Зваро́т літо́ўскіх грама́дскіх дзе́ячаў аб забаро́не выкарыста́ння герба́ «Паго́ня» — адкрыты ліст 67 прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці, навукоўцаў, журналістаў і бізнесоўцаў, накіраваны 25 лютага 2025 года Прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу, Міністэрству замежных спраў і Сейму Літвы. Зварот стаў адной з найбольш рэзанансных падзей у рамках канфлікту вакол «літвінізму», выклікаўшы вострую дыскусію ў Літве і сярод беларускай дыяспары.
Перадумовы Дыскусія аб межах выкарыстання беларускіх і літоўскіх гістарычных сімвалаў абвастрылася пасля таго, як беларускія дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай анансавалі тэрміны прыёму заяў на «пашпарт Новай Беларусі» і апублікавалі яго макет. На вокладцы дакумента быў змешчаны гістарычны герб «Пагоня», які быў дзяржаўным гербам Беларусі да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Шэраг літоўскіх грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў кансерватыўных палітычных колаў абурыліся выкарыстаннем гэтага сімвала, сцвярджаючы, што ён з’яўляецца выключна літоўскім («Віціс»), а яго выкарыстанне беларусамі ўяўляе сабой замах на нацыянальныя сімвалы і гісторыю Літвы.
Змест звароту Аўтары ліста заявілі, што Літва не можа дзяліць сімвалы дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці з супольнасцямі, значная частка якіх, на іх думку, настроена супраць Літвы і падтрымлівае дэзынфармацыйныя наратывы «літвінізму», нібыта створаныя Расіяй. У дакуменце сцвярджаецца, што незалежна ад назвы, літоўскі «Віціс» і беларуская «Пагоня» з’яўляюцца адным і тым жа сімвалам. Ініцыятары звароту падкрэслілі неабходнасць дакладна ацаніць, як беларусы ўспрымаюць гэты сімвал: як знак балцкіх язычнікаў, якія сілай далучылі продкаў-русінаў, ці ў «літвінісцкім ключы» — як знак славянскага кіраўніка, які знаходзіўся ў «старажытным беларускім горадзе» Вільні.
Падпісанты заявілі, што карані беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці палягаюць не ў Вялікім Княстве Літоўскім, а выключна ў Полацкім, Віцебскім, Смаленскім, Тураўскім і Валынскім княствах. Паводле іх слоў, свае сімвалы гістарычнай ідэнтычнасці беларусы павінны браць з крыжа Еўфрасінні Полацкай, пячаткі Ізяслава або герба Белай Русі. Адзначалася, што чым больш літвінізму ў свядомасці беларусаў, тым больш там Расіі.
Сярод галоўных патрабаванняў звароту была прапанова забараніць арганізацыям беларускай дыяспары выкарыстоўваць «сімвалы літоўскай дзяржаўнасці» на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза. Таксама аўтары ліста заклікалі ўзмацніць інфармацыйную ўстойлівасць літоўскага грамадства да гістарычных фальсіфікацый, абараніць дзяржаўныя сімвалы ад плагіяту на міжнароднай арэне і замацаваць праз законы канон гісторыі Літоўскай дзяржавы. Акрамя таго, прапаноўвалася выяўляць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія распаўсюджваюць літвінскі наратыў, і пры неабходнасці абмяжоўваць іх дзейнасць у Літве.
Спіс падпісантаў Пад адкрытым лістом паставілі подпісы 67 прадстаўнікоў літоўскага грамадства. Сярод іх 14 гісторыкаў, а таксама грамадскія дзеячы, бізнесоўцы, журналісты, дзеячы культуры і мастацтва.
