Пола (Паліна) Бен-Гурыён (іўр. פולה בן-גוריון), 8 красавіка 1892, Мінск — 29 студзеня 1968, Беэр-Шэва, жонка прэм’ер-міністра Ізраіля Давіда Бен-Гурыёна, у гады яго кадэнцыі — важная публічная асоба ў Ізраілі, па адукацыі медыцынская сястра.

Паліна Мунвайс нарадзілася ў Мінску ў 1892, а ў 1904 годзе разам з сям’ёй эмігравала ў ЗША, асеўшы ў Нью-Ёрку — як і многія яўрэі ў гэты час, ратуючыся ад пагромаў і нестабільнасці. Хутка вывучыўшы англійскую мову, яна атрымала адукацыю медыцынскай сястры і пачала працаваць у хірургічным аддзяленні шпіталя ў Ньюарку.

Свайго будучага мужа яна сустрэла ў 1915 годзе, калі Давід быў вымушаны пакінуць асманскую Палестыну ў сувязі з І Сусветнай вайной. Ён адчуваў сябе самотна ў Амерыцы і папрасіў Полу суправаджаць яго ў бібліятэку, каб яна дапамагала яму ў працы над матэрыяламі аб будучыні габрэйскай дзяржавы. На той момант яна ўжо была старэйшай медсястрой і была хутчэй праціўніцай, чым прыхільніцай сіянізма, аддаючы перавагу анархісцкім поглядам, але ў цэлым адчуваючы сябе камфортна ў Амерыцы. Каханне і перакананасць Давіда змянілі яе погляды толькі часткова, да канца жыцця яна ставілася да большасці сіяніцкіх ідэй скептычна.

Яны ажаніліся 5 снежня 1917 годзе на грамадзянскай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу, і ўжо на наступны дзень пасля вяселля Пола вярнулася да працы ў аперацыйную. Да гэтага моманту нават блізкія сябры Бен-Гурыёна не ведалі пра іх рамантычныя адносіны. У далейшым, яны так і не аформілі шлюб паводле рэлігійных канонаў, хаця ім не раз гэта прапаноўвалі. Пазней, калі Давід уступіў у Габрэйскі легіён і з’ехаў на службу, Пола засталася ў Нью-Ёрку цяжарнай, і неўзабаве нарадзілася іх дачка Геўла. Толькі праз 18 месяцаў, у лістападзе 1919, сям’я ўз’ядналася ў Эрэц-Ісраэль, і Давід упершыню ўбачыў сваю дачку.

У далейшым Пола вяла хатнюю гаспадарку, выхоўвала траіх дзяцей, сачыла за здароўем мужа і ніколі не абцяжарвала яго бытавымі клопатамі. Бывалі выпадкі, калі Давід знаходзіўся за мяжой, а Пола таемна падзарабляла медсястрой, каб не трывожыць яго фінансавымі цяжкасцямі. Як пісала ізраільская гісторык Аніта Шапіра, Пола не была інтэлектуальным ці эмацыйным партнёрам для Бен-Гурыёна, але затое прысвяціла жыццё клопату пра яго. Яна пазнаёміла яго з правіламі асабістай гігіены, такімі як рэгулярнае купанне, чыстка зубоў і нават змена ніжняй бялізны, да якіх ён раней не прызвычаіўся.

На працягу амаль 15-гадовага (з перапынкам) перабывання мужа на пасадзе прэм’ер-міністра, хаця Пола не займала афіцыйных пастоў, яе нефармальны ўплыў на ізраільскую палітыку як "першай лэдзі" быў вельмі адчувальным. Каб звязацца з прэм’ер-міністрам, трэба было спачатку прайсці праз яе. Яна магла адмяніць прыём, калі муж спаў, або выкрасліць са спісу гасцей тых, хто ёй асабіста не падабаўся. Аднак яна ніколі не імкнулася ўмешвацца ў дзяржаўныя справы — хутчэй, абараняла свайго мужа ад празмернага ціску. Яна сябравала з палітычнымі супернікамі мужа — Менахемам Бегіным і Пінхасам Лавонам, і нават асабіста спрабавала пераконваць апанентаў змяніць сваю пазіцыю, калі лічыла гэта правільным.

Пасля першай адстаўкі Бэн-Гурыёна ў 1953 годзе муж і жонка пераехалі ў кібуц Сдэ-Бокер у пустыні Негеў. Там Поле прыйшлося няпроста: яна была адарваная ад звыклага круга зносін і доўга абвыкала да кібуцного жыцця. Пасля яго другой адстаўкі ў 1963 парв пасялілася там на стала. Пола памерла ў студзені 1968 гады ад кровазліцця ў мозг у шпіталі ў Беэр-Шэве. Бэн-Гурыён абраў для яе і сябе месца апошняга спачыну на схіле над ручаём Цын у пустыні Негеў. Цырымонію пахавання наведалі многія, у тым ліку яе сябры і нават палітычныя супернікі мужа.

Крыніцы

Літаратура

Shapira, Anita (2014). Ben-Gurion: Father of Modern Israel. Yale University Press. ISBN 978-0-300-18273-6 Glass, Joseph B. (2008). «American Jewish Women and Palestine, Their Immigration, 1918—1939.». In Kark, Ruth; Shilo, Margalit; Hasan-Rokem, Galit (eds.). Jewish Women in Pre-state Israel: Life History, Politics, and Culture. Brandeis University Press. pp. 63-83. ISBN 978-1-58465-702-6. Reinharz, Shulamit (1999). Jewish Women and Women’s Issues in the Yishuv (Palestine) and Israel: A Timeline of People, Places and Ideas, 1880—1998 (Report). Hadassah International Research Institute on Jewish Women at Brandeis University.