Бара́навіцкая ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад філіяла «Баранавіцкія цеплавыя сеткі» РУП «Брэстэнерга». З'яўляецца адной з найстарэйшых станцый у вобласці, забяспечвае цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне прамысловасці і жыллёвага сектара горада.
Гісторыя Днём нараджэння Баранавіцкіх цеплавых сетак лічыцца 10 жніўня 1945 года, калі на базе энергацягніка і існуючай электрастанцыі была створана «Баранавіцкая гарадская электрастанцыя» (ГЭС). Аднак пуск Баранавіцкай ЦЭЦ адбыўся ў 1951 годзе.
У 2022 годзе на станцыі быў уведзены ў эксплуатацыю кандэнсатны ўтылізатар цеплыні магутнасцю 1 МВт. Гэта кантактны газавадзяны цеплаабменнік, які дазваляе выкарыстоўваць цяпло адыходзячых дымавых газаў для падагрэву вады. Праект коштам больш за 1,9 млн рублёў дазволіў знізіць тэмпературу дымавых газаў з 130–140°C да 50°C, эканомячы каля 399 тон умоўнага паліва ў год.
На 2027 год запланавана маштабная рэканструкцыя ЦЭЦ у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 23.10.2023 № 716. Плануецца ўстаноўка двух водагрэйных катлоў магутнасцю па 10 МВт, якія працуюць на драўняных паліўных гранулах (пелетах). Гэта дазволіць павялічыць выкарыстанне мясцовых відаў паліва.
Дзейнасць і характарыстыкі Баранавіцкая ЦЭЦ забяспечвае цяплом 74 % жылога сектара горада (цэнтр, мікрараёны Паўднёвы, Паўночны, Паўночны-2, Бараўкі, Тэкстыльны), а таксама сацыяльныя аб'екты. Прамысловымі спажыўцамі пары і гарачай вады з'яўляюцца Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, камбінат жалезабетонных канструкцый, завод жалезабетонных вырабаў, завод «Энергадэталь».
Устаноўленая электрычная магутнасць станцыі складае 18 МВт, цеплавая — 407 Гкал/г. Сярэднегадавы водпуск цяпла складае каля 530 тыс. Гкал, выпрацоўка электраэнергіі — 95 млн кВт·г.
Асноўнае абсталяванне ўключае: 4 паравыя катлы БКЗ 75-39-ФБ (па 75 т/г кожны); 2 водагрэйныя катлы КВГМ-100 (па 100 Гкал/г кожны); Паравая турбіна ПР-6-35/10/1,2 (6 МВт); Паравая турбіна ПР-12-3,4/1,0/0,1 (12 МВт).
Крыніцы
Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Энергетыка Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Прадпрыемствы Баранавічаў Катэгорыя:1951 год у Беларусі Катэгорыя:Брэстэнерга