Двурэ́чча — колішні маёнтак у Ігуменскім павеце, пазней пасёлак у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Пціч. Месціўся пры дарозе паміж Шалягамі і Варонічамі.

Гісторыя Маёнтак вядомы прынамсі з сярэдзіны XIX стагоддзя, у 1850 годзе ўласнасць Атаназія (Афанасія) Ануфрава ШышкіНГАБ 333_9_651. Ревизские сказки о помещичьих крестьянах Игуменского уезда 1850 г. Литеры «Р»—«Я»., у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Напісанне іншымі мовамі — , , , . Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета. У 1876 годзе ўласнікам быў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Людвіг Атаназевіч (Афанасевіч) Шышка, права валодання перайшло ў спадчыну, было 374 дзесяціны зямлі, гаспадаркай займаўся арандатар.

У 1889 годзе ўласнасць двараніна рыма-каталіцкага веравызнання Льва Казімірава Дрыжынскага (памылкова таксама Дружынскі), было 387 дзесяцін. Леў Казіміраў Дрыжынскі быў сынам Антаніны Атаназеўны з Шышкаў і Казіміра-Юзафа Янавіча Дрыжынскага (1813— да 1852; службоўца Мінскага межавога апеляцыйнага суда на 1832 год). Клеменс-Леан-Ян Дрыжынскі (нар. 1843) быў вайскоўцам, на 1876 год штабс-капітанам 48-га Адэскага пяхотнага палка, камандзірам 1-й роты, жонка Караліна Невядомская.

У 1913 годзе ўласнасць Уладзіміра Дрыжынскага (нар. 1874), было 344 дзесяціны. У маёнтку была вінакурня ўласнасці Уладзіміра Дрыжынскага, арандатар У. Доўнар.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёмасць нацыяналізаваная, створаны пасёлак Ульянава. У 1926 годзе было 8 двароў, у 1939 годзе 9 двароў.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

У наш час не існуе.

Насельніцтва

1908 год — 1 двор, 6 жыхароў 1917 год — 1 двор, 21 жыхар, усе палякі

Крыніцы

Літаратура