Айчы́м (таксама во́тчым, во́ччым, атчы́м, аччы́м) — няродны бацька, муж маці ў адносінах да яе дзяцей ад папярэдняга шлюбу. Ва ўсходняй і паўночна-ўсходняй частках Беларусі часцей сустракаецца назва «воччым». У адносінах да айчыма няродныя дзеці называюцца пасынакам ці падчарыцай. Айчым — мужчынскі сінонім паняцці мачахі.

Сацыяльная роля і статус Роля айчыма ў сям’і залежала ад таго, куды ён прыходзіў жыць. Калі айчым прыходзіў у сям’ю жонкі, ён выконваў ролю прымака. У выпадку пераходу жонкі ў сям’ю мужа ён станавіўся поўным гаспадаром. Усе дзеці ў сям’і, у тым ліку няродныя, пры звароце называлі яго «бацька».

У традыцыйнай культуры і фальклоры У народнай культуры вобраз айчыма часцей за ўсё негатыўны. Пра гэта сведчаць прыказкі: «Вотчым — не бацька родны», «У айчыма чэрці пад вачыма». Лічылася, што няродны бацька часта горш ставіцца да дзяцей жонкі, можа выкарыстоўваць фізічныя пакаранні. Жыццё няродных дзяцей магло стаць асабліва цяжкім, калі ў сям’і з’яўляліся сумесныя дзеці, што прыводзіла да падзелу на «сваіх» і «чужых».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Сваяцкія адносіны Катэгорыя:Сям'я і дзеці