Навум Ісакавіч Эйцінгон (, Шклоў, Магілёўская губерня — , Масква) — савецкі разведчык, генерал-маёр дзяржаўнай бяспекі.

Арганізатар палітычных забойстваў, адзін з распрацоўшчыкаў аперацыі па ліквідацыі Льва Троцкага. Арганізатар партызанскага руху ў тыле ворага падчас Вялікай Айчыннай вайны, з 1945 года быў намеснікам начальніка аддзела «С» НКУС (пазней НКДБ) СССР, які адказваў за збор і абагульненне разведданых па стварэнні савецкай ядзернай зброі.

Біяграфія Нарадзіўся ў Шклове ў яўрэйскай сям’і. Бацька Іцка-Лейзер (Ісаак) Файвелавіч Эйцінгон (1876—1912) быў канторшчыкам на папяровай фабрыцы, членам праўлення Шклоўскага пазыка-ашчаднага таварыства. Маці — Гінда (Яўгенія) Нахманаўна Гранат (1879—1959); бацькі заключылі шлюб у Магілёве 12 студзеня 1899 года. Дзед — Файвел Ізроілевіч (Ізраілевіч) Эйцінгон быў прысяжным павераным Шклоўскага павятовага і Магілёўскага акруговага судоў.

Сёстры і брат: Соф’я (Сара) Ісакаўна Эйцінгон (1902—1979), лекар, і Серафіма Ісакаўна (першая жонка мастака Марка Жытніцкага), інжынер-металазнаўца, Ізраіль Ісакавіч Эйцінгон (1905—1979), доктар тэхнічных навук. Траюрадны брат — псіхааналітык Макс Эйцінгон.

У шасцігадовым узросце перажыў яўрэйскі пагром у родным горадзе. У 1912 годзе, пасля смерці бацькі Ісака, сям’я Эйцінгонаў пераехала са Шклова ў Магілёў, дзе жыла радня па маці, у тым ліку дзед Навума Файвел Эйцінгон. Вучыўся ў Магілёўскім камерцыйным вучылішчы.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пакінуў сёмы клас камерцыйнага вучылішча і ўладкаваўся працаваць інструктарам аддзела статыстыкі Магілёўскай гарадской управы. У 1917 годзе ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, але неўзабаве з яе выйшаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года гарадская ўправа была распушчана, перайшоў працаваць у пенсійны аддзел гарадскога савета.

Падчас нямецкай акупацыі Магілёва з сакавіка па лістапада 1918 быў рабочым цэментнага завода, дзе быў членам прафсаюзнага камітэта. Паступіў на службу ў Магілёўскі губернскі харчовы камітэт на пасаду справавода 2-га разраду, затым быў прызначаны інструктарам па тавараабмену. З 20 сакавіка 1919 года перайшоў у распараджэнне бюро губернскай рабочай кааперацыі. У красавіку 1919 быў накіраваны ў Маскву на курсы пры Усерасійскім савеце рабочых кааперацый. У верасні вярнуўся на працу, але ўжо ў Гомель, куды была пераведзена губернская сталіца.

Падчас правядзення партыйнага тыдня ў кастрычніку 1919 Эйцінгон, які быў на курсах кааперацыі, уступіў у шэрагі РКП(б). Са снежня 1919 па май 1920 года служыў ва ўстановах Гомельскага губпрафсаюза.

Па сцвярджэнні Паўла Судаплатава, з 1918 года служыў у Чырвонай Арміі; паводле звестак гомельскага гісторыка Анатоля Карасёва, у дакументах інфармацыі аб службе Эйцінгона ў Чырвонай Арміі няма.

Гомельскі чэкіст З 10 мая 1920 года супрацоўнік Гомельскай ЧК. У дакладзе прадстаўніка ВЧК Раманоўскага ад пачатку снежня 1920 года, звязаным з рэвізіяй працы Гомельскай ГубЧК і канстатацыяй недахопаў, адзначаны асабіста Раманоўскім як «светлая пляма з упаўнаважаных». У спісе асабовага складу на 15 студзеня 1921 года значыўся як памочнік загадчыка сакрэтна-аператыўнага аддзела з адначасовым выкананнем абавязкаў загадчыка. У канцы студзеня — пачатку лютага 1921 года знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Маскве, а з 28 лютага ён часова замяшчаў старшыню Гомельскай ГубЧК Воленберга. У красавіку 1921 года, выступаючы на пасяджэнні губкама, Воленберг адзначыў, што «галоўным аддзелам з’яўляецца сакрэтна-аператыўны, які распадаецца на інстытут упаўнаважаных па розных напрамках, і ў ім найбольш прадуктыўным работнікам з’яўляецца яго кіраўнік Эйцінгон».

