Заходнепале́скія гаво́ркі (таксама брэсцка-пінскія, загародскія, палескія гаворкі) — група гаворак, якая вылучаецца на тэрыторыі Беларусі (у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці) і супрацьпастаўляецца асноўнаму масіву дыялектаў беларускай мовы.
Шэраг дыялектолагаў разглядае заходнепалескія гаворкі Беларусі як гаворкі ўкраінскай мовы, альбо як пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы на падставе вялікай колькасці фанетычных і граматычных рыс, блізкіх да рыс паўночнаўкраінскага нарэчча. Ад асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга), а таксама ад сярэднебеларускіх гаворак яны адрозніваюцца адсутнасцю акання, наяўнасцю цвёрдых зычных перад [е], [і], пераходам этымалагічнага «яця» ў [і] пад націскам, адсутнасцю дзекання і цекання і іншымі рысамі.
На аснове заходнепалескіх гаворак Беларусі адзначаліся спробы стварэння літаратурнай нормы, т. зв. заходнепалескай літаратурнай мікрамовы. На аснове заходнепалескіх гаворак Польшчы (падляшскіх гаворак) сіламі энтузіястаў фармуецца падляшская мікрамова.
Арэал Заходнепалеская група гаворак была вылучана ў 1970-х гадах беларускімі дыялектолагамі на аснове матэрыялаў, сабраных для «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Адсутнасць тыповых для беларускіх дыялектаў моўных рыс дала падставу складальнікам дыялекталагічнай карты вылучыць заходнепалескую групу як асаблівае дыялектнае аб’яднанне, супрацьпастаўленае ўзятым разам паўночна-ўсходняму і паўднёва-заходняму беларускім дыялектам. Тым самым быў падкрэслены пераходны характар гаворак заходнепалескай групы ад беларускіх гаворак да гаворак паўночнага ўкраінскага дыялекта. Такая класіфікацыя была прапанавана ў 1964 годзе Р. І. Аванесавым. Матэрыялы атласа дазволілі падзяліць гаворкі Заходняга і Усходняга Беларускага Палесся. Усходнепалескія (мазырскія) гаворкі, якія не маюць значных адрозненняў ад слуцкіх гаворак і не падзелены з імі вузкім пучком ізаглос, былі ўключаны ў склад слуцка-мазырскай групы паўднёва-заходняга беларускага дыялекту. Тэрмін «загаро́дскія гаво́ркі» ўведзены ў навуковы зварот дыялектолагам Фёдарам Клімчуком у 1970-х гады і ўтвораны ад назвы Загароддзе — гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і Загародскай раўніны.
Наяўнасць фанетычных і граматычных з’яў, якія збліжаюць беларускія заходнепалескія і ўкраінскія заходнепалескія гаворкі, канстатуе большасць даследчыкаў гаворак Палесся. У сувязі з гэтым многія дыялектолагі разглядаюць заходнепалескія гаворкі як пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы. Напрыклад, у выданні энцыклапедыі «Украінская мова» брэсцка-пінскія гаворкі класіфікуюцца як пераходныя ўкраінска-беларускія гаворкі. Шэраг даследчыкаў адносіць гаворкі Заходняга Палесся непасрэдна да паўночнага дыялекта ўкраінскай мовы.
Заходнепалеская група гаворак не з’яўляецца аднароднай дыялектнай адзінкай. На аснове вывучэння ў 1970-х гадах тэрытарыяльнага пашырэння розных тыпаў фанетычных сістэм у Заходнім Палессі Ф. Д. Клімчук прапанаваў групаваць заходнепалескія гаворкі ў чатыры асноўныя тыпы, якія знаходзяцца ў складаным арэальным размеркаванні.
Гаворкі заходнепалескай групы аб’ядноўваюцца шэрагам агульных дыялектных з’яў з гаворкамі заходняй часткі беларускага арэала — з гаворкамі полацкай групы паўночна-ўсходняга дыялекту (выключаючы ўсходнюю частку іх арэала), заходнімі сярэднебеларускімі гаворкамі і гаворкамі гродзенска-баранавіцкай групы паўднёва-заходняга дыялекту, у сувязі з чым заходнепалескі арэал уключаюць у заходнюю дыялектную зону. Моўныя рысы астатніх дыялектных зон Беларусі (паўночна-заходняй, цэнтральнай, паўднёва-ўсходняй і ўсходняй) для заходнепалескіх гаворак нехарактэрныя. Заходнепалескія гаворкі знаходзяцца ў адзіным дыялектным кантынууме як з суседнімі беларускімі, так і з ўкраінскімі гаворкамі. Пры гэтым адзначаецца большая блізкасць заходнепалескіх да ўкраінскіх валынска-палескіх гаворак. У той жа час, знаходзячыся з пачатку XX стагоддзя пад уплывам літаратурнай беларускай мовы, адзначаецца збліжэнне заходнепалескіх гаворак з астатнім беларускім моўным арэалам.
