Рэ́чыцкая міні-ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці. З’яўляецца філіялам «Рэчыцкія электрычныя сеткі» РУП «Гомельэнерга». Уведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе.

Гісторыя Будаўніцтва міні-ЦЭЦ пачалося ў ліпені 2010 года на пляцоўцы кацельні ААТ «Рытм», якая была перададзена на баланс РУП «Гомельэнерга». Праект рэалізоўваўся ў рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы. Кошт праекта ацэньваўся ў 80 млрд рублёў, з якіх значную частку склаў замежны крэдыт.

Уведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. Генпадрадчыкам выступіла аўстрыйская кампанія «Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH». Распрацоўкай дакументацыі і мантажом абсталявання займалася таксама арганізацыя «Энергатэхпрам».

У кастрычніку 2016 года станцыю наведаў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адзначыўшы яе як прыклад рацыянальнага выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Тэхнічныя характарыстыкі На станцыі ўсталявана абсталяванне, якое працуе па арганічным цыкле Рэнкіна (ORC). Асаблівасцю тэхналогіі з’яўляецца выкарыстанне ў якасці рабочага цела ў турбагенератары пароў сіліконавага масла, а ў якасці цепланосiта ў катлах — тэрмамасла. Гэта павышае каэфіцыент карыснага дзеяння і памяншае карозію дэталяў.

Асноўнае абсталяванне ўключае: 2 тэрмамасляныя катлаагрэгаты цеплавой магутнасцю па 12 МВт. 2 паравыя турбіны магутнасцю па 2,1 МВт.

Сумарная ўсталяваная электрычная магутнасць складае 4,2 МВт, цеплавая — 19,6 МВт. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі дасягае 13 млн кВт·г, цеплавой энергіі — 100 тыс. Гкал.

Станцыя забяспечвае цяплом каля 25 % горада, у тым ліку мікрараён Новарэчыцкі, ваенны гарадок, цэнтральную раённую бальніцу і шэраг навучальных устаноў. Для ачысткі выкідаў выкарыстоўваецца двухступеньчатая сістэма (мультыцыклоны і электрафільтр).

Паліва і эканамічны эфект Міні-ЦЭЦ працуе на мясцовых відах паліва. У летні перыяд выкарыстоўваецца драўняная шчэпка, зімой — брыкетаваны торф. Гадавая патрэбнасць у торфе ацэньваецца ў 38 тыс. тон.

Выкарыстанне мясцовых відаў паліва дазваляе штогод эканоміць значныя аб'ёмы прыроднага газу (у 2015 годзе эканомія склала 10,2—13 млн м³).

Крыніцы

Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Эканоміка Рэчыцкага раёна Катэгорыя:Рэчыца Катэгорыя:2011 год у Беларусі