Прымаў удзел у аперацыі «Крот», у выніку якой былі арыштаваны каля ста чальцоў «Заходняга абласнога камітэта» арганізацыі «Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды», якую ўзначальваў Барыс Савінкаў. Змову ўзначальваў губернскі вайсковы камісар. У маі 1921 Эйцінгон прымаў таксама актыўны ўдзел у выяўленні і арышце ў Мінску ўпаўнаважанага «Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды» Эдуарда Оперпута-Стауніца, які сваімі паказаннямі даў ключ для раскрыцця ўсіх савінкаўскіх арганізацый у зоне Заходняга фронту.

Падчас аперацыі супраць савінкаўскіх груп у 1921 Эйцінгон быў паранены камандзірам атрада Л. І. Рудмінскім-Чарнаморцам, дзейнасць якога расследаваў у складзе спецыяльнай камісіі (Рудмінскага абвінавачвалі ў празмернай жорсткасці). 20 кастрычніка 1921 года на пасяджэнні Гомельскага губправеркама па чыстцы партыі Эйцінгон быў часова пакінуты па-за радамі РКП(б) для «дадатковага выпрабавання» з наступнымі фармулёўкамі: буржуазнае паходжанне, залішне хуткая чэкісцкая кар’ера, камісарскія замашкі, адсутнасць сціпласці, недастаткова прасякнуўся пралетарскай псіхалогіяй і дысцыплінаванасцю. 24 лістапада губправеркам па чыстцы партыі вяртаўся да пытання аб Эйцінгоне і пераглядаў яго справу, вырашыўшы «аднавіць у правах члена РКП, прымаючы пад увагу факт ранення пры ўдзеле ў барацьбе з бандытызмам, а таксама маючы адбыцца ад’езд у Башкірыю» (12 лістапада ў Маскве Аргбюро ЦК РКП(б) пастанавіла прызначыць старшыню Гомельскай ГубЧК Воленберга старшынёй башкірскай ЧК з правам узяць з сабою асабіста адабраных супрацоўнікаў).

У выведцы Скончыўшы ў 1924 годзе Усходняе аддзяленне Ваеннай акадэміі РСЧА, Эйцінгон працуе ў замежным аддзеле АДПУ: у Кітаі (1925), затым у Турцыі (1929). У 1927—1929 гг. быў віцэ-консулам Генеральнага консульства СССР у Харбіне. У 1930—1932 гг. — памочнік І. Серабранскага ва ўпраўленні спецыяльных аперацый, затым кіраўнік секцыі нелегальных аперацый ІНА АДПУ. У 1936—1938 гг. — намеснік рэзідэнта ў Іспаніі А. М. Арлова. Вядомы як «генерал Леанід Аляксандравіч Котаў» (падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі), Грозаўскі, Лявонаў, Навумаў, тав. Пабла і інш.

Займаўся арганізацыяй шпіёнскіх і дыверсійных аперацый за мяжой, сярод якіх вылучаюцца:

забойства лідара Паўночнага Кітая і Маньчжурыі Чжан Цзаліня; выкраданне значных удзельнікаў белага руху генералаў А. П. Куцепава і Я. К. Мілера у Францыі; магчымы саўдзел у лёсе «трайнога агента» М. У. Скобліна ў Іспаніі; вываз у СССР іспанскага дзяржаўнага залатога запасу; сумесная з П. А. Судаплатавым распрацоўка і падрыхтоўка да аперацыі «Качка» ў Мексіцы, падчас якой агент Рамон Меркадэр забіў Л. Д. Троцкага.

Арганізацыя партызанскай і дыверсійнай работы ў час вайны З ліпеня 1941 года Эйцінгон быў намеснікам начальніка 4-га ўпраўлення НКУС і начальніка асобнай групы Судаплатава пры наркаме ўнутраных спраў Берыі.

Разам з Судаплатавым Эйцінгон дамогся дазволу Л. П. Берыі вызваліць з турмаў былых супрацоўнікаў разведкі і дзяржбяспекі, у якіх разведка востра мела патрэбу з пачаткам вайны. «Берыю зусім не цікавіла, вінаватыя або невінаватыя тыя, каго мы рэкамендавалі для працы, — успамінаў Судаплатаў. — Ён задаў адно-адзінае пытанне: „Вы ўпэўненыя, што яны нам патрэбныя?“ — „Цалкам упэўнены“, — адказаў я. — „Тады звяжыцеся з Багданам Кабулавым, хай вызваліць іх. Выкарыстоўвайце іх неадкладна.“».

