BlackBerry — гэта скасаваны брэнд мабільных прылад, якія распрацоўваліся канадскай кампаніяй Research In Motion (RIM, пазней BlackBerry Limited) да 2016 года.
Першай прыладай пад брэндам BlackBerry быў пэйджар BlackBerry 950, выпушчаны ў 1999 годзе ў Паўночнай Амерыцы. Пэйджары BlackBerry мелі значную перавагу над іншымі пейджарамі, бо мелі двухбаковую сувязь замест звычайнай у пэйджарах таго часу аднабаковай. Яны дазвалялі выкарыстоўваць электронную пошту па бесправадной сувязі, што дало іх карыстальнікам магчымасць быць анлайн без персанальных камп’ютараў. Пэйджары BlackBerry сталі вельмі папулярнымі ў карпаратыўных колах ЗША і Канады. Яны таксама заваявалі рэпутацыю як сродак бяспечнай сувязі, таму найбуйнейшым карыстальнікам прылад BlackBerry стаў урад ЗША. RIM прадставіла прылады BlackBerry у Еўропе ў верасні 2001 года.
У 2002 годзе быў выпушчаны першы мабільны тэлефон BlackBerry — BlackBerry 5810. Ён працаваў у сетцы GSM і прапанаваў паслугі электроннай пошты і прагляду вэб-сайтаў праз GPRS.
Пасля выпуску смартфона BlackBerry Pearl у верасні 2006 года, а таксама месэнджара BlackBerry Messenger, BlackBerry зацікавіліся спажыўцы па-за межамі традыцыйнай карпаратыўнай базы карыстальнікаў, што значна паўплывала на развіццё смартфонаў у той час. Смартфоны BlackBerry некаторы час былі самымі папулярнымі ў ЗША. Пік выкарыстання прылад BlackBerry прыйшоўся на верасень 2011 года, на той момант па ўсім свеце налічвалася 85 мільёнаў карыстальнікаў BlackBerry. У наступныя гады рынак змяніўся на карысць прылад з Android і iOS; колькасць прылад BlackBerry знізілася да 23 мільёнаў у сакавіку 2016 года. У 2015 годзе пачаўся выпуск смартфонаў пад брэндам BlackBerry на базе Android, першым стаў BlackBerry Priv.
28 верасня 2016 года кампанія BlackBerry Limited (раней Research In Motion) абвясціла, што спыніць уласную распрацоўку прылад BlackBerry. Далейшую распрацоўку пад брэндам BlackBerry вялі па ліцэнзіі некалькі асобных кампаній: BB Merah Putih для інданезійскага рынку, Optiemus Infracom для паўднёваазіяцкага рынку і BlackBerry Mobile для ўсіх астатніх рынкаў. Новыя прадукты пад брэндам BlackBerry не змаглі атрымаць добрых пазіцый на рынку і апошні раз выпускаліся ў 2020 годзе. 4 студзеня 2022 года BlackBerry Limited спыніла паслугі праграмнай платформы BlackBerry, якія ўключалі электронную пошту blackberry.net, BlackBerry Messenger, BlackBerry World, BlackBerry Protect і галасавы пошук. Пасля спынення вытворчасці смартфонаў і аказання паслуг для прылад BlackBerry, кампанія BlackBerry Limited засяродзілася на распрацоўцы праграмнага забеспячэння, у тым ліку для кібербяспекі і IoT, і дагэтуль валодае крытычна важнымі патэнтамі на праграмнае забеспячэнне.
Крыніцы
Знешнія спасылкі
Катэгорыя:Гандлёвыя маркі Катэгорыя:Смартфоны Катэгорыя:Мабільныя прылады