Янка Кашкель, поўнае імя Іван (Ян) Мацвеевіч Кашкель () — беларускі мастак-графік, карыкатурыст, шаржыст.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1902 годзе, хутчэй за ўсё, у Мінску. Бацька, Мацвей Францавіч працаваў кур’ерам пры чыгунцы. Маці (імя невядома) была хатняй гаспадыняй. На 1921 год бацькі жылі ў роднай вёсцы Мацвея Кашкеля — Машніцы Менскай губерні, былі земляробамі, бо ўстанова, у якой працаваў бацька, была эвакуяваная. Мелі 1,87 дзесяціны зямлі і 1 галаву быдла.

Янка Кашкель скончыў I Мінскае вышэйшае пачатковае вучылішча. У 1918 годзе паступіў у механічны клас Менскага сярэдняга політэхнічнага вучылішча. У 1920 годзе перавёўся з вучылішча на механічны факультэт Менскага політэхнічнага інстытута (з 1922 года сельскагаспадарчы інстытут). Жыў у прыватнай кватэры па вуліцы Правіянцкай, 41-2.

У 1924 годзе атрымаў працу ў народным камісарцыяце гандлю Беларускай ССР, быў сябрам прафсаюза саўгандслужачых. У 1925 годзе, па пяці гадах вучобы ў сельскагаспадарчым інстытуце, перавёўся на першы курс прыродазнаўчага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).

Не пазней за 1926 год пачаў супрацоўнічаць з Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі. Прынамсі з снежня 1927 года супрацоўнічае з газетай «Зьвязда», малюе шаржы і карыкатуры. Супрацоўнічаў з часопісам «Беларускі піонэр». У 1929 годзе быў сябрам мастацкага таварыства «Прамень» пад кіраўніцтвам Аляксандра Ахола-Вало, займаў пасаду сакратара.

Паводле гісторыка Уладзіміра Валодзіна, у Кашкеля ўзнік канфлікт з ваенным кіраўніком БДУ Міхаілам Пятровым, бо Кашкель не наведаў ніводнага занятку вайсковай падрыхтоўкі і не здаў ніводнага заліку. У 1928 годзе прызваны на 2-месячныя летнія лагерныя вайсковыя зборы. Аднак на зборы не з’явіўся, 28 чэрвеня 1928 года быў выключаны з ўніверсітэта без права аднаўлення, пазней таксама асуджаны Народным судом 1-га ўчастка Менскай акругі на 25 рублёў штрафу паводле крымінальнай справы (артыкул 81, пункт «а»).

У 1930 годзе, прайшоўшы вайсковую службу, беспаспяхова спрабаваў аднавіцца ў БДУ. Супрацоўнічаў з газетай «Савецкая Беларусь» прынамсі да 1932 года. Паводле ўспамінаў мастака і мемуарыста Яўгена Ціхановіча, бацька Кашкеля валодаў вялікай крамай у часе НЭПу, за што мастак Янка Кашкель быў сасланы ў часе масавых рэпрэсій.

У 1939 годзе Янка Кашкель згадваецца ў лісце народнага камісара ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Цанавы да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, дзе Цанава паведамляе пра «няправільны» мантаж газеты «Правда» ў першамайскім нумары газеты «Звязда», праз што нумар «Звязды» быў канфіскаваны і перавыпушчаны ў новым клішэ. Паводле Цанавы, намеснік рэдактара Афенгейм і мастак Кашкель распрацоўваюцца лініяй 2 аддзела УДБ НКУС БССР. Невядома, чым скончылася справа.

За часамі нямецкай акупацыі Менска (28 чэрвеня 1941 — 3 ліпеня 1944) Янка Кашкель жыве ў горадзе, супрацоўнічае з «Беларускай газетай» і газетай «Голас вёскі». Паміж ліпенем 1944 года і лістападам 1945 года быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Далейшы лёс невядомы. Верагодна, загінуў у ГУЛАГу ў другой палове 1940-х — пачатку 1950-х гадоў.

Сям’я Вядома, што ў Янкі Кашкеля была жонка (нар. 1909) і сын (нар. 1937/1938).

Творчасць Карыстаўся крыптанімам «Я. К.».

У другой палове 1920-х гадоў супрацоўнічаў з часопісам «Беларускі піонэр», сталы супрацоўнік газеты «Зьвязда», дзе змяшчаў шаржы на культурных і палітычных дзеячаў Беларускай ССР, палітычныя карыкатуры на краіны Захаду. Афармляў вокладкі кніг: «Правы работніц і сялянак БССР» А. Калыгінай (1926), «Два марозы» ў апрацоўцы Якуба Коласа (1928), «Каталёг трэцяй Усебеларускай мастацкай выстаўкі ў Менску» (1929) і інш.

У 1930-я гады ў творчасці пераважала бальшавіцкая палітычная прапаганда, накіраваная на крытыку заходніх краін.

За часамі нямецкай акупацыі ілюстраваў беларускія мастацкія літаратурныя творы, маляваў культурных дзеячаў, працаваў у межах нацысцкай прапаганды.

Творчасць Янкі Кашкеля слаба даследавана.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Графікі Беларусі