У 1941—1942 гг. удзельнічаў у акцыях, якія забяспечвалі нейтралітэт Турцыі ў Другой сусветнай вайне. У 1942 годзе кіраваў распрацоўкай і арганізацыяй замаху на пасла Германіі ў Турцыі Франца фон Папена.

У 1942 годзе быў прызначаны намеснікам начальніка 4-га ўпраўлення НКУС СССР, які займаўся выведкай, тэрорам і дыверсіямі ў тыле праціўніка. У гэтай якасці (намеснік П. А. Судаплатава) правёў аператыўныя гульні «Манастыр», «Кур’ер», «Беразіно», «Арыйцы». Ў 1944 годзе у ходзе аперацыі «Беразіно» аператыўная група НКУС пад яго непасрэдным камандаваннем захоплівала і перавербоўвала дыверсантаў Ота Скарцэні у беларускіх лясах (у складзе групы працаваў і У. Г. Фішэр, які стаў пазней вядомым як Рудольф Абель).

З 1945 года — намеснік начальніка аддзела «С» НКУС (пазней НКДБ) СССР, які займаўся зборам і абагульненнем разведданых па стварэнні ядзернай зброі.

У пасляваенныя гады ўзначальваў аперацыі па знішчэнні антысавецкіх партызан, якія праводзіліся супраць «лясных братоў» у Літве і Заходняй Украіне. Быў арганізатарам ліквідацыі дзеячоў украінскага нацыяналістычнага руху: былога савецкага функцыянера А. Шумскага і грэка-каталіцкага біскупа Т. Ромжы.

Рэпрэсаваны У кастрычніку 1951 года быў арыштаваны па «справе аб сіянісцкай змове ў МГБ». Паводле «справы лекараў» была арыштаваная яго сястра.

Пасля смерці Сталіна быў вызвалены па асабістым распараджэнні Лаўрэнція Берыі і прызначаны ў сістэму МУС СССР. З мая 1953 года-намеснік начальніка 9-га аддзела МУС СССР. У жніўні 1953 года зноў арыштаваны як член «банды Берыі» і прысуджаны да 12 гадоў зняволення. Разам з Эйцінгонам тады з органаў дзяржбяспекі звольнілі, а затым часткова падвергнулі арыштам многіх супрацоўнікаў МДБ.

Апошнія гады жыцця

У 1964 годзе быў вызвалены з-за кратаў і працаваў старэйшым рэдактарам у выдавецтве «Міжнародная кніга».

Памёр ад натуральных прычын 3 мая 1981 г. Пахаваны ў Маскве, на Новых Данскіх могілках. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1992 годзе. Некаторыя даследчыкі аспрэчваюць правамернасць рэабілітацыі.

Сям’я Быў жанаты з Ганнай Ісакаўнай Шульман. Падчас камандзіроўкі ў Харбін пазнаёміўся, пасля ажаніўся з былой жонкай Васіля Зарубіна — Вольгай Георгіеўнай Навумавай (Васільевай; 1899—1966). З 1941 года ў шлюбе з Музай Рыгораўнай Маліноўскай (1913—1989), парашутысткай-рэкардсменкай і разведчыцай.

Дзеці:

Сын — Уладзімір Навумавіч Эйцінгон (1924—2014). Дачка — Святлана Навумаўна Уруцкаева (1927—2003). Сын — Леанід Навумавіч Эйцінгон (нар. 1943). Дачка — Муза Навумаўна Маліноўская (нар. 1947), аўтар кнігі «На гранічнай вышыні» пра жыццё Н. І. Эйцінгона і М. Г. Маліноўскай. Прыёмная дачка — Зоя Зарубіна, разведчыца, перакладчыца.

Крыніцы

Катэгорыя:Пахаваныя на Данскіх могілках Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Зняволеныя Уладзімірскага цэнтрала Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Разведчыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Постаці спецслужбаў СССР Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі Катэгорыя:Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Суворава II ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга Катэгорыя:Кавалеры ордэна Леніна Катэгорыя:Памерлі ў Маскве Катэгорыя:Памерлі ў 1981 годзе Катэгорыя:Памерлі 3 мая Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёўскай губерні Катэгорыя:Нарадзіліся ў Шклове Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1899 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 6 снежня