Постканструктывізм — назва стылю савецкай архітэктуры, абмежаванай часовымі рамкамі 1930-х гадоў, калі пад уплывам палітычных і ідэалагічных фактараў адбываўся пошук архітэктарамі новай формы і дэкаратыўнай выразнасці архітэктуры — пераход ад канструктывізму да савецкага неакласіцызму.

Тэрмін з’яўляецца складаным словам і складаецца з лац. post «пост» = «пасля» + «канструктывізм» ў значэнні: «архітэктурны стыль, наступны (па часе і спадчынных прыкметах) пасля канструктывізму». 

Назва пераходнага архітэктурнага стылю прапанавана гісторыкам архітэктуры Хан-Магамедавым. Рамкі постканструктывізму вызначаюць перыядам 1932—1937, аднак працяглыя тэрміны будаўніцтва і велізарныя памеры СССР дазволілі працягнуць яго да 1941 года.

Існаванне гэтага стылю відавочна, аднак прапанаванае Хан-Магамедавым тлумачэнне яго эвалюцыі як натуральнага працэсу ўнутры архітэктурнай супольнасці, а не вынікам палітычнага кірунку (лініі) партыі ВКП(б) і савецкай дзяржавы, не адпавядае рэчаіснасці і пазней было аспрэчана і ўдакладнена.

Постканструктывізм ці Савецкае ар-дэко Некаторыя даследчыкі пазіцыянуюць постканструктывізм, як савецкі кірунак ў ар-дэко. Хоць вызнаюць, што гэта не быў натуральны працэс развіцця архітэктуры ці непасрэднае запазычанне заходняга стылю, хоць той і абапіраўся на яго прыёмы і формы. Ён быў у значнай ступені перапрацоўкай і адаптацыяй ва ўмовах новай сацыяльнай, ідэалагічнай і мастацкай рэальнасці.

Даследнік Дзмітрый Хмяльніцкі адзначае, што выкарыстанне азначэння «савецкае ар-дэко» мае на мэце пазбаўленне савецкай архітэктуры ідэалагічнага, аўтарытарнага кантэксту і ўцягванне яе ў міжнародны кантэкст. «Ар-дэко» асацыюецца з вольнай заходняй архітэктурай 1920-30-х гадоў, «раскошай», модай, стылем, які мае міжнародны кантэкст. У той жа час «сталінская архітэктура» або «сталінскі ампір» нясуць негатыўныя асацыяцыі. Хмяльніцкі крытыкуе такую падмену паняццяў, бо стыль ар-дэко, якія ненадоўга стаў папулярным у архітэктуры краін захада 20-30-х гадоў, і быў натуральным варыянтам позняга мадэрну з класіцыстычнымі элементамі, не меў непасрэднага дачынення да цалкам ізаляванай сталінскай архітэктуры, якая выключна палітызаваная, развівалася па сваіх спецыфічных законах і зацвярджалася на вышэйшым палітычным узроўні. Заходняя архітэктура ар-дэко была натуральнай паўнавартаснай з’явай. За ёй стаялі свабоднае прасторавае мысленне, свабода ў вырашэнні функцыянальных і канструктыўных задач, свабода выбару дэкору. За сталінскай архітэктурай — толькі ўніфікаваныя цэнзурай схемы і кампазіцыйныя прыёмы; часам дазволеным аб’ектам стылізацый станавіліся заходнія будынкі, якія прынята адносіць да архітэктуры ар-дэко.

Перадумовы 28 лютага 1932 года была выдадзена пастанова «Аб арганізацыі працы па канчатковай распрацоўцы праекта Палаца Саветаў», у якой падкрэслівалася, што «пошукі павінны быць скіраваныя на выкарыстанне як новых, так і найлепшых сродкаў класічнай архітэктуры». Гэта стала сігналам да змены кірунку творчых пошукаў многіх архітэктараў у бок засваення класічнай спадчыны.

На думку гісторыка сталінскай архітэктуры Д. Хмяльніцкага, «паміж лютым і чэрвенем 1932 года ў СССР адбылася татальная архітэктурная рэформа. Абвяшчэнне вынікаў конкурсу на Палац Саветаў 28 лютага 1932 года азначала канец сучаснай архітэктуры ў СССР. Да чэрвеня незваротнасць змен у афіцыйнай савецкай архітэктурнай эстэтыцы стала відавочнай для ўсіх. Канструктывізм быў фактычна забаронены да выкарыстання на тэрыторыі краіны. Менш чым праз год пасля правядзення мастацкай рэформы калонамі, карнізамі і барэльефамі пачалі абрастаць не толькі новыя, праектаваныя сталінскія будынкі, але і ўжо ўзведзеныя, канструктывісцкія».

