Ва́льтэр Е́гер (; , Берлін — , Веймар) — нямецкі журналіст, рэдактар, тэатральны крытык і пісьменнік. Рэдактар першай нямецкамоўнай інфармацыйнай кнігі, цалкам прысвечанай Беларусі («Weissruthenien…», 1919).

Біяграфія Нарадзіўся 5 красавіка 1885 года ў Берліне. Да пачатку Першай сусветнай вайны быў прафесійным журналістам, пераважна пісаў пра тэатр і драматургію.

З пачаткам вайны быў прызваны ў германскую армію ў якасці апалчэнца-рэзервіста і накіраваны на Усходні фронт у Вільню. Спачатку ён вёў раздзел гарадской хронікі ў афіцыйнай нямецкай акупацыйнай газеце «Zeitung der 10. Armee» (Газета 10-й арміі). Пазней яму даручылі рыхтаваць больш разгорнутыя матэрыялы, і ён вярнуўся да сваёй першапачатковай спецыяльнасці — тэатральнай крытыкі і культурніцкай публіцыстыкі. Па заданні рэдакцыі вывучаў мясцовую архітэктуру і культурную спадчыну. Падчас знаходжання ў Вільні Егер пазнаёміўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, згуртаванымі вакол Антона Луцкевіча, верагодна, праз пасрэдніцтва перакладчыцы Юліяны Менке.

Пасля вайны і завяршэння працы з беларускімі дыпламатамі ў Берліне Егер не вяртаўся да беларускай тэматыкі. Яго асноўнай сферай дзейнасці зноў стала драматургія, у прыватнасці, сацыялогія радыёпастановак. Перажыўшы часы гітлераўскай Германіі, ён пасяліўся ў Веймары на тэрыторыі ГДР. Там супрацоўнічаў з рознымі перыядычнымі выданнямі і пісаў кнігі для дзяцей і юнацтва.

Памёр 11 верасня 1962 года ў Веймары.

Выданне кнігі пра Беларусь Увесну 1919 года Дыпламатычная місія БНР у Берліне на чале з Л. Зайцам інтэнсіўна шукала шляхі для правядзення інфармацыйнай кампаніі напярэдадні Парыжскай мірнай канферэнцыі. Маючы патрэбу ў дасведчаным нямецкамоўным рэдактары, беларусы запрасілі Вальтэра Егера стаць укладальнікам і рэдактарам інфармацыйнай брашуры пра Беларусь.

Егер сутыкнуўся з недахопам аўтарскіх тэкстаў і матэрыялаў па гісторыі, эканоміцы і геаграфіі Беларусі, паколькі беларускія спецыялісты знаходзіліся па-за межамі Германіі. Таму кніга стваралася як кампіляцыя. Раздзел па гісторыі быў напісаны саветнікам місіі Валянцінам Дзітманам, раздзел па эканоміцы падрыхтаваў Пётра Крачэўскі, а матэрыялы па літаратуры і фальклоры прадаставіў нямецкі славіст Рудольф Абіхт. Сам Вальтэр Егер, не маючы адпаведнага вопыту, вымушаны быў кампіляваць раздзелы пра тэрыторыю і насельніцтва на аснове прац нямецкіх географаў і старых расійскіх энцыклапедый.

Кніга пад назвай «Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung» («Беларусь. Абшар, жыхары, гісторыя, народная гаспадарка, культура, паэзія») выйшла ў Берліне ў кастрычніку 1919 года ў выдавецтве Карла Курцыуса (надрукавана ў славянскай друкарні Юзафа Галеўскага). З-за спешкі пры падрыхтоўцы выданне мела шэраг тэхнічных хібаў і памылак у ілюстрацыях, але стала важнай вяхой як першае ў гісторыі нямецкамоўнае выданне, цалкам прысвечанае беларускім землям.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Пісьменнікі Германіі Катэгорыя:Журналісты Германіі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Берліне Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1885 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Веймары Катэгорыя:Памерлі ў 1962 годзе