Алена Міронаўна Чухнюк () — беларуская і савецкая чыгуначніца, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР ад Гомельскай вобласці, Герой Сацыялістычнай Працы (1943).
Біяграфія Нарадзілася 12 сакавіка 1917 года ў в. Дзьякоўка Вінніцкага павета Падольскай губерні Расійскай імперыі ў сялянскай сям’і.
У 1938 годзе паступіла на курсы памочнікаў паравознага машыніста пры Гомельскім лакаматыўным дэпо Беларускай чыгункі, пасля заканчэння якіх працавала ў дэпо Гомель памочнікам машыніста паравоза, затым — машыністам калоны Беларускай чыгункі. Вадзіла вялікагрузныя цягнікі на Оршу, Магілёў, Чарнігаў.
У 1941 годзе ёй прысвоена званне «Ганаровы чыгуначнік».
Вялікую Айчынную вайну сустрэла ў Гомелі. Падчас вайны вадзіла вайсковыя цягнікі са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту — пад Яльцом, Сталінградам, Курскам, на Дняпры. З 1942 года — старшы машыніст паравознай калоны № 4 асобага рэзерву Народнага камісарыята шляхоў зносін СССР (на станцыі Масква-Кіеўская), узначальвала комплексную брыгаду паравоза «Эм723-88», маючы ў падпарадкаванні дзве брыгады. У 1942 годзе, ведучы састаў з ваеннай тэхнікай на Сталінградскі фронт, на станцыі Пятроў Вал пры налёце варожых бамбардзіроўшчыкаў была паранена.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1943 года «за асобыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту і выбітныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнага транспарта ва ўмовах ваеннага часу» удастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Нараўне з А. М. Аляксандравай і Г. П. Жаркавай яна была адной з першых чыгуначніц СССР, якія атрымалі гэтае званне.
Зімой 1943—1944 гадоў на Паўночна-Пячорскай чыгунцы вадзіла цягнікі з вуглем; ва ўмовах моцных маразоў арганізавала хуткасны рух вугальных маршрутаў, скараціўшы час дастаўкі грузу ў тры разы. Затым забяспечвала Курскі напрамак (Бранск — Унеча — Сухінічы), участкі Паўднёва-Заходняй і Львоўскай чыгунак (Кіеў — Казацін — Жмерынка — Гусяцін — Львоў — Тэрнопаль — Пярэмышль).
Пасля вайны скончыла Маскоўскі электрамеханічны інстытут інжынераў транспарту, працавала ў Міністэрстве шляхоў зносін СССР. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання (1946—1950; член Савета Саюза ад Гомельскай вобласці).
З 1981 года — на пенсіі. Уваходзіла ў Цэнтральны савет ветэранаў чыгуначнага транспарту. Пражывала ў Маскве.
Памерла 10 мая 2014 года. Пахавана ў Маскве на Траекураўскіх могілках.
Цікавыя факты За ўсю гісторыю існавання дэпо Гомель Беларускай чыгункі А. М. Чухнюк засталася адзінай жанчынай-машыністам паравоза.
Ушанаванне памяці Імем Алены Чухнюк названы электрацягнік ЭТ2М-045 Кастрычніцкай чыгункі; Імя Алены Чухнюк прысвоена дызель-цягніку ДР1Б-505 лакаматыўнага дэпо Гомель; цягнік курсіруе па маршруце Гомель — Магілёў і на іншых напрамках. У 2014 годзе на будынку лакаматыўнага дэпо Гомель устаноўлена мемарыяльная дошка А. М. Чухнюк. У 2014 годзе Белпошта выпусціла мастацкі маркіраваны канверт памяці А. М. Чухнюк у серыі «Жанчыны ў Вялікую Айчынную вайну»Новости (01.04-30.06 2014 г.).
Крыніцы
Спасылкі Имя, ставшее легендой Ушла наша легенда
Катэгорыя:Чыгуначнікі СССР Катэгорыя:Чыгуначнікі Беларусі Катэгорыя:Ганаровыя чыгуначнікі Катэгорыя:Дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР ад акруг Беларусі Катэгорыя:Дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання