Брунгі́льда ( — «кальчуга» + «бітва») — ваяўнічая гераіня германа-скандынаўскай міфалогіі і эпасу, адна з асноўных дзейных асоб старажытнагерманскага цыкла паэм пра Нібелунгаў. Валькірыя, жонка караля Бургундыі Гунтэра.
У некаторых сагах лічыцца маці Аслаўг, цешчай яе мужа — легендарнага конунга вікінгаў Рагнара Лодбрака і бабуляй іх сыноў: Івара Бескасцёвага, Сігурда Змеявокага, Б’ёрна Жалезнабокага, Хвітсерка і Уба.
Крыніцы Асноўнымі крыніцамі звестак пра Брунгільду з’яўляюцца «Сага пра Вёльсунгаў», гераічныя паэмы са «Старэйшай Эды» (у прыватнасці, «Паездка Брунгільд у Хэль») і «Малодшая Эда» Сноры Стурлусана.
Таксама яна фігуруе ў паэмах «Песня пра Нібелунгаў», «Кудруна», «Плач па Нібелунгах», «Сазе пра Дытрыха Бернскага», у скальдзічнай паэзіі і згадваецца ў «Бэўвульфе».
Міфалогія
Брунгільда была дачкой конунга Будлі і насіла імя Сігрдрыва. За непадпарадкаванне Одзін усыпіў яе «шыпом сну». Два конунгі вялі вайну: аднаго клікалі Х’яльм-Гунар (і Одзін абяцаў яму перамогу), іншага — Агнар (яго ніхто не хацеў браць пад абарону). Сігрдрыва загубіла ў бітве Х’яльм-Гунара. У помсту за гэта Одзін усыпіў яе і сказаў, што яна больш ніколі не пераможа ў бітве і будзе выдадзена замуж (тым самым перастане быць валькірыяй, бо валькірыі не выходзілі замуж).
Малады віцязь Зігфрыд (у скандынаўскай традыцыі — Сігурд), сын Зігмунда, пасля забойства цмока Фафніра, разрубіў сваім мячом Граам кальчугу дзевы і вызваліў валькірыю з палону магічнага сну. Маладыя людзі пакляліся адзін аднаму ў вечнай любові. Брунгільда пачала навучаць Зігфрыда рунічнай мудрасці пад імем Сігдрывы (паэма «Прамовы валькірыі Сігдрывы» са «Старэйшай Эды»). Яна аднойчы фігуруе пад гэтым імем, якое азначае «Якая прыганяе перамогу»; гэта можа азначаць не саму Брунгільду, а нейкую іншую жанчыну з імем Сігдрыва.
Пасля заручын Зігфрыд пакідае Брунгільду дзеля вайсковых подзвігаў і прыязджае ў Вормс, каралеўства бургундаў, дзе кіруе Гунтэр. Вядзьмарка напаіла Зігфрыда зеллем забыцця і ажаніла яго са сваёй дачкой Гудрун (Крымхільдзе). Зачараваны Зігфрыд дапамог Гунтэру займець у жонкі Брунгільду.
Брунгільда даўно паклялася выйсці замуж толькі за таго, хто яе адолее, — тады валькірыя страціць сваю звышнатуральную сілу. Зігфрыд, прыняўшы аблічча Гунтэра, адолеў яе і ўзяў у доказ яе пояс і пярсцёнак. Пазней Крымхільда паказала Брунгільдзе гэтыя прадметы, што даказвала перамогу менавіта Зігфрыда. Раз’юшаная Брунгільда ўчыніла сварку за права першынства, якая скончылася забойствам Зігфрыда. Не жадаючы працягваць жыццё без свайго каханага, Брунгільда ўзышла на вогнішча.
Паводле «Сагі пра Вёльсунгаў» у Брунгільды ад Зігфрыда нарадзілася дачка Аслаўг.
Вобраз лютай валькірыі Брунгільды звязаны з познімі скандынаўскімі ўяўленнямі пра «Дзікае паляванне»: быццам валькірыя імчыць па начным небе зімой у конным атрадзе разам з Одзінам і іншымі стварэннямі перад Ёлем; яна з’яўляецца той, каму лепш не трапляцца на шляху.
Вобраз у навуцы і культуры У гонар Брунгільды названы астэроід (123) Брунгільда, адкрыты ў 1872 годзе. З’яўляецца адным з цэнтральных персанажаў трох опер Рыхарда Вагнера ў тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» (акрамя першай). Брунгільда — персанаж коміксаў выдавецтва Marvel Comics, створаны Роем Томасам і Джонам Бусема, заснаваны на персанажы «Песні пра Нібелунгаў».
У кіно «Нібелунгі: Зігфрыд» (Die Nibelungen: Siegfried; Веймарская рэспубліка, 1924), рэжысёр Фрыц Ланг. У ролі Брунгільды — Хана Ральф. «Нібелунгі: Зігфрыд» (Die Nibelungen, Teil 1 — Siegfried; ФРГ, Югаславія, 1966), рэжысёр Харальд Райнль. У ролі Брунгільды — Карын Дор. «Нібелунгі: Помста Крымхільды» (Die Nibelungen, Teil 2 — Kriemhilds Rache; ФРГ, Югаславія, 1967), рэжысёр Харальд Райнль. У ролі Брунгільды — Карын Дор. «Пярсцёнак Нібелунгаў» (2004). У ролі Брунгільды — Крыстана Локен.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Персанажы Песні пра Нібелунгаў Катэгорыя:Выдуманыя жанчыны Катэгорыя:Персанажы скандынаўскай міфалогіі Катэгорыя:Валькірыі