«Акты гістарычныя» () — зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй у Санкт-Пецярбургу ў 1841—1842 гадах у 5 тамах.

Выданнем актаў займаліся розныя члены археаграфічнай камісііАкты историческіе // Энциклопедический словарь, составленный русскими учёными и литераторами. — , 1861.. Яны ўключаюць расійскія гістарычныя акты, якія «тлумачаць з аднаго боку падзеі гістарычныя, а з другога боку дзяржаўны лад і кіраванне»З прадмовы да першага тома «Актаў археаграфічнай экспедыцыі»..

Структура Матэрыялы выдання згрупаваны ў 5 тамах па храналагічным прынцыпе: Том 1. 1334—1598 гады. Том 2. 1598—1613 гады. Том 3. 1613—1645 гады. Том 4. 1645—1676 гады. Том 5. 1676—1700 гады.

Дадаткова ў 1843 годзе ў Санкт-Пецярбургу былі выдадзены імянны і геаграфічны паказальнікі да «Актаў…».

Змест У зборніку змешчаны крыніцы па сацыяльна-эканамічнай, палітычнай, дыпламатычнай і ваеннай гісторыі, а таксама па гісторыі рускай царквы. Сярод апублікаваных дакументаў: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў XIV—XV стагоддзяў; даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам; устаўныя граматы і наказы ваяводам; дакументы пра збор дзяржаўных даходаў; Судзебнік 1497 года і Судзебнік 1550 года; пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазёрскі манастыр; урывак следчай справы пра С. Ц. Разіна і іншае.

Дапаўненні да «Актаў гістарычных» У 1846—1875 гадах выдаваліся «Дапаўненні да „Актаў гістарычных…“», якія з’яўляліся працягам асноўнага выдання. Падрыхтоўкай тэкстаў займаліся галоўным чынам Я. І. Бярэднікаў і М. А. Каркуноў.

Усяго ў 12 тамах было апублікавана каля 1800 дакументаў X—XVII стагоддзяў. Яны былі ўзятыя з архіваў і рукапісных збораў Імператарскай Публічнай бібліятэкі, Бібліятэкі Акадэміі Навук, Румянцаўскага музеума, Сінадальнай бібліятэкі, Сената, Міністэрства замежных спраў, Збройнай палаты, шэрагу манастыроў і губернскіх архіваў.

У 1848 годзе выйшлі «Дапаўненні да „Актаў гістарычных, якія адносяцца да Расіі“ / Сабраныя ў замежных архівах і бібліятэках і выдадзеныя Археаграфічнай камісіяй». Яны змяшчалі матэрыялы, якія ў асноўным адносяцца да гісторыі праваслаўя, каталіцтва і ўніяцтва на рускіх, украінскіх і беларускіх землях, а таксама ў Прыбалтыцы ў другой палове XIII — сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Крыніцы

Літаратура

Акты историческіе // Энциклопедический словарь, составленный русскими учёными и литераторами. — СПб, 1861.

Акты исторические // Советская историческая энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия, 1973—1982.

Спасылкі

Тэксты выданняў на сайце Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі

Катэгорыя:Гістарычная навука ў Расіі Катэгорыя:Выданні гістарычных крыніц Катэгорыя:Гісторыя права Расіі Катэгорыя:Археаграфічная камісія Катэгорыя:Кнігі 1841 года