Гаворкі заходнепалескай групы размяшчаюцца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі, на большай частцы Брэсцкай вобласці — у яе заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах. Згодна з сучасным адміністрацыйным падзелам, заходнепалескія гаворкі пашыраны ў Брэсцкім, Камянецкім, Маларыцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Драгічынскім, Іванаўскім і Пінскім раёнах, а таксама ў паўднёвых частках Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў і ў заходніх частках Лунінецкага і Столінскага раёнаў. Увогуле паўночная і ўсходняя мяжа групы ідзе па лініі: на поўдзень ад Шарашова, Пружанаў, Бярозы, на поўнач ад Белаазёрска, на поўдзень ад Целяхан, на паўночны ўсход ад Лагішына і Пагоста Загародскага, на паўднёвы захад ад Лунінца, на ўсход ад Дубая, на паўночны ўсход ад Століна і Стругі. Гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў межах заходнебеларускай часткі геаграфічнай і гісторыка-культурнай вобласці Палессе.
Акрамя таго, гаворкі заходнепалескага тыпу захоўваюцца ў шэрагу раёнаў цэнтральнай часткі Падляскага ваяводства Польшчы, на поўдзень ад Беластока. Згодна з даследаваннямі польскіх дыялектолагаў, на тэрыторыі Польшчы гэтыя гаворкі (брэсцка-пінскага тыпу) абмяжоўваюцца лініяй Вітова — Кляшчэлі — Няміраў — Янаў-Падляскі — на захад ад Ракітна — Тучна — Ганна — Уладава. Паўночнабрэсцкія гаворкі на тэрыторыі Польшчы сустракаюцца ў гмінах Белавежа і Нараў.
На захадзе гаворкі Заходняга Беларускага Палесся мяжуюць, альбо размешчаны цераспалосна, з падляшскімі гаворкамі мазавецкага дыялекту польскай мовы. На поўначы да арэала заходнепалескай групы гаворак прымыкае арэал гродзенска-баранавіцкай групы, а на ўсходзе — арэал слуцка-мазырскай групы паўднёва-заходняга дыялекту. На поўдзень ад заходнепалескіх гаворак знаходзяцца блізкія ім валынска-палескія (заходнепалескія) гаворкі паўночнага дыялекту ўкраінскай мовы.
Асноўныя асаблівасці
Фанетыка Оканне, то бок адрозненне ненаціскных галосных неверхняга пад’ёму (молоко́, голова́, здоро́вый, дава́й). У гаворках асноўнага беларускага дыялектнага масіву адзначаецца аканне і неадрозненне галосных у ненаціскным становішчы (вада́, галава́). Вымаўленне на месцы гістарычнага «яця» (ѣ) пад націскам пераходзіць у галосную [і] (б’і́лый, с’і́но, на ноз’і́, л’іс). У астатніх беларускіх гаворках адзначаецца пераход у [е] або [іе] (лес). У закрытым складзе пад націскам гукі [о] і [е] пераходзяць у [і] (к’ін, п’іч, н’іс). У гаворках астатняга беларускага арэала ў закрытым складзе пад націскам адзначаецца захаванне [о] або яго пераход у [ô], [уо] (кон, кôн, куон), а таксама пераход [е] ў ['е], ['о], [іе], ['ô], [уо] (печ, пôч). Цвёрдасць губных і пярэднеязычных зычных перад этымалагічнымі [е], [і] (вэ́чор, бэ́рог, дэн’, тэ́плый, нысэ́, вызэ́, мы́ска, бы́ты, ходы́ты, зыма́), а таксама цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (но́гы, кы́нуты, хы́трый). Наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (нож’і́, ш’а́пка, ж’а́ба), мяккага гука [р'] (р’і́чка, гор’і́х, пор’а́док) і мяккага [ц'] (жнэц’, хло́пэц’, на конц’і́). Губна-зубны або губна-губны гук [в] ужываецца на месцы літаратурнага [ў] (правда, сказав). Наяўнасць спалучэння [мн'] адзначаецца перад галоснай [а] (мн’а́та, мн’а́со), у адрозненне ад [м'] ці [мj] у іншых беларускіх дыялектах. Адсутнічаюць цеканне і дзеканне (т’ін, т’і́ло, т’агну́ты, д’і́д, д’і́вчына, д’а́куваты). Звонкія зычныя на канцы слова не аглушаюцца (грыб, пор’і́г, огоро́д, н’іж, моро́з).
Марфалогія
Назоўнік Пашырэнне канчатка -ові ў назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду ў формах давальнага і меснага склонаў адзіночнага ліку (брато́ві, аб брато́ві, малако́в’і, на бало́тов’і). У родным склоне множнага ліку назоўнікаў жаночага і ніякага роду ўжываецца канчатак -эй (хатэ́й, озёрэй, очэ́й).
Прыметнік Канчатак -ый сустракаецца ў назоўным склоне прыметнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (но́вый, сы́ный, молоды́й, круты́й). Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку маюць канчатак -ому (но́вому, у хоро́шому).
Займеннік Указальныя займеннікі маюць формы гэ́той, гэ́тый, гэ́та, гэ́тэ, гэ́ты, гэ́то, а асабовыя займеннікі — формы мн’і, йе́ю.
