За́мак Гёхштэт () — замак у горадзе Гёхштэт-на-Дунаі (Баварыя), помнік позняга нямецкага Рэнесансу.
Гісторыя Замак быў пабудаваны паміж 1589 і 1603 гадамі па жаданні пфальцграфа Філіпа Людвіга Нойбургскага па праектах Ліенхарта Грынейзена прыдворным дойлідам Зігмундам Доктарам. Гэта быў трохпавярховы будынак на прамавугольным падмурку з больш чым 120 пакоямі, франтонамі, лесвічнымі вежамі і чатырма круглымі вуглавымі вежамі. Гатычны бергфрыд папярэдняга будынка быў уключаны ў новую пабудову, парушаючы яе сіметрыю.
Замак служыў рэзідэнцыяй для ўдавы Філіпа Людвіга, Ганны Юліх-Клевэ-Бергскай, якая жыла там з 1615 па 1632 год. У адрозненне ад свайго сына Вольфганга Вільгельма, яна заставалася вернай пратэстанцкаму веравызнанню, пра што дагэтуль сведчыць роспіс замкавай капліцы. У пакоях захаваліся насценныя роспісы часоў пабудовы, столі з лепнінай і інкруставаныя парталы. Пазней замак служыў як акруговы суд з турэмнымі камерамі, а ў перыяд нацыянал-сацыялізму — для Рэйхспрацоўнай службы.
У 1980-я гады Баварскае ўпраўленне замкаў і азёр пачало рэстаўрацыю. З 2004 года амаль увесь замак адноўлены і адкрыты для наведвання. Толькі спальні герцагіні застаюцца не да канца адрэстаўраванымі (станам на 2007 год).
Роля падчас Другой сусветнай вайны Падчас Другой сусветнай вайны замак Гёхштэт стаў адным з цэнтральных пунктаў збору культурных каштоўнасцей, нарабаваных Аператыўным штабам рэйхсляйтара Розенберга (АШР) на акупаваных тэрыторыях СССР.
У 1944 годзе, у сувязі з набліжэннем лініі фронту, было прынята рашэнне аб эвакуацыі фондаў Мінскага краязнаўчага гістарычнага музея. Спачатку музейныя калекцыі былі перавезены ў горад Інстэрбург ва Усходняй Прусіі, аднак пазней, па загадзе з Берліна, іх накіравалі ў замак Гёхштэт у Баварыі. Вагоны з мінскімі экспанатамі прыбылі ў Гёхштэт 24 красавіка 1944 года. Адказнай за эвакуацыю з Мінска была прызначана супрацоўніца АШР доктар Эма Гаўпт. Акрамя беларускіх калекцый, у замку захоўваліся каштоўнасці, вывезеныя з Украіны (14 чыгуначных вагонаў) і іншых рэгіёнаў. Аператыўным штабам была прыцягнута група ўкраінскіх навукоўцаў для інвентарызацыі, а кіравалі працэсам захавальнік Паўль Грым і дырэктары Рудольф Штампфус і Вернер Хюле.
Разам з нарабаванымі калекцыямі ў Гёхштэт прыбыў і тагачасны дырэктар мінскага музея Антон Шукелойць, які заставаўся там пэўны час, імкнучыся сачыць за захаванасцю экспанатаў.
22 красавіка 1945 года замак быў узяты пад кантроль амерыканскай акупацыйнай адміністрацыяй. Пасля гэтага шматлікія экспанаты былі пашкоджаны або разрабаваны ўжо амерыканскімі вайскоўцамі. Усе каштоўнасці былі перавезены ў Мюнхенскі цэнтральны зборны пункт. Пасля працяглых перамоў, у кастрычніку 1947 года частка фондаў Мінскага гістарычнага музея была вернута ў Мінск. Усяго было перададзена 182 скрыні з экспанатамі, уключаючы старадрукі, абразы, этнаграфічныя матэрыялы і больш за 50 партрэтаў з Нясвіжскай калекцыі Радзівілаў.
Сучаснае выкарыстанне Сёння ў замку размяшчаюцца выставачныя залы для розных часовых выстаў, Рыцарская зала і замкавая капліца, якія выкарыстоўваюцца як канцэртныя залы, розныя семінарскія і канферэнц-залы, а таксама замкавы склеп для правядзення мерапрыемстваў. У 2009 годзе замак наведалі 12 900 чалавек.
Пастаянная выстава на другім паверсе прысвечана важнай для гісторыі Еўропы Другой бітве пры Гёхштэце 1704 года.
У 2010 годзе ў замку на плошчы амаль 900 квадратных метраў быў адкрыты Музей нямецкіх фаянсаў, дзе прадстаўлена каля 1000 экспанатаў. Музей дэманструе гісторыю і тэхналогію вытворчасці гэтай керамікі, а таксама вырабы з 58 фаянсавых мануфактур.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Баварскае ўпраўленне дзяржаўных замкаў, садоў і азёр Замак Гёхштэт (афіцыйны сайт) Пра роспіс замкавай капліцы і вежавага пакоя
Катэгорыя:Замкі Баварыі Катэгорыя:Раён Дылінген-на-Дунаі Катэгорыя:Пфальц-Нойбург Катэгорыя:Разрабаванне культурнай спадчыны Беларусі падчас Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Збудаванні Германіі ў стылі рэнесанс