Івянецкі завод мастацкай керамікі — прадпрыемства па вытворчасці керамічных вырабаў у Івянцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, размяшчаецца па адрасе вуліца 1 Мая, 42.

Гісторыя Заснаваны ў 1955 годзе ў гарадскім пасёлку Івянец на базе мясцовай арцелі як фабрыка мастацкай керамікі. Фабрыка вырабляла больш за 100 разнастайных відаў бытавых і дэкаратыўных вырабаў.

З 1978 года прадпрыемства ўваходзіла ў склад вытворчага аб’яднання «Белмасткераміка» і было перайменавана ў завод мастацкай керамікі. З 1990 года завод стаў самастойнай арганізацыяй канцэрна «Белмясцпрам». У 1999 годзе пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ).

З 2006 года ўваходзіць у склад дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белмастацпромыслы» (раней — канцэрн). На заводзе былі праведзены рэканструкцыя і рэарганізацыя.

Вытворчасць і прадукцыя Прадпрыемства складаецца з цэха па вытворчасці керамічных вырабаў, які ўключае масаванарыхтоўчае аддзяленне, участкі фармоўкі (прасаванне і ганчарны), размалёўкі і глазуравання, абпальвання, а таксама сарціроўкі і ўпакоўкі. Цэх аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе вырабляць высакаякасную прадукцыю.

Аснову асартыменту складаюць кашпо (керамічныя гаршкі для кветак) аб’ёмам 0,5—13,5 л, разнастайныя вазы і сувенірная прадукцыя. Частка вырабаў (каля 20 %) пастаўляецца на экспарт, асноўныя кірункі — Расія і Казахстан.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прадпрыемствы Мінскай вобласці Катэгорыя:Прадпрыемствы керамічнай прамысловасці Беларусі Катэгорыя:Кампаніі, заснаваныя ў 1955 годзе Катэгорыя:Івянец