«This Boy» () — песня гурта The Beatles. Выпушчана 29 лістапада 1963 года лэйблам Parlophone на баку «Б» сінгла «I Want to Hold Your Hand». The Beatles упершыню выканалі песню на канцэрце 16 лютага 1964 года, падчас свайго другога выступу ў ЗША на «Шоў Эда Салівана». Увайшла як трэці трэк на першым баку выпушчанага ў Амерыцы альбома Meet The Beatles!. Пасля рэмастэрынгу, праведзенага гукарэжысёрам і прадзюсарам The Beatles Джорджам Марцінам для выдання на CD-дыску, «This Boy» была выпушчана ў 1988 годзе на зборніку Past Masters, Volume One. 9 верасня 2009 года была перавыдадзена на камплекце з двух CD Past Masters як частка рэмастыраванага лэйблам EMI поўнага выдання ўсяго каталога запісаў The Beatles; увайшла ў адпаведных версіях у бокс-сэты гэтага выдання — The Beatles Stereo Box Set і The Beatles in Mono.
Стварэнне песні Стварэнне гэтай песні было спробай Джона Ленана напісаць песню ў стылі зоркі амерыканскага лэйбла Motown Смокі Робінсана. Блізкая па гучанні яго песня «I’ve Been Good To You», у якой былі падобныя ў цыркуляванні «ду-воп» змены акордаў, мелодыя і аранжыроўка. Пол Мак-Картні адзначаў, што на Ленана паўплываў і хіт гурта The Teddy Bears 1959 года «To Know Him Is to Love Him». Ленан, Мак-Картні і Джордж Харысан сумесна спявалі складаныя трохгалосныя акорды ў куплетах і прыпеве (першапачаткова сярэдняя секцыя песні пасля другога куплета была задумана як гітарнае сола, але гэта было зменена ў працэсе запісу), і падобная тэхналогія напісання песень прымянялася ў працы The Beatles пазней, як, напрыклад, у песнях «Yes It Is» і «Because».
Песня, асноўная танальнасць якой рэ мажор, круціцца вакол паслядоўнасці тонаў (у стылі 1950-х) I-VI-II-V у памеры 12/8, затым пераходзіць у сярэднюю секцыю, дзе праходзіць паслядоўнасць акордаў G-F#7-Bm-D7-G-E7-A-A7, а затым вяртаецца назад для апошняга куплета і завяршэння песні на заціханні.
Інструментальная версія песні, у аркестроўцы, напісанай Джорджам Марцінам, выкарыстоўваецца ў фільме «Вечар цяжкага дня» ў якасці фонавай музыкі, якая суправаджае сцэну шпацыру Рынга па горадзе і беразе ракі. Гэтая аркестровая п'еса пад назвай «Ringo’s Theme (This Boy)» была выпушчана 7 жніўня 1964 года на сінгле з песняй «And I Love Her» (на баку «Б») у Вялікабрытаніі, але ў брытанскія чарты сінглаў не трапіла; аднак у амерыканскім чарце сінглаў American Top 100 сінгл крыху пазней у гэтым жа годзе падняўся да 53-га месца. Аркестровая п'еса ўвайшла ў альбом Джорджа Марціна Off the Beatle Track, выдадзены лэйблам Parlophone, і ў міні-альбом (EP) Music From A Hard Day’s Night з запісамі George Martin Orchestra, які выйшаў 19 лютага 1965 года. П'еса таксама ўвайшла (у ліку іншых аркестровых п'ес) на другі бок у амерыканскую версію альбома A Hard Day’s Night.
Запіс песні The Beatles запісалі песню «This Boy» 17 кастрычніка 1963 года. Таго ж дня імі былі запісаны песня «I Want To Hold Your Hand», першы калядны сінгл гурта для іх фан-клуба, і версія песні «You’ve Really Got a Hold on Me».
Было запісана 15 дубляў песні, а затым два накладанні. Песня была запісана з фіксаваным завяршэннем мелодыі і акампанементу (як яна выконвалася пазней на канцэртах), але падчас мікшыравання 21 кастрычніка 1963 года заканчэнне песні было зроблена ў форме заціхання. Канчатковая майстар-версія была зроблена шляхам спалучэння разам двух дубляў, са склейкай паміж сярэдняй секцыяй і фінальным куплетам (1 хвіліна 28 секунд ад пачатку трэка).
Таксама афіцыйна выдаваліся і альтэрнатыўныя запісы гэтай песні. Версія «жывога» выканання песні на тэлешоў Two of a Kind у 1963 годзе была выдадзена на зборніку Anthology 1; таксама (як кода ў песні «Free as a Bird», выдадзеная на сінгле ў 1995 годзе, а затым на Anthology 1) былі выдадзены два няпоўныя дублі з зыходнай сесіі гуказапісу 1963 года (нявыкарыстаная ў выніку заціхання канцоўка).
Склад удзельнікаў запісу Джон Ленан — двойчы запісаны і зведзены сола-вакал, акустычная гітара Пол Мак-Картні — двойчы запісаны гарманічны вакал, бас-гітара Джордж Харысан — двойчы запісаны гарманічны вакал, сола-гітара Рынга Стар — барабаны
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:The Beatles