Станаўленне Стылявая трансфармацыя не магла адбыцца імгненна і таму, што першапачаткова была няпэўнай глыбіня будучых змен. Невядома было, ці дастаткова дадаць калон і сімметрычных фасадаў да канструктывісцкіх будынкаў, ці патрабуецца прамое цытаванне форм антычных храмаў або палацаў у стылі паладыянства. Ва ўмовах таталітарнай сістэмы неабходна было дзейнічаць асцярожна, каб не апынуцца пад рэзкай крытыкай: яшчэ некалькі гадоў таму прыхільнікаў класічнай архітэктуры абвінавачвалі ў «архаізме» і «упрыгожванні», а ў асобных выпадках гэта прыводзіла нават да рэпрэсій. Адначасова празмернае захапленне дэкорам таксама лічылася непажаданым.

Таму стылявы пераход адбываўся паступова. Пакуль маладыя архітэктары засвойвалі класічныя элементы, старэйшыя паступова вярталіся да традыцый класіцызму. Частка спецыялістаў перайшла да класічнай мовы адразу, іншыя эвалюцыянавалі павольней. У гэты ж перыяд многія знакавыя будынкі, першапачаткова ўзведзеныя ў стылі канструктывізму, былі перапраектаваныя з новым дэкаратыўным афармленнем. Значны ўплыў на фарміраванне постканструктывізму аказалі еўрапейскія ўзоры адміністрацыйнай (муніцыпальнай) архітэктуры, якія спалучалі ўтылітарна-спрошчаныя формы з асобнымі элементамі ар-дэко.

Афіцыйна перыяд постканструктывізму можна лічыць завершаным у 1937 годзе, калі ў чэрвені адбыўся Першы Усесаюзны з’езд савецкіх архітэктараў, дзе сацыялістычны рэалізм замацоўваецца як адзіны даступны «метад» праектавання, а архітэктура кунструктывізму і перыяд постканструктывісцкага пошуку1932-1937 гадоў былі рэзка разкрытыкаваныя. Аднак, вялікія памеры СССР, працяглыя тэрміны будаўніцтва ўжо распачатых будынкаў, адсутнасць выразных эталонных аб’ектаў і прыёмаў абумовілі энэртнасць постканструктывізму да 1941 года.

Асаблівасці стылю Постканструктывісцкія збудаванні можна ўмоўна падзяліць на два тыпы. Да першага адносяцца канструктывісцкія праекты, «апранутыя» ў дэкаратыўныя элементы. Найчасцей гэта прымянялася да аб’ектаў, якія ўжо былі спраектаваныя або пачалі будавацца, таму планіроўка будынкаў, памеры акон і агульная гарызантальнасць максімальна набліжаныя да канструктывізму. Да другога тыпу адносяцца творчыя эксперыменты. У некаторых выпадках атрымліваліся паспяховыя і выразныя будынкі, створаныя з выкарыстаннем, здавалася б, узаемна выключальных элементаў.

Пераважаючай у перыяд постканструктывізму тэндэнцыяй у творчасці архітэктараў было імкненне да ўмеранага «багацця» знешняга аблічча будынкаў, пераадолення «празмернага аскетызму» авангарднай архітэктуры. У постканструктывісцкіх будынках захоўваюцца асобныя элементы канструктывісцкага стылю: прамавугольныя парапеты на дахах; суцэльнае вертыкальнае шкленне лесвічных клетак; акцэнтацыя вуглоў будынкаў, вырашаных у выглядзе вертыкальных шкляных ліхтароў.

Адначасова характэрнымі прыёмамі фарміравання архітэктурнага аблічча становяцца: кесонныя скляпенні арак; развітыя дадатковыя карнізы з верхнім паверхам-атыкам над імі; адкрытыя абходныя лоджыі з калонамі на верхнім паверсе; безордарныя калоны квадратнага сячэння; выкарыстанне імітацыйнай рустыкі, настенных выяваў у тэхніцы сграфіта і яркіх колераў у спалучэнні з абавязковым белым. Ад ар-дэко, які падкрэслівае вертыкалі, постканструктывізм адрозніваецца пераважным імкненнем да гарызантальнай кампазіцыі.

Крыніцы

Катэгорыя:Архітэктура СССР Катэгорыя:Архітэктурныя стылі