Казімір Пяткевіч (, лістапад 1861, Кіеў — , Варшава)Kancewicz J. Pietkiewicz Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. — T. 26. — 1981. — S. 156—157. — польскі рэвалюцыянер, лідар Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве.
Біяграфія Сын Фелікса (адваката і ўдзельніка паўстання 1863—1864 гг.) і Сафіі (у дзявоцтве Ліпаман).
Брат Людвік (1860—1944) — урач, фармацэўт. Стрыечныя браты: Часлаў (1856—1936) — беларускі і польскі этнограф і фалькларыстhttps://bis.nlb.by/ru/documents/130301; Зыгмунт (1859—1934) — дзеяч польскага сацыялістычнага руху, публіцыст, пісьменнікKancewicz J. Pietkiewicz Zygmunt Anastazy // Polski Słownik Biograficzny. — T. 26. — 1981. — S. 162—163.; Зянон (1862—1932) — польскі пісьменнік, журналіст, фалькларыст, этнографhttps://hojniki.ucoz.ru/index/zjanon_pjatkevich/0-479.
Вучыўся ў Варшаве ў рамеснай школе з курсам гімназіі, у 1884—1888 гг. — у Прамыслова-тэхнічнай акадэміі ў Варшаве і ў Вышэйшай прамысловай школе ў Кракаве. Навучанне, аднак, не скончыў.
У 1883 г. далучыўся да Сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі «Пралетарыят» («І Пралетарыят»). З 1888 г. у Варшаве, дзе далучыўся да створанай у 1889 г. партыі «ІІ Пралетарыят»; быў аўтарам адозвы гэтай арганізацыі да студэнтаў у 1890 г. У сувязі з непрыняццем тактыкі індывідуальнага тэрору ў 1891 г. выйшаў з шэрагаў ІІ Пралетарыяту і прыняў удзел у заснаванні новай арганізацыі «Рабочае аб’яднанне». Упершыню быў арыштаваны ў 1892 г. З моманту стварэння Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) ў 1893 г. далучыўся да яе, удзельнічаў у арганізацыі партыйных структур у Каралеўстве Польскім. Быў аўтарам артыкулаў для партыйных выданняў «Robotnik», «Przedświt» і іншых. У лютым 1894 г. на ІІ з’ездзе ППС быў абраны ў склад яе кіруючага органа — Цэнтральнага рабочага камітэту. У жніўні 1894 г. пасля арышту шэрагу партыйных лідараў фактычна ўзначаліў партыю разам з Юзафам Пілсудскім. У чэрвені 1895 г. арыштаваны. Пасля працяглага зняволення ў Варшаўскай цытадэлі быў у 1896 г. асуджаны да 8 гадоў высылкі. Пасля знаходжання ў Бутырскай турме ў Маскве сасланы ў Верхаянск у Якуціі.
Пасля сканчэння высылкі на пачатку 1905 г. вярнуўся ў Варшаву і аднавіў сваю дзейнасць у Польскай сацыялістычнай партыі ва ўмовах рэвалюцыі 1905—1907 гг. Прымаў удзел у дзейнасці партыйнай арганізацыі ў Лодзі. 15 кастрычніка 1905 г. на ІІ партыйнай нарадзе ў Мінску быў ізноў абраны ў склад Цэнтральнага рабочага камітэта ППС.
На VIII з’ездзе ППС у Львове 12-23 лютага 1906 г. было вырашана стварыць самастойную Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. Казімір Пяткевіч быў накіраваны ў Вільню, дзе ўвайшоў у склад кіраўніцтва ППС у Літве, быў рэдактарам і аўтарам тэкстаў партыйнага выдання «Walka», нумары якога выходзілі на польскай мове і ідыш. На старонках гэтага выдання знаходзіла падтрымку дэмакратычная версія краёвай ідэі, сцвярджалася неабходнасць аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю, склікання Устаноўчых сходаў асобна для Польшчы і для Беларуска-Літоўскага краю. ППС у Літве (з чэрвеня 1906 г. Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы) актыўна супрацоўнічала з літоўскімі і беларускімі сацыялістамі. У сувязі з расколам у ППС у лістападзе 1906 г. было прынята рашэнне аб аб’яднанні ППС у Літве з Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй, якое было арганізацыйна аформлена на VII з’ездзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы ў жніўні 1907 г. у Кракаве, дзе Казімір Пяткевіч быў абраны ў склад Цэнтральнага камітэта аб’яднанай партыі і працягваў рэдагаваць партыйнае выданне «Walka»Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 135—136..
У 1907 г. быў арыштаваны ў Вільні пасля прамовы на сходзе тайнай арганізацыі расійскіх вайскоўцаў. Быў асуджаны на чатыры гады катаржных работ і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Быў сасланы ў Іркуцкую губерню. Вызвалены ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 г. Пасля вызвалення жыў у Кіеве, дзе актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці мясцовай арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі — Лявіцы.
У Польшчу вярнуўся ў 1922 г. Пасля вяртання аднавіў сваю дзейнасць у Польскай сацыялістычнай партыі. Прымаў удзел у дзейнасці Асацыяцыі былых палітычных зняволеных, публікаваў свае ўспаміны, прысвечаныя рэвалюцыйнай дзейнасці. У апошнія гады жыцця вывучаў літоўскую і латышскую мовы. У 1933 г. апублікаваў пераклады на польскую мову твораў літоўскага паэта эпохі Асветніцтва Крысціёнаса Данялайціса.
Памёр 30 кастрычніка 1934 г. ў Варшаве. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі (участак 256-5-15)Cmentarz Stare Powązki: KAZIMIERZ PIETKIEWICZ, [w:] Warszawskie Zabytkowe Pomniki Nagrobne [dostęp 2020-02-17]..
Крыніцы
Бібліяграфія
Забаўскі М. М., Кадзіра У. М. Польская сацыялістычная партыя ў Літве // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы VІІ междунар. науч.-теорет. конф., (г. Минск, 21 января 2013 г.). — Минск, 2014. Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. Kancewicz J. Pietkiewicz Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. — T. 26. — 1981. — S. 156—157. Krzesławski J. Kazimierz Pіetkiewicz // Kronika Ruchu Rewolucyjnego w Polsce. — 1935. — Nr 1. Księga życiorysów działaczy ruchu rewolucyjnego w Polsce. — T. I, pod red. J. Cynarskiego-Krzesławskiego i A. Próchnika. — Warszawa: Kronika Ruchu Rewolucyjnego, 1939. Stefanowski R. PPS 1892—1992. — Warszawa: Książka i Prasa, 1992. Szuszkiewicz B. Organizacja Grodzieńska PPS w latach 1898—1910 // Niepodległość. — T. 16. — 1937. Tomicki J. Polska Partia Socjalistyczna 1892—1948. — Warszawa: Książka i Wiedza, 1983. Wajner M. „Zejdke” Do historii PPS na Litwie // Niepodległość. — T. 15. — 1937. Wajner M. „Zejdke” Kazimierz Pietkiewicz — „Fakir” — „Olgierd”. Wspomnienia byłego działacza PPS // Kronika Ruchu Rewolucyjnego w Polsce. — 1935. — Nr 4.
Катэгорыя:Памерлі ў 1934 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1861 годзе Катэгорыя:Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках Катэгорыя:Кавалеры Крыжа Незалежнасці Катэгорыя:Нарадзіліся ў Кіеве