Дзеяслоў Дзеясловы ў форме трэцяй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу маюць цвёрды [т] на канцы (хо́дыт, ба́чыт), а інфінітыў заканчваецца на -ты (ходыты, бачыты). Пры ўтварэнні формаў першай асобы адзіночнага ліку і трэцяй асобы множнага ліку дзеясловаў другога спражэння з асновай на губны ўзнікаюць у аснове гукі [л’] або [й] (куплю́, зловлю́, ку́плять, зло́влять).
Лексіка У лексіцы шырока пашыраны такія словы, як клу́ня (гумно), пова́л (столь), прач (пранік), пацыя́т (франтон), ші́пка (павець), быя́к (біч), шы́тык (папруга), судосы́ты (сустрэць), волочы́ты (баранаваць), лата́ты (лапіць), нату́рлывый (наравісты, пра каня), пас/па́сок (шрам на скуры жывёлы), во́ло (валлё), сокоры́ты (сакатаць, пра курэй), пойня́ты (злавіць), дурны́й (шалёны, пра сабаку), волося́нка (пліска), блох (блыха), уздро́ (ніжняя частка снапа), сныты́й (галаўня ў ячмені, пшаніцы, просе), ве́я/ве́йка (павека), шы́хля/шэ́хля (трасца), коцюба́ (качарга), удво́е (у дзве столкі), а таксама падзыўныя для кароў бы́цю-бы́цю і для курэй путь-путь.
Дыялектныя тыпы і мікразоны У межах заходнепалескіх гаворак вылучаюцца чатыры асноўныя дыялектныя тыпы: сярэднезагародскія, паўднёвазагародскія, паўночназагародскія і тараканскія. Яны адрозніваюцца паміж сабой рознай рэалізацыяй галосных у націскной пазіцыі. Галосны [о] ў новых закрытых складах перайшоў у [і] ў сярэднезагародскіх, паўднёвазагародскіх і тараканскіх гаворках (в’ін, в’із, б’іл’ш, сіл’, ніс, к’ін’), а ў паўночназагародскіх — у [у] (вун, вуз, бул’ш, сул’, нус, кун’). Этымалагічныя гукі [а], [ę] ў сярэднезагародскіх і паўночназагародскіх гаворках рэалізуюцца як ['а] (вз’ав, с’а́ду, гл’а́ну, ш’а́пка, з’ат’), у той час як у паўднёвазагародскіх і тараканскіх — як ['е] (вз’ев, с’е́ду, гл’е́ну, ш’е́пка, з’ет’). Гукі [е], [ь] у сярэдне-, паўднёва- і паўночназагародскіх гаворках перайшлі ў [е] (дэн’, вызэ́, бэ́рог, мэд, вычэ́ра, цэ́рква), а ў тараканскіх — у [а] (дан’, выза́, бару́г, мад, выча́ра, ца́рква). У тараканскіх гаворках, якія пашыраны ў Драгічынскім раёне, адзначаюцца спецыфічныя рэгіянальныя лексемы і словаформы: бруслэ́нэ (брусніцы), бу́кач (птушка бугай), зало́га (каўнер кажуха), к’еп (кепка), кута́с’а (стужка), нару́ччэ (абярэмак), па́смо (пластаванне абэрэмак сена), пасмова́тэ (пластаваць граблямі сена), п’і́лка (кош, плецены з лазы і саломы), хварту́х (ніжняя частка, нахіл у франтоне), ц’і́ха (радно), ш’е́нка (невялікі мяшок).
Акрамя дыялектных тыпаў, у арэале заходнепалескіх гаворак вылучаюцца дыялектныя зоны і мікразоны, а таксама перыферыйныя групы, пераходныя да суседніх гаворак — паўночнабрэсцкіх і ўсходнепалескіх. Мяжа паміж заходнезагародскай і ўсходнезагародскай мікразонамі праходзіць па заходняй частцы Іванаўскага раёна. Для заходнезагародскай зоны характэрны часціцы -с’а, -с''' (найі́вс’а, найі́вс’, вмы́лас’а, вмылас’, платы́лос’), суфікс -с’к- (бат’ковс’кый, с’іл’с’кый, Пын’с’к). Этымалагічны [ц'] у ненаціскных складах і на канцы слоў тут пераважна захаваў мяккасць (гу́лыц’а, рукавы́ц’а, конэ́ц’, хло́пэц’). Формы прыметнікаў у множным ліку маюць выгляд мало́йе, старо́йе, золото́йе, а лічэбнікі — с’ім, шыст’. Усходнезагародскай зоне ўласцівы часціцы -са, -со (найі́вса, вмы́ласа, платы́лосо), суфікс -ск- (ба́т’ковскый, с’іл’скый, Пынск). Этымалагічны [ц'] у ненаціскных складах і на канцы слоў пераважна зацвярдзеў (гу́лыца, рукавы́ца, конэ́ц, хло́пэц), формы прыметнікаў множнага ліку гучаць як малэ́е, старэ́е, золотэ́е, лічэбнікі — сэм, шэст’.
Мікразоны