Anthropic — амерыканская кампанія, якая займаецца даследаваннямі ў галіне штучнага інтэлекту і стварэннем праграм з яго выкарыстаннем. Была заснавана ў 2021 годзе былымі супрацоўнікамі OpenAI. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Сан-Францыска.

Anthropic распрацавала сямейства вялікіх моўных мадэляў пад назвай Claude і шэраг інструментаў для распрацоўкі праграмнага забеспячэння на яго аснове.

У лютым 2026 года ацэначны кошт Anthropic складаў 380 мільярдаў долараў.

Гісторыя

Anthropic была заснавана ў 2021 годзе сямю былымі супрацоўнікамі OpenAI. Сярод іх былі сястра і брат Даніэла Амадэй () і Дарыё Амадэй (), якія сталі адпаведна прэзідэнткай і генеральным дырэктарам новай кампаніі. Раней у OpenAI Дарыё Амадэй быў віцэ-прэзідэнтам па даследаваннях.

Улетку 2022 года Anthropic скончыла навучанне першай версіі вялікай моўнай мадэлі Claude, але не выпусціла яе, спасылаючыся на неабходнасць далейшага ўнутранага тэставання бяспекі.

Выпуск першых версій Claude — Claude і Claude Instant — адбыўся ў сакавіку 2023 года, аднак доступ да іх атрымалі толькі тыя карыстальнікі, якіх пацвердзіла Anthropic. Наступная версія — Claude 2 — была выпушчана для ўсіх ахвотных у ліпені 2023 года.

У сакавіку 2024 года Anthropic выпусціла тры моўныя мадэлі: Claude 3 Opus, Claude 3 Sonnet і Claude 3 Haiku, у парадку змяншэння прадукцыйнасці. У чэрвені 2024 года была выпушчана Claude 3.5 Sonnet.

У лютым 2025 года быў выпушчаны асістэнт для праграмістаў Claude Code.

У маі 2025 года кампанія выпусціла Claude 4 Opus і Sonnet, якія мелі палепшаныя магчымасці ў праграмаванні. Таксама былі прадстаўлены новыя магчымасці API, у тым ліку вэб-пошук, які дазволіў Claude атрымліваць доступ да інфармацыі з Інтэрнэту ў рэжыме рэальнага часу, і канектар з MCP () серверамі.

У лістападзе 2025 года Nvidia, Microsoft і Anthropic абвясцілі аб партнёрскай дамове. У рамах дамовы Nvidia і Microsoft павінны інвеставаць у Anthropic да 15 мільярдаў долараў. Пры гэтым Anthropic абвясціла, што купіць у Microsoft Azure вылічальныя магутнасці, якія працуюць на сістэмах штучнага інтэлекту Nvidia, на суму 30 мільярдаў долараў.

У лютым 2026 года былі выпушчаны Claude Opus 4.6 , а затым Sonnet 4.6.

Прадукты

Асноўным прадуктам Anthropic з’яўляецца серыя вялікіх моўных мадэляў Claude, назва якіх лічыцца адсылкай да матэматыка Клода Шэнана. Кампанія прадастаўляе доступ да мадэляў праз вэб-інтэрфейс, API, сэрвіс Amazon Bedrock, а таксама праграмы для iOS, MacOS і Windows.

Claude Code — гэта праграма з інтэрфесам каманднага радка, якая прызначана для аўтаматызацыі задач праграміста з дапамогай штучнага інтэлекту. Яна выкарыстоўвае Claude праз API і можа працаваць па заданай канфігурацыі без нагляду праграміста.

Claude Cowork — гэта эквівалент Claude Code з графічным інтэрфейсам. Ён быў створаны, каб спрасціць выкарыстанне Claude для нетэхнічных карыстальнікаў.

Гл. таксама Бум штучнага інтэлекту

Крыніцы

Знешнія спасылкі

Катэгорыя:Выкарыстанне штучнага інтэлекту