«Левіяфан» — расійская сацыяльная драма 2014 года, знятая рэжысёрам Андрэем Звягінцавым.
Левіяфанам у Старым Запавеце (Іоў 40:20 — 41:26, Іс. 27:1) называюць міфалагічную марскую пачвару. У фільме гэты біблейскі вобраз выкарыстоўваецца як метафара дзяржаўнай улады. Падобнае атаясамленне ўпершыню выкарыстоўваў Томас Гобс, які ў сваім трактаце параўнаў дзяржаўную машыну з Левіяфанам. Аднак у Гобса ўзнікненне гэтага калектыўнага цела лагічна вынікае з неабходнасці спыніць вайну ўсіх супраць усіх, абмежаваць натуральныя правы ў імя грамадскай дамовы; тады як па фільме — ніякай узаемнай карысці не існуе, і дзяржава з’яўляецца адзіным пераможцам у знішчальнай вайне.
Галоўныя ролі выканалі Аляксей Серабракоў, Алена Лядава, Уладзімір Удавічэнкаў і Раман Мадзянаў. Над гэтай карцінай Звягінцава працаваў амаль той жа здымачны гурт, што і над папярэднім, «Аленай»: аператарскую працу ажыццявіў Міхаіл Крычман, музычную — Філіп Глас (выкарыстоўваецца музыка з оперы «Эхнатон»).
Карціна ўвайшла ў асноўную конкурсную праграму 67-га Канскага кінафестывалю і адразу пасля паказу была высока ацэнена сусветнай кінакрытыкай: фільм быў удастоены прыза за найлепшы сцэнарый. У лістападзе 2014 года фільм выйшаў на экраны ў Вялікабрытаніі, 5 лютага 2015 года — у Расіі.
У 2015 годзе «Левіяфан» стаў другім фільмам у гісторыі Расіі, які атрымаў прэмію «Залаты глобус» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове» (пасля фільма «Вайна і мір»). Фільм быў намінаваны на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», а таксама на прэмію BAFTA у катэгорыі «Найлепшы фільм не на англійскай мове».
Катэгорыя:Фільмы Расіі 2014 года Катэгорыя:Фільмы-драмы 2014 года Катэгорыя:Крымінальныя фільмы 2014 года Катэгорыя:Фільмы-драмы Расіі Катэгорыя:Крымінальныя фільмы Расіі Катэгорыя:Фільмы пра Расію Катэгорыя:Фільмы на рускай мове Катэгорыя:Фільмы Андрэя Звягінцава Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Андрэя Звягінцава Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Алега Негіна Катэгорыя:Фільмы — лаўрэаты прэміі «Залаты глобус» за найлепшы фільм на замежнай мове Катэгорыя:Фільмы — лаўрэаты Польскай кінапрэміі «Арлы»