Іван Іванавіч Чумачэнка (; ) — украінскі паэт, абаронца Брэсцкай крэпасці.

Біяграфія Нарадзіўся 1 студзеня 1918 года ў вёсцы Курманы (цяпер — Сумская вобласць Украіны). У 1938 годзе скончыў біялагічны факультэт Сумскага педагагічнага інстытута. Працаваў выкладчыкам біялогіі педагагічнага вучылішча ў Казалінску ў Казахстане. Ажаніўся са сваёй студэнткай Марыяй Каркмасавай.

У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную армію, служыў у 393-м асобным зенітна-артылерыйскім дывізіёне 42-й стралковай дывізіі, быў камандзірам батарэі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны адступаў з Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе. Прапаў без вестак на фронце ў снежні 1941 года1 снежня 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Чумачэнкі (1918—1941), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта.

Творчасць Адзіны зборнік вершаў Івана Чумачэнкі «Поезії» выйшаў у выдавецтве «Молодь» (Кіеў) у 1970 годзе. Перад вайной ён адаслаў гэтыя вершы ў харкаўскі «Літературний часопис», дзякуючы чаму яны захаваліся. Пісаў пра родны край, казахскія стэпы і таджыкскія горы, куды ў час працы ў Казахстане хадзіў як турыст. Напісаў паэму «У стэпе» пра высылку Тараса Шаўчэнкі. Прынамсі восем вершаў зборніка напісаныя ў часе службы ў Брэсце ў 1940 годзе. Вершы, напісаныя ў арміі, адрознівае мужная, строгая інтанацыя, у іх паэт не толькі сумуе аб родным краі, але ўсхвалявана апявае людзей смелых і моцных, якія ахоўваюць шчасце і пакой.

Рукапісы яго твораў захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры імя Т. Шаўчэнкі ў Кіеве. На беларускую мову вершы Івана Чумачэнкі перакладалі Міхась Рудкоўскі, Мікалай Пракаповіч, Алесь Каско.

Крыніцы

Літаратура Недопетая песня: [о поэте И. Чумаченко] / Е. Тростанецкий // Юность. 1970. № 11. — С. 98-99. …І ўзраслі дрэвы і кветкі: [пра паэта І. Чумачэнку] / Антон Цвыд // Звязда. 1994. 2 ліпеня. — С. 4. Чумачэнка Іван Іванавіч / А. В. Башчук // Памяць. Брэст: гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. — Мінск, 2001. Кн. 2. — С. 656.

Спасылкі kb.brl.by

Катэгорыя:Украінамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Удзельнікі абароны Брэсцкай крэпасці