Валачо́бныя пе́сні (таксама валачэўныя, валхоўныя, лалоўныя песні) — від веснавых песень каляндарнага цыкла, віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. З'яўляюцца нацыянальнай адметнасцю беларускай народна-паэтычнай культуры. Сярод іншых славянскіх народаў падобныя творы часткова бытавалі ў сербаў.
Характарыстыка і функцыі Па сваёй функцыі валачобныя песні з'яўляюцца аналагічнымі абходным калядным песням і цесна звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года. Адрозненне палягае ў выкарыстанні розных каляндарных сістэм у розныя гістарычныя перыяды: калі калядныя песні выконваліся «з паваротам сонца на лета», то валачобныя — «з прыходам сонечных дзён». З пашырэннем хрысціянства традыцыя выканання валачобных песень была прыстасавана да першага дня Вялікадня. Творы традыцыйна адрасаваліся і спяваліся гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, а таксама старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях знайшла адбітак вера ў магічную моц слова, якое было паклікана сцвярджаць жыццёва важныя моманты дабрабыту селяніна-земляроба: багаты ўраджай на полі, прырост статку ў хляве і агульны лад у сям'і.
Сюжэты і паэтыка З усіх каляндарных песень менавіта валачобным у найбольшай ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, выразная жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Валачобныя песні маюць стройную трохчасткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша. Сярод характэрных прыпеваў сустракаюцца наступныя: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!», а таксама хрысціянскі варыянт — «Хрыстос васкрос, сын Божы!».
Найбольш адметнымі сюжэтамі і матывамі з'яўляюцца матывы «цуда» або «праявы», пра якія валачобнікі прыходзілі апавясціць гаспадара (напрыклад: «…У тваім хлеве праява стала, / Праява стала, праявілася: / Сорак каровак ацялілася…»). У песнях разгортваецца шырокі каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы сельскагаспадарчых работ. У эпічных зачынах падкрэсліваецца ўсеабдымнасць самога збору валачобнікаў: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага / То не тучы йдуць, то не воблачкі / То ідуць, брыдуць валачобнічкі…» Вобразная сістэма вызначаецца міфалагічнай аб'ёмістасцю, якая арганічна спалучаецца з рэалістычнымі замалёўкамі, а таксама шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў.
Музычныя асаблівасці Паводле музычнага зместу валачобныя песні яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця (так званы «веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»). Іх адметнасцю з'яўляецца традыцыя выключна мужчынскага выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), а часам нават заліхвацкім характары мажорных мелодый. Дынамічнасці напеваў спрыяе антыфонная манера спявання, пры якой сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах.
З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Беларускія этнамузыказнаўцы вылучаюць чатыры асноўныя тыпы напеваў, кожны з якіх мае ўласны арэал бытавання: Першы тып ахоплівае амаль усе этнаграфічныя рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся. Другі тып пашыраны ў раёнах Паазер'я. Трэці і чацвёрты тыпы сустракаюцца пераважна ў раёнах Панямоння.
Сучасны стан У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае пераважна жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым, прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных песень і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу і спрадвечную ўрачыстасць іх з'яўлення. Гэты настрой падкрэсліваецца і ў традыцыйных зваротах да гаспадара на заканчэнні песні: «…А мы госцікі недакучныя: / А мы ў гадочак — адзін разочак!».
Публікацыі
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Беларускія народныя песні Катэгорыя:Веснавыя песні Катэгорыя:Каляндарна-абрадавая паэзія Катэгорыя:Вялікдзень у Беларусі