То́маш Ненарто́віч (; нар. 1985, Вільня) — літоўскі гісторык і даследчык, спецыяліст па гісторыі картаграфіі, геапалітыцы і гісторыі Усходняй Еўропы.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Вільні. Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымаў у віленскай сярэдняй школе імя Яна Паўла II, якую скончыў у 2004 годзе. З 2004 па 2008 год вучыўся ў Віленскім педагагічным універсітэце, дзе атрымаў ступень бакалаўра па спецыяльнасці «нямецкая філалогія». Пазней пераехаў у Германію для працягу адукацыі.
З 2008 па 2011 год навучаўся ў магістратуры Гісенскага ўніверсітэта імя Юстуса Лібіха ў межах міждысцыплінарнай праграмы, якая ахоплівала гісторыю Усходняй Еўропы, славістыку і паліталогію. Яго магістарская праца была прысвечана дзейнасці Арміі Краёвай на Віленшчыне і сутыкненню савецкай, польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфій і гістарычных культур у гэтым пытанні. Пасля паспяховай абароны атрымаў ступень магістра гуманітарных навук.
З 2011 па 2015 год праходзіў дактарантуру пры Гісенскім універсітэце і паралельна з'яўляўся стыпендыятам Вышэйшай школы імя Лейбніца пры Інстытуце Гердэра ў Марбургу. Падчас навучання працаваў над дысертацыяй, прысвечанай гісторыі картаграфіі і тэрытарыялізацыі ў Паўночна-Усходняй Еўропе на прыкладзе Віленскага края. Паспяхова абараніў працу і атрымаў навуковую ступень доктара.
Навуковая дзейнасць Асноўны кірунак даследаванняў Томаша Ненартовіча — аналіз польскіх, літоўскіх і савецка-беларускіх канцэпцый тэрытарыялізацыі, а таксама ўплыў экспертных ведаў (географаў, геолагаў, этнографаў) на геапалітыку ў памежных рэгіёнах Усходняй Еўропы ў перыяд 1890—1939 гадоў. У сваіх працах ён даследуе ўзаемадзеянне картаграфічных практык і тэрытарыяльных ідэнтычнасцей, асабліва ў рэгіёнах, якія знаходзіліся пад уплывам імперскай і транснацыянальнай дынамікі.
Асаблівую ўвагу ён надае балцка-славянскай прасторы, былому расійскаму Паўночна-Заходняму краю, вывучаючы адносіны паміж польскімі, літоўскімі, беларускімі, расійскімі і нямецкімі картаграфічнымі экспертнымі культурамі і іх сувязі з палітычнымі працэсамі. Ненартовіч выкарыстоўвае транснацыянальную перспектыву, каб прасачыць геапалітычныя дыскурсы і прааналізаваць, як нацыянальныя, моўныя і рэлігійныя (каталіцкія, праваслаўныя, іўдзейскія) аргументы выкарыстоўваліся ў картаграфіі для легітымізацыі тэрытарыяльных прэтэнзій.
У 2016 годзе ў Мюнхене выйшла яго фундаментальная манаграфія «Імператарска-расійскія, нямецкія, польскія, літоўскія, беларускія і савецкія картаграфічныя ўяўленні і тэрытарыяльныя праекты ў кантактным рэгіёне Вільні 1795—1939» (ням.: Kaiserlich-russische, deutsche, polnische, litauische, belarussische und sowjetische kartographische Vorstellungen und territoriale Projekte zur Kontaktregion von Wilna 1795-1939).
Бібліяграфія Nenartovič, Tomaš. Die «Heimatarmee» (Armia Krajowa) im Wilnagebiet. Sowjetische, polnische, litauische und belarussische Historiographien und Geschichtskulturen im Widerstreit. (Магістарская праца). — Gießen: Justus-Liebig Universität, 2011.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1985 годзе Катэгорыя:Гісторыкі Літвы Катэгорыя:Гісторыкі картаграфіі Катэгорыя:Выпускнікі Гісенскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі Акадэміі асветы ўніверсітэта Вітаўта Вялікага