Дыя́рыуш (ад — дзённік) — жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў старажытнай беларускай і польскай літаратуры, у якім падзеі грамадска-палітычнага або прыватнага жыцця пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці ў форме датаваных запісаў праз суб’ектыўнае ўспрыняцце аўтара.
Гісторыя і развіццё У Вялікім Княстве Літоўскім дыярыушы ствараліся з XVI стагоддзя пераважна прадстаўнікамі шляхецкага саслоўя, якія адлюстроўвалі падзеі свайго гаспадарчага і асабістага жыцця, а таксама найбольш важныя палітычныя падзеі. На станаўленне жанру ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у XVI стагоддзі выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў, а таксама дзённікі соймаў і пасольстваў.
У другой палове XVI стагоддзя на змену традыцыйнаму летапісанню прыйшлі разнастайныя творы ў выглядзе аглядаў, хранографаў, сінопсісаў і сямейных дзённікаў. У XVII—XVIII стагоддзях у форме дыярыуша ствараліся дзелавыя і аўтабіяграфічныя запісы, журналы падарожжаў і ваенных паходаў, мемуары. Яны пісаліся па свежых слядах падзей і вылучаліся павышанай увагай да асобы чалавека, яго запатрабаванняў і сацыяльнага быту. Каштоўнай гістарычнай крыніцай з’яўляюцца соймавыя дыярыушы.
З сярэдзіны XVIII ст. дыярыушы ўсё больш выцясняліся ўспамінамі, заснаванымі на рэтраспектыўнай рэляцыі. У гэтай жанравай разнавіднасці вылучаліся ўспаміны-дзённікі, успаміны-раманы (напрыклад, у С. Р. Пільштын), успаміны-аўтабіяграфіі (кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі) і ўспаміны-генеалогіі (І. І. Ю. Храптовіч) і іншыя. «Дзённікі» Яна Хрызастома Пасэка, упершыню апублікаваныя праз 120 гадоў пасля смерці аўтара, у 1821 годзе, аказалі каласальны ўплыў на развіццё польскамоўнай гістарычнай прозы ХІХ і ХХ стагоддзяў.
Вядомыя дыярыушы ў беларускай літаратуры
Першым у ВКЛ дыярыушам аўтабіяграфічнага характару лічацца «Гістарычныя запіскі» Фёдара Еўлашоўскага (канец XVI — пачатак XVII ст.). Дыярыуш Афанасія Філіповіча (1-я пал. XVII ст.) — першы твор гісторыка-мемуарнага жанру на беларускай мове, які мае адпаведны загаловак «Дыярыуш». Першымі мемуарнымі дыярыушамі на польскай мове ў ВКЛ былі дзённікі бацькі і сына Самуіла і Багуслава Маскевічаў. Дыярыуш Самуіла Маскевіча, апроч таго, вылучаецца высокім мастацкім майстэрствам. Да жанру таксама належаць творы І. Будзілы, Я. П. Сапегі, Я. А. Храпавіцкага, Я. У. Пачобута-Адляніцкага, С. Незабітоўскага, Я. Цадроўскага, сямейная хроніка Абуховічаў, дыярыушы Ф. Шырмы і іншыя. Штодзённыя запісы нясвіжскага ардыната М. К. Радзівіла Рыбанькі займаюць 8 рукапісных тамоў (цалкам не выдадзены). Форму дыярыуша маюць Баркулабаўскі летапіс і запіскі Б. Радзівіла («З дыярыуша горада Слуцка»).
Замежныя і расійскія дзённікі Шмат дзённікавых запісаў і мемуараў пакінулі замежныя падарожнікі і паслы, якія праязджалі праз ВКЛ: У. Кокс, І. Бернулі, Ж. Э. Жылібер, Г. Форстэр, Г. Гейкінг, П. Кампенгаўзен і іншыя.
Дзеянні расійскіх войскаў у перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай адлюстраваны ў дзённіках расійскіх генералаў П. М. Крачэтнікава (1767—1768) і М. М. Крачэтнікава (1792), а таксама ў дзённіку капітана Маскоўскага грэнадзёрскага палка Гразева пра падзеі паўстання 1794 года ў Вільні і генерала А. І. Безбародкі пра знаходжанне караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гародні ў 1795—1796 гадах.
Гл. таксама Silva rerum
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя жанры Катэгорыя:Мемуарыстыка Катэгорыя:Старабеларуская літаратура Катэгорыя:Літаратура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Дыярыушы