здзейснілі болей за 260 вылетаў.

Праклаў некалькі паветраных трас, сярод якіх, напрыклад: Нар'ян-Мар — Табседа; Нар'ян-Мар — Пёша; Нар'ян-Мар — Індыга. Дзякуючы трасе Архангельск — Мезень — Пёша — Нар'ян-Мар, паветраны шлях у гэтай частцы РСФСР скараціўся на 300 км.

У вольны час у Нар'ян-Мары пісаў нататкі ў мясцовую газету, кіраваў авіямадэльным гуртком у школе і авіягуртком.

З чэрвеня 1936 — на лётнай працы ў Архангельску, а потым у Ленінградзе.

У лютым 1941 яго перавялі ў Ваенна-паветраныя сілы Чырвонай Арміі. Атрымаў званне старшага лейтэнанта, быў камандзірам звяна.

На ягоным рахунку налічваецца болей за 60 баявых вылетаў.

Знік без вестак у ноч на 16 красавіка 1942. Ягоны самалёт быў збіты падчас бамбардавання аэрадрома ў Віцебску. Экіпаж знойдзены не быў. У 1988 і 1997 былі спробы адшукаць месца падзення самалёта, але яны не прынеслі поспеху.

Узнагароды Самуіл Клябанаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1941) і ордэнам Леніна (1942).

Памяць Экспазіцыя, прысвечаная Самуілу Клябанаву, размешчана ў музеі авіяцыі Поўначы ў Архангельску. Там жа выстаўлены ягоны ордэн Леніна.

Лічыцца, што Самуіл Клябанаў быў прататыпам Аляксандра Грыгор’ева, героя рамана расійскага пісьменніка Веніяміна Каверына «Два капітаны».

Крыніцы

Катэгорыя:Лётчыкі