Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Навагрудку Гродзенскай вобласці. З 2017 года філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Размяшаецца па адрасе вуліца Міцкевіча, 15.
Гісторыя
Загадам Міністэрства гандлю СССР № 154 ад 8 ліпеня 1947 года Мінскі тэхнікум савецкага гандлю быў пераведзены ў горад Навагрудак Баранавіцкай вобласці. Тэхнікум размясціўся ў былым доме для ваяводскіх чыноўнікаў.
18 мая 1965 года загадам Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР № 392 тэхнікум быў пераўтвораны ў Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны тэхнікум. У 1970 годзе быў пабудаваны новы навучальны корпус з актавай і спартыўнай заламі (архітэктар Васіль Давыдзёнак).
3 лютага 1997 года загадам Міністэрства адукацыі Беларусі № 53 тэхнікум быў перайменаваны ў Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж.
3 сакавіка 2016 года каледж быў рэарганізаваны шляхам далучэння да Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. З 1 верасня 2017 года каледж працуе як яго філіял.
Спецыяльнасці Падрыхтоўка вядзецца на дзённай і завочнай формах навучання, на бюджэтнай і камерцыйнай асновах. Каледж мае тры аддзяленні: бухгалтарскае, эканамічнае і банкаўскае.
Навучэнцы атрымліваюць падрыхтоўку па спецыяльнасцях: «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці на прадпрыемствах гандлю»; «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль»; «Банкаўская справа»; «Камерцыйная дзейнасць».
Штогод ажыццяўляецца прыём каля 320 чалавек.
Інфраструктура У распараджэнні каледжа два вучэбныя карпусы агульнай плошчай каля 6000 м², што дазваляе арганізаваць навучальны працэс у адну змену па пяцідзённым графіку. Для іншагародніх навучэнцаў ёсць два інтэрнаты на 940 месцаў, што дазваляе забяспечыць жыллём усіх ахвотных.
Створаны спецыяльныя кабінеты і лабараторыі, максімальна набліжаныя да ўмоў працы ў галіне: «Вучэбная крама», «Вучэбная бухгалтэрыя», «Вучэбны банк», а таксама лабараторыя інфармацыйных тэхналогій.
Супрацоўніцтва Навучэнцы праходзяць вытворчую практыку на буйных прадпрыемствах гандлю — ААТ «Вялікая Крыніца», ААТ «Дзіцячы свет», АДА «КамРадГандаль» і інш., у гандлёвых арганізацыях Гродна, Брэста, Мінска. Па банкаўскіх спецыяльнасцях практыка арганізуецца ў Беларусбанку, Белінвестбанку, МТБанку і іншых.
Педагагічны склад У філіяле працуе 59 выкладчыкаў, з якіх 89,6 % маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Больш за 20 выкладчыкаў з’яўляюцца выпускнікамі самога каледжа.
Дырэктары 1947—1974 — Адам Антонавіч Касабуцкі 1974—1989 — Павел Трафімавіч Марчанка 1989—2012 — Зінаіда Мікалаеўна Шляхцюк З чэрвеня 2012 — Аляксандр Браніслававіч Аліевіч
Крыніцы
Спасылкі Афіцыйны сайт Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа
Катэгорыя:Каледжы Беларусі Катэгорыя:Адукацыя ў Навагрудку Катэгорыя:1947 год у Беларусі