Іва́н Шчы́рскі, у манастве з 1689 — Інакенцій (каля 1650—1714) — гравёр па медзі эпохі барока, які належаў да школы А. Тарасевіча, царкоўны і культурны дзеяч.
Паходзіў, верагодна, з Чарнігава. Адукацыю атрымаў у Чарнігаўскага калегіума, дзе выкладаў у 1707—1709 гадах. У 1680—1683 гадах Шчырскі працаваў у Вільні, з 1683 года ў Чарнігаве і з 1689 года — у Кіева-Пячэрскай лаўры, не парываючы з Чарнігавам.
У 1690-х гг. Шчырскі заснаваў Любецка-Антоніеўскі скiт-манастыр і стаў яго ігуменам. Пры падтрымцы І. Мазепы ў 1711 годзе збудаваў царкву Св. Ануфрыя ў Любечы каля Чарнігава, дзе і памёр.
Жывучы ў манастыры, Шчырскі працаваў для друкарняў Кіева і Чарнігава. З мастацкай спадчыны віленскага перыяду вядомыя: тытульны аркуш панегірыка ў гонар Я. Агінскага (1680), гравюра-медзярыт Іаана Златавуста і эмблема-нацюрморт (1682).
Да найлепшых прац Шчырскага адносяць 8 медзярытаў да чарнігаўскага выдання панегірыка Л. Кржановіча ў гонар епіскапа Лазара Барановіча («Redivivus phoenix», 1683) і тры медзярыты да падручніка рыторыкі («Ilias oratoria», 1698) таго ж аўтара. Найвядомейшы тэзіс Шчырскага, выкананы ў традыцыях іканастаса, прысвечаны рэктару Кіеўскай акадэміі П. Калачынскаму (1697—1702), у цэнтры якога паказана група студэнтаў на чале з рэктарам, на фоне будынка Акадэміі. Узорам барочнай кампазіцыі Шчырскага з’яўляецца тэзіс І. Абідоўскага ў гонар Азоўскай кампаніі (1688—1691) з сімвалічнымі і алегарычнымі постацямі, эмблемамі, дэкаратыўнымі рамкамі і інш.
7 вялікіх медзярытаў Шчырскага ўпрыгожваюць панегірык С. Яворскага, прысвечаны І. Мазепу «Echo głosu wołającego na puszczy» (польска-лацінскі друк Кіева-Пячэрскай лаўры, 1689). Форта і тры медзярыты Шчырскага аздабляюць панегірык І. Арноўскага ў гонар палкоўніка Г. Дзянец-Захаржэўскага «Bogaty Wiridarz» (1705). З таго ж года паходзяць 2 гравюры Шчырскага ў брашуры «Зерцало от писанія божественнаго…» з гербамі І. Мазепы і І. Максімавіча. І. Мазепу Шчырскі ўшаноўваў вялікафарматнай гравюрай Св. Ануфрыя.
Шчырскі працаваў пераважна ў панегірычнай графіцы ў тэхніцы медзярыту, якую ўпершыню выкарыстаў у кірылічным выданні твора Л. Барановіча «Благодать и истина …» (1683). Афортам і дрэварытам карыстаўся вельмі рэдка. Для кніг выконваў галоўным чынам тытульныя форты, франтыспісы, нешматлікія ілюстрацыі, дэкаратыўныя арнаментальныя рамкі, канцоўкі. Яго вялікая мастацкая спадчына толькі часткова ідэнтыфікаваная.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Постаці Чарнігава Катэгорыя:гравёры Украіны Катэгорыя:Гравёры Вялікага Княства Літоўскага