Яўрэйская настаўніцкая семінарыя і народны ўніверсітэт — навучальная ўстанова (teachers' college), якая рыхтавала настаўнікаў для свецкіх яўрэйскіх школ, існавала ў Нью-Ёрку ў 1918—1979 гадах.
Заснавана Ёілам Энціным і Ягудам Койфманам, які стаў першым дырэктарам. Дзейнічала пад эгідай Паалей-Цыёна, адкрывала дарослым вучням магчымасць вывучаць свецкія і рэлігійныя дысцыпліны. Узорам служыў еўрапейскі «народны ўніверсітэт». У 1935 годзе зарэгістравана легіслатурай штата Нью-Ёрк з правам выдаваць навуковыя ступені. У 1964 годзе адкрыты аддзел яўрэйскай музыкі. У 1965 годзе ў яе склад уключаны настаўніцкі інстытут Герцлія, аб’яднаная ўстанова рыхтавала настаўнікаў як іўрыта, так і ідыша, па розных праграмах (прыводзіцца дата 1967). У 1979 годзе спыніла існаванне, структуры ўключаны ў аддзел іўдаікі Touro College.
Бібліятэка налічвала 40,000 кніг на ідышы і іўрыце (1970).
Адзіная ў ЗША рыхтавала настаўнікаў ідыша. Адзіная амерыканская ўстанова, ў якой доктарскія дысертацыі пісаліся на ідышы. Падтрымлівала ўсе амерыканскія школы на ідышы, акрамя камуністычных. У праграме звярталася асаблівая ўвага на «гістарычныя і рэлігійныя каштоўнасці і інстытуты, спадчыну ідыша і іўрыта … нацыянальнае адраджэнне на зямлі Ізраіля, ідэі яўрэйскага рабочага руху, амерыканскі дэмакратычны лад жыцця». Вывучаліся і даследаваліся ідыш і іўрыт, двухмоўная літаратура, педагогіка, гісторыя, філасофія, грамадазнаўства (у яўрэйскім кантэксце). Незалежны савет папячыцеляў, якім кіравалася семінарыя, складаўся з паалей-цыяністаў, прадстаўнікоў Рабочага кола і Сіянісцкай арганізацыі Амерыкі.
У 1940-я гады выдавала навуковы часопіс «Геданк ун лебм = The Jewish Review».
Спасылкі Jewish Teachers' Seminary and People’s University Smith, M. L. (2016). The Yiddish Historians and the Struggle for a Jewish History of the Holocaust. UCLA. pp. 56-58
Катэгорыя:Вышэйшыя педагагічныя навучальныя ўстановы Катэгорыя:Настаўніцкія семінарыі Катэгорыя:Універсітэты Нью-Ёрка Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1918 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1979 годзе Катэгорыя:Ідыш