Анатоль Аляксандравіч Концуб () — мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка), жывапісец, педагог, заслужаны работнік народнай адукацыі Беларусі (1991).
Біяграфія Нарадзіўся 13 ліпеня 1949 года ў вёсцы Колкі Столінскага раёна. Дзіцячыя і школьныя гады прайшлі на Палессі, у Давыд-Гарадку.
У 1966—1971 гадах вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні керамікі і шкла. У 1971—2000 гады выкладаў у Бабруйскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе арганізаваў падрыхтоўку спецыялістаў па мастацкай кераміцы. Працаваў у бабруйскіх мастацка-творчых майстэрнях.
Працуе ў кераміцы і жывапісе. Тонкім адчуваннем, выкарыстаннем выразных магчымасцей матэрыялу, арыгінальнасцю кампазіцый вызначаюцца дэкаратыўныя пласты «Максім Багдановіч» і «Каляды» (1976), «У гасцях у Вівальдзі» (1982), «Тэмы аднаго вечара» (1985), дэкаратыўныя скульптуры «Вясна і восень» (1980), «Папараць-кветка» (1985), «Дыяген» (1988), «Дзяўчынка з кубкам» (1998), «Профілі» (1999), «Завязаў» (2005), «Лістапад», «Двое», «Стайка» (усе 2006), «Язычніцтва», «Гарадскі раман» (абедзве 2007), «Птушыны рынак» (2009), «Ваяж» (2010), кампазіцыя «Куфэркі і скрыначкі» (1981), вазы «Спадчына» (1978), «Горад» (1980), «Зімовыя» (1990) і інш. Жывапісным творам уласцівы выразнасць малюнка і колеру, філасофскае асэнсаванне быцця: «Вершы, вершы дарагія…» (1981), «Шчодрасць» і «Азірніся!» (абодва 1982), «Вясельнае падарожжа» (1987), «Дыяген. Зона» (1988), «Францыск Скарына» (1989), «Вясновыя клопаты» (1992), «Сляды цывілізацыі» (1995), «Наведванні» і «Пілігрымы» (абодва 1997), «Стары млын» і «Пабудова піраміды» (абодва 1998), «Флора» (2000), «Памяці пакінутых вёсак» (2003), «Аўтапартрэт» (2004), «Лодка майго дзяцінства», «Час Вітаўта» (абедзве 2009), «Адзінокі рыбалоў», «Стары і рыба» (абедзве 2011), «Макі» (2012).
З 1976 года пастаянна ўдзельнічае ў шматлікіх выстаўках. У 2009 годзе Концуб быў запрошаны ў беларуска-аўстрыйскі праект «Гарызонты» з выстаўкамі ў Бранце і Брэгенцы. З 2013 года ўдзельнік міжнародных выставак кітайскай арганізацыі «Падарожжы мастакоў у імя міру» ў Кітаі, Кыргызстане, Францыі, Бельгіі. У 2014 годзе на выстаўцы «Гармонія-Азія» ў Шанхаі ўзнагароджаны залатым медалём «Залаты пэндзаль». У перыяд з 2014 да 2019 гадоў узяў удзел у выстаўках у Еўрапарламенце, у Астане, Душанбэ, Бішкеку, Пекіне. Шмат гадоў удзельнічае ў міжнародных пленэрах па кераміцы «АРТ-Жыжаль» у Бабруйску і міжнародных пленэрах па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» ў Магілёве.
Творы Анатоля Концуба захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, зборы Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі імя П. Масленікава, Бабруйскім мастацкім музеі, музеях і прыватных зборах Беларусі, Расіі, Польшчы, Балгарыі, Аўстрыі, ЗША.
Літаратура
Спасылкі
Концуб Анатолий Александрович | Бобруйский городской исполнительный комитет
Катэгорыя:Мастакі Беларусі