Беларуская гімназія імя Максіма Багдановіча — сярэдняя навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў 1945—1950 гадах у лагеры для перамешчаных асоб (ДП) у Ватэнштэце (цяпер раён горада Зальцгітэр, Германія) у Брытанскай зоне акупацыі Германіі. Названа ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Гісторыя Гімназія была заснавана 15 кастрычніка 1945 года ў лагеры ДП «АБЦ» у Ватэнштэце, каля горада Браўншвейга. Адным з заснавальнікаў школы лічыцца дзеяч беларускага нацыянальнага руху Эдвард Будзька. Першым дырэктарам установы стаў Вацлаў Пануцэвіч. Пазней, у 1946 годзе, дырэктарам згадваецца Аляксей Вініцкі.

Першыя гады існавання праходзілі ў цяжкіх умовах: адчуваўся недахоп падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, адсутнічалі распрацаваныя праграмы. У 1945/1946 навучальным годзе ў гімназіі навучалася толькі 12 вучняў. Аднак паступова матэрыяльная база і арганізацыя палепшыліся. У 1946/1947 навучальным годзе колькасць вучняў вырасла да 35 чалавек, дзейнічалі 4-ы, 5-ы, 7-ы і 8-ы класы. Нягледзячы на больш як двухмесячны перапынак у вучобе зімой праз маразы і недахоп паліва, 85 % вучняў паспяхова скончылі гэты навучальны год. 16 сакавіка 1947 года адбыўся першы выпуск (матура): атэстаты сталасці атрымалі 5 чалавек.

Трэці навучальны год пачаўся 8 верасня 1947 года. Колькасць навучэнцаў дасягнула 80 чалавек, педагагічны калектыў складаўся з 10 настаўнікаў. Большасць выкладчыкаў мела ўніверсітэцкую адукацыю. У сакавіку 1948 года другі выпуск гімназіі склаў 9 чалавек. З нагоды выпуску 11 сакавіка 1948 года быў арганізаваны ўрачысты банкет з удзелам беларускай грамадскасці і прадстаўнікоў брытанскай адміністрацыі.

Гімназія спыніла сваё існаванне ў 1950 годзе ў сувязі з ліквідацыяй беларускага ДП-лагера ў Ватэнштэце і масавай эміграцыяй беларусаў у краіны Захаду — ЗША, Канаду і Аўстралію.

Навучальны і выхаваўчы працэс Вялікая ўвага ў гімназіі надавалася дысцыпліне і самападрыхтоўцы. Вучні 1—2 класаў абавязаны былі рыхтаваць дамашнія заданні ў памяшканні гімназіі пад наглядам дзяжурнага настаўніка. Старэйшыя вучні маглі займацца самастойна пасля абеду ў класах. Дзеля падтрымання сувязі з сям’ёй дырэкцыя рэгулярна праводзіла бацькоўскія сходы і лекцыі па педагогіцы для бацькоў. Апеку над установай ажыццяўляў Бацькоўскі камітэт і кіраўніцтва лагера.

Па ініцыятыве старшакласнікаў выдавалася насценная газета «Кліч». Рэдакцыя газеты ставіла перад сабой мэты паляпшэння школьнага жыцця, узаемадапамогі ў вучобе і выхавання нацыянальнай свядомасці.

Скаўцкі рух Пры гімназіі актыўна дзейнічалі беларускія скаўцкія арганізацыі. 10 лістапада 1945 года па ініцыятыве дырэктара гімназіі Вацлава Пануцэвіча адбыўся сход моладзі, на якім была створана скаўцкая дружына для хлопцаў і група для дзяўчат (пазнейшыя «Пралескі» і «Юначкі»). Кіраўніком дружын стала Валянціна Жукоўская. 24 студзеня 1946 года была ўтворана дружына старэйшых скаўтак «Сёстры Вогнішча», якая першапачаткова налічвала 8 удзельніц.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1945 годзе Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, закрытыя ў 1950 годзе Катэгорыя:Беларусы ў Германіі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Германіі Катэгорыя:Ватэнштэт (Зальцгітэр) Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Максіма Багдановіча Катэгорыя:Брытанская зона акупацыі Германіі Катэгорыя:Адукацыя на беларускай мове Катэгорыя:Адукацыя ў Германіі