Іва́наўск (, ) — колішні маёнтак, пазней вёска ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Ігуменка.
Гісторыя
Да 1795 года гэтыя землі належалі віленскаму біскупству, аднак пасля апошняга, трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, гэтыя землі былі канфіскаваныя ўладамі Расійскай імперыі і перададзены розным генералам, гэтая мясцовасць дасталася Івану Шэвічу. Верагодна, менавіта Шэвіч заклаў тут маёнтак з назвай Іванаўск. Землі ўваходзілі ў склад Ігуменскага павета Мінскай губерні. За часамі прыгоннага права маёнтак быў цэнтрам буйных уладанняў з навакольных вёсак.
Пасля 1861 года ў Юравіцкай воласці Ігуменскага павета, пазней Хутарской. У 1876 годзе ўладальнікамі Іванаўска былі праваслаўныя дваране Дзмітрый, Сяргей і Іван Ягоравічы. Гаспадаркай займаўся арандатар, былі карчма з гадавым прыбыткам 900 рублёў і млын з гадавым прыбыткам 700 рублёў. У 1888 годзе землеўладальнікамі былі Іван і Сяргей Ягоравічы, мелі 21350 дзесяцін зямлі.
У пачатку XX стагоддзя ў маёнтку дзейнічала шавецка-цвіковая фабрыка.
У 1914 годзе землеўладальнікамі былі: Лідзія Іванаўна Мірковіч (разам з маёнткам Вялень і Азярычына было 5555,85 дзесяцін), Клеапатра Іванаўна Сукаўкіна (1189,85 дзесяцін), Іван Ягоравіч Шэвіч (14278,30 дзесяцін).
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёмасць маёнтка нацыяналізаваная. На землях у межах аграрнай палітыкі «Беларусь — чырвоная Данія» былі ўтвораны шматлікія пасёлкі. Працавала калодачная фабрыка «Праца», на якой вырабляліся шавецкія калодкі, была конная крупарушка.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Пасля вайны Іванаўск далучаны да вёскі Калодзежы.
Насельніцтва
1908 год — 1 двор, 53 жыхары 1917 год — маёнтак, 1 двор, 147 жыхароў, усе беларусы; фабрыка, 1 двор, 202 жыхары, з іх 98 беларусаў, 26 палякаў і 78 яўрэяў
Сучаснасць На сёння ў ваколіцах колішняга маёнтка існуе Іванаўскае лясніцтва, дзе размешчаны Іванаўскі заказнік. У вёсцы Калодзежы вуліца на месцы колішняга маёнтка мае назву Іванаўская.
Крыніцы
Літаратура