Лідзія Гарбачова, укр. Лідія Горбачева (31 снежня 1890, Кацярынаслаў — ?) — пісьменніца-феміністка, настаўніца, актывістка жаночага руху Брэста.
Біяграфія У 1918—1919 працавала выкладчыцай украінскай мовы ў падрыхтоўчым класе прыватнай жаночай гімназіі А. Пятровай у Кацярынаславе (суч. Дніпро, Украіна), удзельніца Кацярынаслаўскай настаўніцкай суполкі (1918—1919), выкладчыца ўкраінскай мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Сурска-Міхайлаўскай рэальнай гімназіі (восень 1919 года).
У 1920—1930-х гадах настаўніца рускай прыватнай гімназіі Брэста і прыватнай украінскай школы імя Алексы Старажэнкі ў Брэсце.
У 1924 годзе арганізавала святкаванне Шаўчэнкаўскіх дзён у расійскай прыватнай гімназіі Брэста. У 1927 годзе выкладала ўкраінскую мову і літаратуру на культурна-асветніцкіх курсах «Просвіты на Поліссі».
У 1934 годзе, пасля арышту дырэктара прыватнай украінскай школы імя Алексы Старажэнкі ў Брэсце Паўла Артэмюка, стала выконваць абавязкі дырэктара.
Пісала для жаночага друку Польшчы.
Актывістка брэсцкіх жаночых арганізацый. Разумеючы, што ўлады не дапусцяць легальнай дзейнасці Саюза ўкраінак на Брэстчыне (яго цэнтр знаходзіўся ў Львове, а галіцкім арганізацыям забаранялася адкрываць філіялы за межамі Галічыны) брэсцкую філію арганізацыі назвалі Жаночым гуртком пры «Просвіті на на Поліссі». У 1937 годзе ўлады ліквідавалі брэсцкую «Просвіту» — і фармальнай падставай стала выкрыццё незарэгістраванага аддзялення «Саюза ўкраінак».
Прадстаўніца Палесся на Першым ўкраінскім жаночым кангрэсе, які прайшоў 23-27 чэрвеня 1934 года ў Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск, Украіна). Удзельніцамі сталі некалькі соцень украінак з усяго свету, якія ўдзень чыталі даклады на актуальныя тэмы, а ўвечары пілі чай і ўдзельнічалі ў культурнай праграме, падрыхтаванай таксама жанчынамі.
Напісала «Азбуку жаночага руху», якая выйшла друкам у 1937 годзе. У кнізе разважае пра асвету для жанчын, фарміраванне нацыянальнага светапогляду. Пабудаваная па прынцыпе “пытанне-адказ”, “Азбука” імкнецца патлумачыць шырокаму колу жанчын сутнасць паняцця “жаночы рух”, яго гісторыю і адказаць на пытанні “Ці патрэбна жанчыне адукацыя?” “Чаму трэба шанаваць родную мову?”, “Як выхоўваць дзяцей?”«Пра якую свабоду можа думаць жанчына, калі яна сама рабыня ў сваім доме? А адкуль прыйдзе мудрасць народу, калі палова народу (то-бок жанчыны) цёмная і неадукаваная? Хіба невук можа выхаваць, прасвяціць іншых? Таму якія жанчыны – такі і народ!»6 ліпеня 1941 года ў Львове падпісала дакумент «Творчыя сілы ўкраінскага народа аб'яднаны ў адзін агульны фронт для будаўніцтва ўласнага дзяржаўнага жыцця», у якім заклікала ўсіх украінцаў аб'яднацца вакол Дзяржаўнага кіраўніцтва, створанага Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў-рэвалюцыянераў 30 чэрвеня 1941 года.
У ліпені 1941 года была арыштаваная нацысцкай адміністрацыяй разам з іншымі прыхільнікамі абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Украіны. Вызвалена з турмы 17 верасня 1941 года. Апошні дакументальна вядомы факт пра Лідзію Гарбачэўскую — у снежні 1941 года яна прысутнічала на пахаванні піяністкі Вольгі Цыпаноўскай.
Сям’я Мела трох дзяцей, якія ў міжваенны час вучыліся ў прыватнай рускай гімназіі Брэста.
Муж — Канстанцін Гарбачоў, інжынер-меліяратар, родам з Разаншчыны, працаваў у Бюро праектаў меліярацыі Палесся. Лідзія і Канстанцін развяліся напярэдадні Другой сусветнай вайны.
У Брэсце жыла па адрасе Длуга, 14 (цяпер вул. Куйбышава, 10).
Зноскі
Катэгорыя:Нарадзіліся 31 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1890 годзе Катэгорыя:Постаці Брэста Катэгорыя:Постаці фемінізму Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі