Усходнееўрапе́йская шко́ла паліты́чных дасле́даванняў (УШПД; ) — адукацыйная праграма для маладых беларускіх лідараў, якая працуе з 2007 года. З'яўляецца часткай сеткі Школ палітычных даследаванняў, заснаванай Саветам Еўропы.
Мэты і дзейнасць Ідэя Школы — адкрыццё новых гарызонтаў і стварэнне магчымасцей для маладых лідараў, садзейнічанне іх супрацоўніцтву паміж сабой, з экспертамі і калегамі з іншых краін. Асноўная мэта, паводле дырэктара Аляксандра Дабравольскага, — прывіццё новай палітычнай культуры, заснаванай на ўзаемнай павазе, уменні слухаць і знаходзіць агульныя інтарэсы дзеля развіцця Беларусі.
Праграма прызначана для грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ва ўзросце да 35 гадоў, якія маюць дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх — прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, недзяржаўнага сектара, грамадскіх аб'яднанняў, дзеячы навукі і адукацыі, журналісты, палітыкі, эканамісты, юрысты.
Навучанне складаецца з трох трохдзённых сесій на працягу года, а завяршальнай падзеяй з'яўляецца ўдзел у Сусветным форуме за дэмакратыю ў Страсбургу.
Гісторыя Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў была заснавана ў 2007 годзе. Яна з'яўляецца адной з больш чым дваццаці падобных школ, створаных па ініцыятыве Савета Еўропы ў краінах былога сацыялістычнага лагера з мэтай падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў.
Нягледзячы на тое, што заяўка Беларусі на сяброўства ў Савеце Еўропы была замарожана ў 1997 годзе, Школа працягвае сваю дзейнасць, падтрымліваючы сувязі паміж еўрапейскай супольнасцю і беларускай грамадзянскай супольнасцю.
За час існавання Школа выпусціла больш за 350 выпускнікоў, сярод якіх — вучоныя, палітыкі, лідары няўрадавых арганізацый, прадпрымальнікі і журналісты.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Адукацыйныя праграмы Катэгорыя:Арганізацыі беларускай дыяспары Катэгорыя:Савет Еўропы Катэгорыя:Палітыка Беларусі