Берліна або берлінка — гістарычны тып рачнога грузавога судна (барка) ва Усходняй Еўропе, з вострым носам, які выступае над кармой, і адной мачтай; пад ветразем маглі хадзіць і супраць плыні.
Апісанне Берліна мела ад 15 да 22 сажні даўжыні і ад 8 да 12 аршын шырыні, як і барка, пласкадоннае судна.
Грузапад’ёмнасць ад 5 да 25 тысяч пудоў (ад 80 да 400 тон).
Рухалася з дапамогай тычак, ветразяў, бічавой цягай або заводам якара. У апошнім выпадку адмысловы якар везлі на адлегласць каля 400 м ад судна чоўнам, скідалі на дно, а пасля падцягвалі за ім само суднаБудзьма беларусамі! " Антон Астаповіч: «Беларусь — краіна двух мораў». budzma.org..
Берліны будавалі з хваёвага ці яловага дрэва з дубовымі гакамі ў аснове, якія зваліся бацякамі.
Найбольшая працягласць службы берліны — 17 гадоў.
Верхнядняпроўскія берліны (якія хадзілі па Дзясне, Прыпяці, Бярэзіне і Сожы) былі даўжынёй ад 7,3 да 28,7 сажняў і шырынёй ад 0,9 да 10,0 сажняў, з асадкай без грузу 0,5—4,0 чвэрцяў і з грузам 3,0—10,0 чвэрцяў аршына, брала ад 500 да 45000 пудоў (амаль палова іх ад 5000 да 15000 пудоў), пры колькасці рабочых на судне ад 1 да 45 асоб (амаль у 3/4 ад 5 да 10). Неўскія берліны (басейн Свіры, Ладажскага каналу, Нявы і Волхава) былі пераважна буйных памераў, якія бралі ад 10000 да 40000 пудоў. Волжскія берліны (Волга, Шэксна і Сомінка) — сярэдніх памераў з грузапад’ёмнасцю 15000-20000 пудоў. У XIX стагоддзі берліны шырока выкарыстоўваліся таксама на Віслае і яе прытоках, Нараў, Сан і Заходні Буг. Польскі пісьменнік Вінцэнт Поль пісаў у сваім «Поглядзе на паўночныя схілы Карпат» (1851): «Ад Кракава па Вісле і ад Яраслава па Сану ходзяць галяры, шкуты, дубасы і берлінкі»Wincenty Pol, Rzut oka na północne stoki Karpat. — Kraków, 1851. — S. 45..
Мелі двухсхільны дах, а ўнутраная прастора дзялілася на 5 частак: гарышча, каюту, два аддзяленні для розных тавараў і паміж імі, на сярэдзіне берліны знаходзіцца месца для сцёку вады, званае «вуялаю». Каюта, у кармавой частцы берліны, была памяшканнем гаспадара, мела печ і дзялілася на дзве часткі — прыкаютнік і ўласна каюту.
Берліна мела адну мачту, звычайна з яловага дрэва, вышынёй ад 15 да 19 сажань, і пры ёй дзве рэі, адна для вялікага ветразя, а другая меншая, бычковая, для меншага ветразя, званага «бычком». Ветразяў бывала ад двух да чатырох, лічачы ў тым ліку і два бычкі.
Пры спадарожным ветры і з разгорнутымі ветразямі берліны за дзень праходзілі ўніз да ста кіламетраў, а супраць плыні — напалову менш. Каб ісці ўніз па рацэ, хапала шасці чалавек экіпажу. Уверх па рацэ нагружаную берліну вяла каманда з 20-30 рабочых, бо даводзілася часта браць у рукі шастыСрэбнакрылыя стужкі [Тэкст] / Уладзімір Ягоўдзік; фота І. Бышнева. — Мінск : Выдавец М. Ягоўдзік, 2010. — 10 с. ISBN 978-985-6691-22-8.
Выкарыстанне Гэты тып рачных судоў часцей за ўсё сустракаўся на Дняпры, дзе ў 1884 годзе хадзіла 729 берлін, або больш за 42 % агульнай колькасці суднаў, якія хадзілі, у басейне Дняпра, у тым ліку 646 вышэй за парогі.
У даволі значнасць колькасці сустракаліся ў Неўскім басейне (Свір, Ладажскі канал, Нява і Волхаў) — 417 (ці каля 7 % агульнай колькасці суднаў).
Больш рэдкія былі ў Волжскім басейне, дзе сустракаліся на Волзе, Шэксне, Коўжы і Сомінцы — 281 (каля 3 % усіх суднаў).
На Нёмане, Заходнім Бугу і Днястры колькасць берлін была нязначнай: у 1884 годзе іх там хадзіла 33, 16 і 21.
Будаўніцтва
Верхнядняпроўскія берліны будавалі ў Магілёўскай губерні на Холмінскай прыстані (Рэчыцкага павета), у Шклове (Магілёўскага павету) і Дуброўне (Горацкага павету). Волжскія берліны будавалі пераважна на Волзе — у Смярціна, на Шэксне — у Нікала-Абакумаўскай прыстані і Башарова (усе Рыбінскага павета Яраслаўскай губерні) і на прыстанях ракі Шулмы (Чарапоўскага і Белаазёрскага паветаў Наўгародскай губерні) і раці Коўжы (Кірылаўскага павета Наўгародскай губерні).
Крыніцы
Літаратура
Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношении, с двумя картами губернии и 17 резанными на дереве гравюрами видов и типов : в трех книгах / сост. по программе[, с предисл.] и под ред. пред. Могилевского губ. стат. ком. А. С. Дембовецкого. Кн. 1. — С. 200.
Катэгорыя:Тыпы парусных суднаў Катэгорыя:Старонкі з недагледжанымі перакладамі