Васіль Віктаравіч Шкодзіч () — беларускі паэт і грамадска-палітычны актывіст у Заходняй Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся каля 1904-1905 года ў Лаўрынавічах у незаможнай сялянскай сям’і, якая валодала 4,5 дзесяцінамі зямлі.

Падчас Першай сусветнай вайны, з 1915 года разам з сям’ёй быў у бежанстве ў Табольскай губерні Расіі. У бежанстве памерлі бацькі. Вярнуўся на радзіму ў 1921 годзе з малодшымі братам і сястрой. Скончыў польскую пачатковую школу.

Нацыянальную свядомасць абудзілі беларускія газеты. З сярэдзіны 1920-х гадоў Васіль Шкодзіч актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух. Быў актывістам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выконваў абавязкі ўпаўнаважанага і даверанай асобы БСРГ па Ваўкавыскім павеце, пазней узначальваў гмінны камітэт арганізацыі ў мястэчку Лыскаве і, імаверна, уваходзіў у павятовы камітэт. У прамовах выступаў за стварэнне незалежнай Беларусі і адкрыццё беларускіх школ. Да снежня 1926 года пры ўдзеле Шкодзіча на Ваўкавышчыне арганізавана больш за 90 гурткоў Грамады.

У студзені 1927 года, падчас масавых рэпрэсій супраць БСРГ, Васіль Шкодзіч арыштаваны ў Ваўкавыску польскімі ўладамі. У 1928 годзе на «працэсе пяцідзесяці шасці» ў Вільні асуджаны на 6 гадоў цяжкага (строгага рэжыму) турэмнага зняволення. У сакавіку 1929 года Віленскі апеляцыйны суд скараціў тэрмін да 3 гадоў. Пакаранне адбываў у турме Каранова. У зняволенні ўдзельнічаў у «Літаратурных серадах», арганізаваных Сымонам Рак-Міхайлоўскім, дзе з іншымі вязнямі (Сяргеем Хмарам, Пятром Мятлам, Максімам Бурсевічам) чытаў свае творы.

Вызвалены з турмы каля 1929—1930 года, у 1931 годзе яшчэ вядомы яго публікацыі ў беларускіх выданнях. Пасля 1931 года звестак пра Васіля Шкодзіча няма. На думку Горнага і Мікуліча, ён мог нелегальна перайсці ў БССР, далейшы яго лёс невядомы, у спісах рэпрэсаваных у СССР яго прозвішча не выяўлена.

Сям’я

Бацькі — Віктар і Сафія Шкодзічы, памерлі ў бежанстве ў Расіі. Брат — Павел Шкодзіч, вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адлічаны ў 1929 годзе за ўдзел у забастоўках, выехаў у СССР, у 1937 годзе рэпрэсаваны. Імя сястры пакуль не вядома.

Творчасць Аляксандр Горны і Мікола Мікуліч характарызуюць творчасць Шкодзіча як «прыкметную старонку літаратурнай гісторыі Заходняй Беларусі».

Друкаваўся з 1926 годзе, дэбютаваў вершам «Люблю вясну» ў газеце «Сялянская ніва». Супрацоўнічаў з выданнямі «Наша праўда», «Шлях моладзі», «Беларускі звон», «Беларускі календар».

Паэзія Шкодзіча развівалася ў рэчышчы традыцыйнай лірыка-апавядальнай плыні, блізкай да фальклору і традыцый «нашаніўства». Тэматыка твораў звязана з жыццём вёскі, прыродай і нацыянальна-вызваленчай барацьбой. Для вершаў Шкодзіча характэрна выкарыстанне сімвалічных вобразаў (сонца і вясна як сімвалы волі; хмары і бура як вобразы прыгнёту).

Асноўныя паэтычныя творы: «Люблю вясну» (1926); «Вясьняныя лятуценьні» (1927); «Родныя гоні» (1928); «Дзе бяжыш ты, рэчка?» (1928); «Сонейка мілага косы вясьняныя…» (1929); «Увосені» (1930); «Беларусу» (1930); «Калі ў час маўклівай адзіноты…» (1931); «Шуміць ясень…» (1931).

Акрамя вершаў, у турмах Васіль Шкодзіч напісаў некалькі сцэнічных твораў, а таксама, імаверна, працу «Абазначэнне палітычнай эканоміі». Рукапісы гэтых твораў захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.

Шэраг твораў Шкодзіча апублікаваны ў часопісе «Роднае слова» ў даследчым артыкуле Горнага і Мікулічам.

Крыніцы