«Please Please Me» () — песня гурта The Beatles, якая стала загалоўнай для другога сінгла гурта, а таксама дала назву першаму студыйнаму альбому гурта (у якім таксама гучыць). Песня напісана Джонам Ленанам (прыпісана Ленану і Мак-Картні), аднак яе канчатковая форма была створана пад значным уплывам Джорджа Марціна. Аднайменны сінгл стаў таксама першым запісам The Beatles, выпушчаным у ЗША (сінгл «My Bonnie» / «The Saints» з удзелам Тоні Шэрыдана і The Beatles быў выпушчаны, калі гурт яшчэ насіў назву The Beat Brothers, таму яго ўключэнне ў агульную дыскаграфію гурта з'яўляецца спрэчным).

22 лютага 1963 года песня дасягнула першай пазіцыі ў брытанскіх чартах часопісаў New Musical Express (найбольш аўтарытэтны чарт у той час) і Melody Maker. У чарце Record Retailer (які з часам трансфармаваўся ў UK Singles Chart) песня дасягнула другой пазіцыі. У ЗША другі рэліз сінгла (выпушчаны ў студзені 1964 года з песняй «From Me to You» на баку «Б») дасягнуў трэцяга радка ў чарце Billboard Hot 100.

Гісторыя песні Песня была напісана Джонам Ленанам, які першапачаткова задумваў яе як павольную, блюзавую кампазіцыю. Паводле Ленана, «у той дзень, калі я напісаў яе, я слухаў, як Рой Орбісан выконвае „Only the Lonely“ ці нешта падобнае. Я таксама быў заінтрыгаваны словамі адной з песень Бінга Кросбі: „Please lend a little ear to my pleas“. Падвойнае ўжыванне слова „please“. Карацей, песня была камбінацыяй з Роя Орбісана і Бінга Кросбі». У тэксце песні некаторым крытыкам бачыцца сэксуальны падтэкст. У сваім аналітычным аглядзе «Гісторыя музыкі Beatles» Дэйв Рыбашэўскі згадвае меркаванне , што гэта «першая ў поп-культуры песня пра аральны сэкс», аднак Рыбашэўскі лічыць малаверагодным, што The Beatles маглі звярнуцца да гэтай тэмы на настолькі ранняй стадыі сваёй творчасці, заўважаючы, што самі музыканты адмаўлялі дадзены кантэкст.

Зыходная версія песні была вакальна беднай, не ўтрымлівала падгалоскаў і не мела гарманічнага ўступу з яго нарастаннем. Джордж Марцін упершыню пачуў гэтую песню на сесіі, прысвечанай запісу «Love Me Do» 11 верасня 1962 года; паводле яго меркавання, яна «вельмі патрабавала ажыўлення», у сувязі з чым ён прапанаваў удзельнікам гурта ўнесці ў яе некалькі значных змен, уключна з паскарэннем тэмпу.

Да 26 лістапада, калі адбыўся запіс песні (у студыі «Эбі Роўд»), яна была так радыкальна перапрацавана, што Джордж Марцін адразу заявіў, што яна стане першым значным хітом гурта. Агулам у студыі было запісана 18 дубляў. Як і іншыя арыгінальныя песні ў першым альбоме гурта, аўтарства гэтай кампазіцыі было абазначана як «McCartney/Lennon» (толькі з наступнага альбома паслядоўнасць была зменена на «Lennon/McCartney»).

У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — вакал, рытм-гітара, губны гармонік Пол Мак-Картні — вакал, бас-гітара Джордж Харысан — бэк-вакал, сола-гітара Рынга Стар — ударныя

Песня была абрана для выканання на першым тэлевізійным выступе The Beatles на нацыянальным брытанскім тэлебачанні 19 студзеня 1963 года.

Выданні песні

У Вялікабрытаніі песня была выдадзена ў выглядзе сінгла (11 студзеня 1963) і ўвайшла ў аднайменны альбом гурта (выпушчаны 22 сакавіка 1963). У верасні 1963 года песня была ўключана таксама ў міні-альбом гурта The Beatles’ Hits.

У ЗША лэйбл Capitol Records (падраздзяленне EMI) адмовіўся выпускаць песню ў выглядзе сінгла; дакладна гэтак жа паступіў і іншы буйны лэйбл Atlantic. У рэшце рэшт першы амерыканскі сінгл гурта (з песняй «Ask Me Why» на баку «Б») быў выдадзены адносна небуйным лэйблам Vee-Jay Records. Дакладная дата выхаду гэтага сінгла дакладна не вядомая (найчасцей згадваюцца даты 25 лютага ці «каля 20 лютага» 1963; прыводзіцца таксама дата 7 лютага 1963 года). Назва гурта на вокладцы гэтага выдання прыводзіцца з памылкай («THE BEATTLES» з дзвюма «T»), што было выпраўлена толькі праз некаторы час. Было прададзена толькі крыху больш за сем тысяч экземпляраў гэтага выдання.

У студзені 1964 года Vee-Jay перавыдаў сінгл, на гэты раз — з песняй «From Me to You» на баку «Б» (гэтая песня ў выкананні Дэла Шэнана ў той час стала даволі вядомай у ЗША). У гэты раз сінгл стаў хітом, дасягнуўшы трэцяга радка хіт-парада Billboard Hot 100 (саступіўшы толькі іншым сінглам The Beatles — «I Want to Hold Your Hand» і «She Loves You»). Было прададзена не менш за 1,1 мільён копій гэтага выдання.

Песня таксама ўвайшла ў амерыканскі альбом гурта The Early Beatles.

Прызнанне У 2004 годзе музычны часопіс Rolling Stone паставіў песню «Please Please Me» на 184-ю пазіцыю ў сваім спісе пяцісот найвялікшых песень усіх часоў. У красавіку 2011 года песня страціла дзве пазіцыі і перамясцілася на 186 месца.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:The Beatles