Доманты, таксама Доманты-Машэнскія — княжацкі род уласнага герба (наканечнік стралы на двух маладзіках).

Паходжанне Паходжанне роду дакладна невядома. Паводле радавой легенды, Доманты разам з Гедройцамі паходзілі ад літоўскага князя Даўмонта і з Літвы перасяліліся на Кіеўшчыну.

Існуе меркаванне, што род паходзіць ад князёў Глінскіх. Другая частка прозвішча — Машэнскія — паходзіць ад маёнтка Мошны ў Чаркаскім павеце.

Прадстаўнікі Першы вядомы прадстаўнік роду — князь Васіль, які жыў на мяжы XV—XVI стагоддзяў і валодаў маёнткам Мошны. Ад першай жонкі меў сына Васіля, ад другой — Алены Глінскай, — дзвюх дачок, якія выйшлі замуж за Яна Келбоўскага і Міхаіла Грыбуновіча-Байбузу.

Васіль Васілевіч (? — пасля 1555) меў сына Рыгора і дачку Аўдоццю. Рыгор Васілевіч (? — пасля 1591) валодаў маёнткамі Мошны, Павуковічы, Домантаў Палескі (апошні прадаў у 1591 годзе), а таксама дварамі ў Кіеве і Чаркасах. Мошны ён прадаў князям Вішнявецкім. Пасля яго смерці астатнія маёнткі перайшлі да ўдавы Апалоніі з Тышаў-Быкоўскіх, якая ў 1640 годзе прадала іх князю Я. Вішнявецкаму. Пасля гэтага звесткі пра род Домантаў у крыніцах знікаюць.

Па-за асноўным радаводам вядомы князь Гарайн Домант, служэбнік падляшскага ваяводы В. Тышкевіча, які ў 1567 годзе завяшчаў князю баярскі двор Медухава каля Лагойска.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Княжацкія роды Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя