Галоўчыцкае, Галоўчыцы — вадасховішча ў Брэсцкай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Буг, за 18 км на паўднёвы захад ад горада Драгічын, каля аграгарадка Галоўчыцы (Драгічынскі раён). Пабудавана ў 1979 годзе.

Плошча 0,6 км², даўжыня 1,3 км, максімальная шырыня 0,6 км, максімальная глыбіня 4,7 м. Аб’ём вады 2,2 млн м³. Вадазбор (плошча 31,3 км²) раўнінны, слабараздзелены (разаранасць 20 %, залесенасць 15 %, забалочанасць звыш 50 %). Сярэдні гадавы сцёк 3,14 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 4,3 м.

Катлавіна амаль прамавугольнай формы. Паводле спосабу напаўнення — наліўное. Рэгуляванне сцёку па працягласці цыклу — сезоннае. Напаўняецца вадой з канала Галоўчыцкі, у выпадку недахопу вады — з Дняпроўска-Бугскага канала (за 2,5 км). Збудаванні гідравузла: агараджальная дамба (даўжыня 9,5 км), падвадны канал (з Дняпроўска-Бугскага канала), помпавая станцыя, вадаскід, 2 вадавыпускі, лоўчыя каналы.

Водзяцца шчупак, карась залаты і карась сярэбраны, плотка, карп, лінь, акунь.

Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення сельскагаспадарчых зямель, рэкрэацыі.

Спасылкі

Катэгорыя:Басейн Буга Катэгорыя:Вадасховішчы Драгічынскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1979 годзе