Алена Георгіеўна Хацько () — работніца сельскай гаспадаркі (даярка, аператар машыннага даення), Герой Сацыялістычнай Працы (1973).
Біяграфія Атрымала няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працавала ў бацькоўскай гаспадарцы. Пасля вызвалення раёна летам 1944 года стала санітаркай вайсковага шпіталя, які дыслацыраваўся ў Слуцку.
У 1946 годзе вярнулася ў Вішнёўку і паступіла на працу ў паляводчую брыгаду сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) «Прамень камуны» (цяпер сельскагаспадарчы філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»), прымала ўдзел у аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі.
У 1952 годзе пераехала ў вёску Іванаўскія Агароднікі Кіраўскага сельсавета. Працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса «Першае Мая», які паступова ператварыўся ў буйное шматгаліновае сельскагаспадарчае прадпрыемства і доўгія гады заставаўся адным з перадавых у раёне і вобласці. У 1953 годзе прыйшла працаваць даяркай на калгасную ферму.
За кароткі тэрмін выйшла на перадавыя пазіцыі ў сацыялістычным спаборніцтве жывёлаводаў. За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака, укараненне дасягненняў навукі і перадавых метадаў сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1958 годзе была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», у 1966 годзе атрымала ордэн Леніна.
У 1973 годзе за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972—1973 гадоў. Было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Алена Хацько паклала пачатак руху даярак-пяцітысячніц на Случчыне. У яе з’явілася шмат паслядоўніц, а сама яна да выхаду на заслужаны адпачынак у 1983 годзе паспяхова выконвала планавыя заданні, некалькі разоў прымала ўдзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР), была адзначана медалямі і дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта. Прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, была дэлегатам трэцяга Усесаюзнага з’езда калгаснікаў у 1969 годзе.
Узнагароды Узнагароджана двума ордэнамі Леніна (1966, 1973), ордэнамі Айчыннай вайны II-й ступені (1985), «Знак Пашаны» (1958), медалямі. Яе імя занесена на Дошку гонару Слуцкага раёна.
Літаратура Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 629. Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. — Минск, 1982. — Т. 5. — С. 661. Минская область : энциклопедия : [в 2 т.]. — Минск, 2007. — Т. 2. — С. 714. Памяць : Слуцкі раён. Слуцк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік В. С. Відлога; рэдкалегія: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.] : у 2 кн. — Мінск, 2001. — Кн. 2. — С. 423. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2019. — Т. 5, кн. 3 : Минская область. — С. 314. Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. — Минск, 2014. — С. 228.