«Бясе́да» — ансамбль народнай музыкі Белтэлерадыёкампаніі. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь. Заснаваны ў студзені 1991 года кампазітарам, народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным, які з'яўляецца яго нязменным мастацкім кіраўніком.
Гісторыя Ансамбль быў створаны ў студзені 1991 года на базе Беларускага радыё. Касцяк калектыву склалі артысты ансамбля «Жывіца», які вярнуўся з гастроляў на запрашэнне беларускай дыяспары ЗША без кіраўніцы Валянціны Пархоменкі. Назву ансамблю прапанаваў спявак Якаў Навуменка.
Адной з першых стала песня «Каля Чырвонага касцёла» на словы Леаніда Пранчака пад аранжыроўку Юрыя Багаткевіча. У 1998 годзе баяніст Аляксандр Балотнік паклаў на музыку словы песні «Чарка на пасашок» Аляксандра Лягчылава, якая стала шлягерам «Бяседы».
Аднаўленнем акардэонаў, баянаў і гармонікаў для «Бяседы» займалася майстэрня «Музрам» Беларускага саюза музычных дзеячоў у Мінску. Да 2003 года скрыпкі і цымбалы, дудкі і жалейкі для ансамбля вырабляў Усевалад Жукоўскі, якога пазней замяніў яго сын Аляксандар.
Канцэртная дзейнасць 2007—2009 гады У чэрвені 2007 года «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас Фестывалю народнай музыкі ў Паставах. У ліпені ўдзельнічала ў запісе радыёспектакля «Паэт і дзяўчына» да 125-годдзя Янкі Купалы. У верасні ансамбль прыняў удзел у «Дажынках» з прэм’ерай песні «Аграгарадок» і даў сольны канцэрт у КЗ «Мінск». У кастрычніку выступаў на канцэрце да 10-годдзя Палаца Рэспублікі і на фестывалі Юрыя Башмета. У лістападзе іграў на канцэрце да 125-годдзя Якуба Коласа, а ў снежні — у Каракасе (Венесуэла).
У 2008 годзе ансамбль выступаў на юбілеі Мінскай вобласці, на «Славянскім базары ў Віцебску», на Дні беларускага пісьменства ў Барысаве і на «Дажынках». Вясной 2008 года быў створаны цыкл песень «З днём нараджэння, Перамога».
У чэрвені 2009 года Прэзідыум Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прысудзіў «Бяседзе» прэмію за папулярызацыю беларускай песні за мяжой.
2010-я гады У 2010-я гады калектыў актыўна выступаў на фестывалях «Залаты шлягер» у Магілёве (2011), «Славянскі базар» (2012), «Аўцюкі» (2012), Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбурге (2012). У 2013 годзе ансамбль прымаў удзел у фестывалі «Прымацкая бяседа» ў Міхалове (Польшча) і даў канцэрт памяці Якава Навуменкі.
У 2014 годзе «Бяседа» ўдзельнічала ў праекце «100 песень для Беларусі», фестывалі «Маладзечна» і гала-канцэрце да 89-годдзя Беларускага радыё. У 2015 годзе адбыўся гастрольны тур «Любіць Беларусь» па 18 гарадах краіны, а таксама выступы ў Польшчы.
2020-я гады У 2020 годзе ансамбль выступіў на фестывалі «Беларуская песня» ў Беластоку і «Кліч Палесся» ў Ляскавічах. У 2021 годзе — на фестывалі «Маладзечна» і канцэрце ў Палацы культуры МТЗ. У 2022 годзе калектыў запісаў новыя песні («Адлятаюць гусі», «Буйніцкае поле») і правёў шэраг канцэртаў і тэлевыступленняў.
Дыскаграфія У 2016 годзе да свайго 25-годдзя ансамбль выдаў альбом «Запаветны бераг» на кампакт-дыскуАнсамбль «Бяседа». Альбом «Запаветны бераг» [Электронны рэсурс] / маст. кір. Леанід Захлеўны, гукарэж. Д. Каршакевіч. — Мінск : Белтэлерадыёкампанія, 2016..
Склад Актуальны склад (на 2022 год) Леанід Захлеўны (мастацкі кіраўнік) Мікалай Алешка Таццяна Лазоўская Юлія Саўчанка Ігар Міхалькоў Ганна Алешка Сяргей Бяльцоў Валянцін Кірыленка Вольга Калавур Юлія Захарава Настасся Кулік
Былыя ўдзельнікі Якаў Навуменка Аляксандр Балотнік Валянціна Карэлікава Святлана Суседчык Наталля Раманская Анжэла Макарава
Узнагароды Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і самадзейнай творчасці (2009) — за канцэртную дзейнасць і папулярызацыю беларускай народнай песні за мяжой. Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (Леаніду Захлеўнаму за стварэнне цыкла песень для ансамбля). Мастацкаму кіраўніку Леаніду Захлеўнаму прысвоена званне «Народны артыст Беларусі» і ордэн Францыска Скарыны (2011), салісту Мікалаю Алешку — Медаль Францыска Скарыны (2014).
Крыніцы
Катэгорыя:Беларускія фолк-гурты Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з'явіліся ў 1991 годзе Катэгорыя:Заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Белтэлерадыёкампанія Катэгорыя:Музычныя калектывы Мінска