Міхаіл Тышкавіч (да 1519 — 1552) — дваранін гаспадарскі (зг. 1533—1550), ротмістр (1552).
Біяграфія Малодшы сын кіеўскага баярына Тышкі Каленікавіча. Разам з чатырма братамі Тышкавічамі служыў пры двары вялікага князя Жыгімонта Старога. З атрыманага ў спадчыну па бацьках вядома толькі сяло Слабадзішча на Жытоміршчыне.
Упершыню згаданы пад 1533 годам, калі атрымаў дазвол вялікага князя ажаніцца з удавой Міхаіла Глінскага. Шлюб палепшыў маёмасны стан Тышкавіча, жонка пасагам прынесла маёнткі ў Ваўкавыскім павеце — Цецераўку і Краснае, спадчыну ад першым мужы.
Пасля Віленскага сейма 1534 года Міхаіл Тышкавіч развозіў шляхце на Валыні лісты з Канцылярыі пра збор сярэбшчыны. У 1537 годзе паехаў паслом да хана Сахіб-Гірэя ў Крым з прапановай сяброўства і «упамінак» паводле «ўмовы», дасягнутай раней вялікалітоўскім паслом Анікеем Гарнастаем. Хан адхіліў прапанову, спасылаўся на змену абставін, тады ён змагаўся з пляменнікамі, а цяпер уся арда ў яго руках. Сахіб-Гірэй затрымаў Тышкавіча і выставіў Жыгімонту новыя патрабаванні, якія абмяркоўваліся на Наваградскім сойме восенню 1538 года. Адказ вялікага князя быў непахісным, ён настойваў на заключэнні міру паводле папярэдняй дамоўленасці, пацвердзіў згоду на выплату «ўпамінак», а менавіта сукнаў, што вёз Тышкавіч, але часова пакінуў у Кіеве, адзначыў, што гатовы і да вайны. Хан вагаўся, супраць усіх звычаяў, не адпускаў пасла, але даў яму «легкость», імаверна, каб узяць большы выкуп. Урэшце, Сахіб-Гірэй заключыў мір і адпусціў Тышкавіча, ён вярнуўся на радзіму ў пачатку 1540 года.
У 1537 годзе Жыгімонт, надаў Міхаілу Тышкавічу, які служыў «от давних часов» «дварэц» з людзьмі і землямі ў Троцкім павеце, які перад тым «без данины господарской» трымаў баярын Міхаіл Пашыч, а троцкі ваявода Ян Янавіч Забярэзінскі «того ся достаточно доведавши» ў Пашыча маёнтак адабраў.
Пашыч не змірыўся са стратай, 27 лютага 1550 года Тышкавіч явіўся перад спраўцам Віленскага ваяводства Іванам Гарнастаем і запісаў да кніг гродскіх скаргу на двух людзей за падпал свайго маёнтка на рацэ Бярсецы пад Эйшышкамі. Схопленыя людзі прызналіся перад віжам і «стараной добрымі людзьмі», што падпалілі на загад свайго пана Пашыча. Былі вызначаны «шкоды» ад пажару: «дом один на гридьни выгорел, а иньшие дей хоромы разметаны и попалены, а у в одной светлицы дей было на гвозде повешено осьмнадцать панцырев, а два бехтерика, наручья четверы, а двоих мисурских прилбиц, и шоломцов всех было полчетверта десят, а в коморе дей было осьм тегиляев полуотласовых, а пять камчатых, а к тому седлы и узды». Імаверна, гэты маёнтак быў галоўнай сядзібай Міхаіла Тышкавіча.
Мацвей Любаўскі звярнуў увагу на разнастайнасць вайсковай амуніцыі ў адным з пакояў згарэлага будынка. Што не дзіўна, у 1552 годзе Міхаіл Тышкавіч як ротмістр з нанятай коннай ротай, разам з іншымі ротмістрамі стаяў каля Кіева пад камандаваннем свайго брата Васіля Тышкавіча, а потым у 1552 годзе на Падоллі. Каспар Нясецкі называў Міхаіла Тышкавіча «слаўным у рыцарскіх справах», палкоўнікам і стражнікам. Магчыма, гэтага звання і ўраду Тышкавіч дасягнуў пад канец жыцця.
Сям’я З 1533 года ў шлюбе са старэйшай за сябе ўдавой князя Міхаіла Іванавіча Глінскага — у крыніцах называнай і Петранелай, і Сафіяй, і Пятрухнай Пятроўнай — дачкой пана Астафія Яцыніча.
Паводле Каспара Нясецкага, у гэтым шлюбе нарадзілася 6 сыноў — Юрый, Іван, Стрэт, Іосіф, Рыгор і Міхаіл.
Крыніцы
Літаратура
</ref>
Катэгорыя:Тышкевічы Катэгорыя:Памерлі ў XVI стагоддзі