Імя і прозвішча Імя на літоўскай Род дзейнасці Повілас Абуховічус Povilas Obuchovičius фотамастак Гядзімінас Арманавічус Gediminas Armonavičius заснавальнік грамадскай установы «LDK palikuonys», удзельнік Еўрамайдана, адзін з арганізатараў палка «Азоў», супрацоўнічае з украінскімі добраахвотнікамі Саўлюс Арвасявічус Saulius Arvasevičius журналіст, выдавец Томас Баранаўскас Tomas Baranauskas доктар філасофіі, гісторык, спецыяліст па гісторыі сярэднявечнай Літвы Інга Баранаўскене Inga Baranauskienė гісторык, пісьменніца Альгімантас Барнішкіс Algimantas Barniškis музыкант Валдас Барткявічус Valdas Bartkevičius грамадскі дзеяч, кіраўнік грамадскай установы «Tarptautinis Ukrainos Draugų Fondas» Раса Башкене Rasa Baškienė член Рады Віленскай гарадской управы Арунас Бубніс Arūnas Bubnys доктар філасофіі, гісторык, генеральны дырэктар Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы Валдас Буожыс Valdas Buožys член Савета Літоўскай супольнасці ў ЗША, гісторык Жыгімантас Буржынскас Žygimantas Buržinskas дырэктар Музея Мяркінскага краю, археолаг, блогер Альвідас Буткус Alvydas Butkus доктар філасофіі, балтыст, лаўрэат Балцкай прэміі (2019), ганаровы прафесар Віленскага ўніверсітэта Альгімантас Аніцятас Бучыс Algimantas Anicetas Bučys доктар філасофіі, пісьменнік, літаратуразнаўца, гісторык культуры, лаўрэат прэміі ўрада Літоўскай Рэспублікі ў галіне культуры і мастацтва Донатас Валанчаўскас Donatas Valančiauskas літаратар, тэлевядучы, былы віцэ-міністр культуры Літвы Донатас Відмантас Donatas Vydmantas афіцэр запасу, патрыёт Літвы Мантас Вілімас Mantas Vilimas тэлепрадзюсар, тэлевядучы Крысціёнас Візбарас Kristijonas Vizbaras бізнесмен Эгландас Вішунскас Eglandas Višinskas рэканструктар ваеннай гісторыі, блогер Рычардас Гаруоліс Ričardas Garuolis старшыня прафсаюза гідаў і турыстычных кіраўнікоў «Solidarumas» Саўлюс Гузявічус Saulius Guzevičius абаронца свабоды, высокапастаўлены афіцэр Літоўскай арміі, заснавальнік Сіл спецыяльных аперацый Літоўскіх узброеных сіл Мадзястас Гяндвілас Modestas Gendvilas блогер, афіцэр KASP Томас Даняла Tomas Donela рэжысёр, прадзюсар, член Еўрапейскай кінаакадэміі (EFA) Юсцінас Жаконіс Justinas Žekonis аўтар блога «Grand Duchy of Lithuaniaball» Дарус Жура Darius Žiūra мастак Юлюс Жэкас Julius Žėkas аўтар і кіраўнік праекта інсталяцыі «Tautiška giesmė» Вікторыя Іванюшына Viktorija Ivaniušina выкладчыца моў, перакладчыца, грамадская дзяячка Стасіс Ігнатавічус Stasys Ignatavičius прэзідэнт клуба LŠS V. Putvinskio-Pūtvio, кавалер ордэна Віцісава крыжа Аўдрыс Каралюс Audrys Karalius архітэктар, архітэктурны эксперт, галоўны рэдактар электроннага часопіса Pilotas.LT Дзяймантас Карвяліс Deimantas Karvelis доктар філасофіі, гісторык, педагог Павел Каўтунец Pavel Kovtunec грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў «Psy Help Ukraine» Гядзімінас Кветкаўскас Gediminas Kvietkauskas грамадскі дзеяч, кіраўнік AB «East West Agro», член Сената Віленскага ўніверсітэта, бізнес-ментар Мантаўтас Крукаўскас Mantautas Krukauskas кампазітар, гукавы мастак Аста Кузняцовайце Asta Kuznecovaitė журналістка Вілма Фёкла Кюрэ Vilma Fiokla Kiurė грамадская дзяячка, кіраўнік «Laisvė arba mirtis» Гедрус Кяўлакіс Giedrius Kiaulakis гісторык Дайнюс Лішкявічус Dainius Liškevičius міждысцыплінарны мастак Эрыкас Малішаўскас Erikas Mališauskas прадпрымальнік, сузаснавальнік «Kaching Appz» Сігітас Маляўскас Sigitas Maliauskas ваенны аглядальнік, кіраўнік грамадскай установы «Gyvačių sala» Айва Маляўскене Aiva Maliauskienė кіраўнік грамадскай установы «Iki pergalės» Міндаўгас Мантвілас Mindaugas Montvilas палітычны аглядальнік Імантас Мялянас Imantas Melianas гісторык, былы кіраўнік аднаго з падраздзяленняў Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Міндаўгас Няфас Mindaugas Nefas доктар філасофіі, гісторык Саўлюс Падзярыс Saulius Poderis грамадскі дзеяч, даследчык і рэстаўратар Алкас Палтарокас Alkas Paltarokas кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Vanago Lietuva» Дарус Пашуконіс Darius Pašukonis добраахвотнік, адзін з заснавальнікаў Літоўскай арміі, абаронца свабоды Марус Плячкайціс Marius Plečkaitis фінансіст, журналіст Альгіс