Выка́знік — галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам.

Віды выказнікаў Паводле будовы ў беларускай мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.

У залежнасці ад выражэння асноўнага кампанента, які называе прэдыкатыўную адзнаку, выказнікі падзяляюцца на іменныя, дзеяслоўныя, змешанага тыпу.

Просты выказнік Простыя выказнікі з’яўляюцца найбольш пашыранымі. Яны падзяляюцца на дзеяслоўныя і іменныя. Просты дзеяслоўны выказнік выражаецца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі» (А. Русак). Просты іменны выказнік выражаецца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня» (Я. Брыль); «Неба сіняе, сіняе» (В. Каваль); «Хлеб у нас свой» (І. Шамякін).

Састаўны выказнік Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў ці іншыя часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З. Бядуля).

Выказальнае слова выражае асноўнае значэнне выказніка, а звязка служыць для сувязі выказальнага слова з дзейнікам і з’яўляецца паказчыкам часу, ліку, асобы, роду: Стаў барвовым дол зімовы (М. Калачынскі).

Складаны выказнік Складаны выказнік — гэта мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я. Колас).

Гл. таксама Каардынацыя

Крыніцы

Літаратура

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Катэгорыя:Члены сказа