Гершон Шофман () — яўрэйскі пісьменнік і перакладчык, які пісаў на іўрыце, зрэдку на ідышы. Вядомы перш за ўсё сваімі літаратурнымі мініяцюрамі.
Біяграфія Нарадзіўся 28 лютага 1880 года ў Оршы ў сям’і меламеда Залмана Шофмана. Першапачатковую адукацыю атрымаў у хедары ў свайго бацькі і дзеда, пазней працягнуў вучобу ў ешыбоце.
Самастойна вывучаў свецкія навукі. Авалодаў рускай мовай у 16 гадоў. Удасканальваў веды праз чытанне іўрыцкай і рускай літаратуры.
У 1899 годзе ў друку з’явіліся яго першыя тэксты, а праз тры гады выйшаў яго дэбютны зборнік апавяданняў «Апавяданні і малюнкі» («Сіпурым вэ-цый(ы)урым»). Нейкі час жыў у Варшаве.
У 1902—1904 гадах служыў у расійскім войску. Падчас службы ў Гомелі пазнаёміўся і пасябраваў з Уры Нісанам Гнесіным.
У 1904 годзе на пачатку руска-японскай вайны ўцёк з арміі ў Галіцыю і пасяліўся ў Львове, дзе заставаўся да 1913 года. За гэты час апублікаваў каля 50 апавяданняў, пісаў вершы, перакладаў, працаваў літаратурным крытыкам і рэдагаваў літаратурныя часопісы, у якіх, сярод іншага, апублікаваў першае апавяданне і верш на іўрыце маладога Уры-Цэві Грынберга. Атрымаў вядомасць як адзін з вядучых мадэрнісцкіх пісьменнікаў, якія пішуць на іўрыце.
У 1913 годзе з’ехаў у Аўстра-Венгрыю. Жыў у Вене.
У 1920 годзе ажаніўся з 20-гадовай аўстрыйкай, каталічкай Ганнай Планк, што вызначыла яго працяглае знаходжанне ў Еўропе (міжваенныя гады). У 1921—1938 гадах жыў з сям’ёй у вёсцы Вецальсдорф паблізу Граца, цікавіўся праблемамі ўзаемаадносін яўрэяў і неяўрэяў. Меў сына Машэ (Майсея) і дачку Эстэр.
У ліпені 1938 года з-за праследавання фашыстамі яўрэяў здзейсніў алію, рэпатрыяваўшыся ў Эрэц-Ісраэль. Жыў з жонкай і дзецьмі ў Тэль-Авіве і Хайфе.
Памёр 12 чэрвеня 1972 года ў Ізраілі.
Творчасць Аўтар прадмовы да першай кнігі Абрама Рэйзена «Цайт-лідэр» (1911).
У 1914 годзе ў Адэсе быў надрукаваны яго першы збор прозы.
У 1919 годзе ўдзельнічаў у выданні літаратурна-публіцыстычнага часопіса «Гвулот».
З 1919 года друкаваў свае творы і пераклады ў выданнях «Ха-Ткуфа» і «Міклат».
Вядомы ў першую чаргу літаратурнымі мініяцюрамі, рэфлексіўнымі дыдактычнымі замалёўкамі і лаканічнымі эсэ пра літаратуру і жыццё.
Творчасць Шофмана характарызуецца дакладнасцю і мінімалізмам. У сваіх апавяданнях ён пазбягае традыцыйнага, лінейнага сюжэта; яго творы хутчэй заснаваны на лаканічных выказваннях і сцэнах, якія спачатку могуць здацца не звязанымі паміж сабой, але заўсёды з’яўляюцца вынікам цвёрдых прынцыпаў лёсу. Гэтым мініяцюрам таксама не хапае традыцыйнага фіналу. Тэмы яго твораў звязаны з яго ўласным вопытам і назіраннямі за жыццём у яўрэйскай дыяспары, а таксама эміграцыяй.
Аўтар артыкула ў Яўрэйскай энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона характарызуе яго так: «Шофман — паэт інтымных перажыванняў; яго ўвага засяроджана на праблеме інтэлігенцкай беспрытульнасці: ён паказвае галерэю бязвольных інтэлігентаў, у якіх холад адзіноцтва, горкае разуменне адарванасці ад людзей і вечна новай прыроды спалучаецца са страхам перад чужым вялізным сусветам. Хвараблівы страх часам прымае нацыянальныя формы „спрадвечнага яўрэйскага страху“».
Зрэдку пісаў на ідышы, перакладаў уласныя творы, таксама яго перакладалі Бэр Карлінскі, Мойша Ліфшыц, Ёсіф Фальк і інш., друкаваўся ў розных зборніках, у тым ліку ў «Лэбмс-функэн» (Менск, 1918); на ідышы выйшлі тры кнігі:
Фун енэр зайт (Варшава: Б. Шымін) 32 ст. Лібэ ун андэрэ новэлн (Вена: Макс Гікель, 1919) 80 ст. Клэйнэ дэрцэйлунгэн (Тэль-Авіў, 1970) 160 ст.
Пераклаў на іўрыт творы Максіма Горкага, Антона Чэхава, Пятра Альтэнберга.
Узнагароды Прэмія Бяліка (1946), прэмія Рупіна (1953), дзяржаўная прэмія (1956), прэмія Ізраіля (1957).
Крыніцы
Спасылкі
Shofman Gershom
Катэгорыя:Паэты XX стагоддзя Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Перакладчыкі Ізраіля Катэгорыя:Паэты Ізраіля Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Ізраіля