Раманаўскас Algis Ramanauskas тэлевядучы, акцёр Лаўра Раманаўскайце Laura Ramanauskaitė старшыня «Žaliasis Ąžuolynas» Паўлюс Рамяйка (Паўль Духі) Paulius Remeika (Paul Duchy) інфлюенсар на платформах TikTok і YouTube Віялета Руткаўскене Violeta Rutkauskienė гісторык геральдыкі, член Савета Літоўскай супольнасці ў ЗША Рычардас Савукінас Ričardas Savukynas аўтар блога «Rokiškis Rabinovičius» Артурас Саўка Artūras Savko гісторык, аўтар блога «Sostinės Lobiai» Жыльвінас Світоюс Žilvinas Svitojus спецыяліст па стратэгічных камунікацыях, кіраўнік «Hoplon Foundation», блогер Юозас Станенас Juozas Stanėnas старшыня LPKTS Grigiškių sk. Донатас Станёніс Donatas Stanionis настаўнік, блогер Рыманце Сцяпене Rimantė Stepienė адна з заснавальніц дабрачыннага фонду «Mušk maskvėną sotus» Саўлюс Вінцянтас Тулявічус Saulius Vincentas Tulevičius абаронца свабоды Дайнюс Урбанавічус Dainius Urbanavičius грамадскі дзеяч, бізнесмен Аўкшэ Усене Auksė Ūsienė аналітык прапаганды, гісторык Дамінікас Чывіліс Dominykas Čivilis грамадскі дзеяч, каардынатар карпаратыўных мерапрыемстваў і кіраўнік праектаў Бянас Шарка Benas Šarka майстар па вырабе свечак, культурны магістр Клайпеды Бянас Шымкус Benas Šimkus заснавальнік музея гісторыі куршаў, кіраўнік клуба «Pilsots» Сімонас Язавіта Simonas Jazavita доктар філасофіі, гісторык Донатас Якубайціс Donatas Jokūbaitis гісторык мастацтва, аўтар блога «Rūstus Gids» Крыстафорас Вайдуціс Янкаўскас Kristoforas Vaidutis Jankauskas актыўны рэзервіст, стваральнік кантэнту Лінас Янушаўскас Linas Jonušauskas доктар філасофіі, палітычны каментатар, аўтар падкаста «Lintrovert Lietuviškai» Шарунас Ясюкявічус Šarūnas Jasiukevičius грамадскі дзеяч, журналіст, бізнесмен
Рэакцыя на зварот Рада БНР выступіла з афіцыйнай заявай, назваўшы дыскусіі вакол забароны «Пагоні» «недарэчнымі і неабгрунтаванымі». Рада падкрэсліла, што герб з’яўляецца нацыянальным сімвалам беларускага народа, афіцыйна выкарыстоўваўся ўрадам БНР у эміграцыі ў 1920-х гадах у Коўне, а таксама быў дзяржаўным гербам незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гадах. У заяве адзначалася, што пасля распаду СССР Літва і Беларусь усталявалі дыпламатычныя адносіны пад гербамі «Віціс» і «Пагоня», і ніякіх прэтэнзій тады не ўзнікала. Любыя спробы забараніць беларусам карыстацца гэтым сімвалам Рада БНР ахарактарызавала як праяву дыскрымінацыі і ўскосную салідарнасць з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі.
Выбітны літоўскі дысідэнт, літаратуразнаўца і паэт Томас Венцлава раскрытыкаваў пазіцыю аўтараў ліста, адзначыўшы, што Літва і Беларусь гістарычна ніколі не варагавалі. Згадваючы свае размовы з польскімі дзеячамі часоў распаду СССР, Венцлава прывёў аналогію з Ерусалімам, заявіўшы, што Вільня і гістарычныя сімвалы павінны належаць усяму свету, і іх неабходна дзяліць у тым ліку з беларусамі і палякамі.
Літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус быў шакаваны заклікамі ўвесці заканадаўчы канон гісторыі. Ён параўнаў гэтую ініцыятыву з палітыкай Уладзіміра Пуціна па замацаванні «гістарычнай праўды» ў Канстытуцыі Расіі і нагадаў пра спаленне кніг у нацысцкай Германіі. На яго думку, розныя інтэрпрэтацыі супольнай гісторыі не пагражаюць, а наадварот, узбагачаюць абодва народы, тады як ініцыятыва падпісантаў іграе на карысць Масквы, спрабуючы пасварыць літоўцаў з дэмакратычна настроенымі беларусамі. Сваё абурэнне лістом выказаў і літоўскі інтэлектуал Аўдрус Сабунас, які назваў страхі перад літвінізмам праявай правінцыялізму і папулізму.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў каментары да сітуацыі адзначыў, што «Віціс» з’яўляецца літоўскім сімвалам, аднак дадаў, што яго могуць выкарыстоўваць тыя народы, якія «вызнаюць свабоду і не схіляюцца перад Пуціным». Тым не менш, у закрытым рэжыме Камітэт у замежных справах Сейма Літвы пацвердзіў, што згодна з літоўскім заканадаўствам «пашпарт Новай Беларусі» не можа быць прызнаны юрыдычным дакументам на тэрыторыі краіны.
Крыніцы
Катэгорыя:Беларуска-літоўскія адносіны Катэгорыя:Пагоня Катэгорыя:З’явіліся ў 2025 годзе Катэгорыя:2025 год у Літве Катэгорыя:Люты 2025 года Катэгорыя:Канфлікт вакол літвінізму ў Літве