Саверыа Дала Роза (іт. Saverio Dalla Rosa, 1 чэрвеня 1741 — 7 снежня 1821) — італьянскі мастак, які працаваў пераважна ў Вероне, выконваў замовы для езуітаў у Полацку і Віцебску. Біяграфія Пасля завяршэння гуманістычных і рытарычных штудый ён стаў вучнем свайго дзядзькі па матчынай лініі, жывапісца Джамбеціна Чыньяролі, які скіраваў яго на шлях мастака.
Дала Роза жыў і працаваў галоўным чынам у Вероне і яе ваколіцах. У 1770 годзе ён напісаў алейны партрэт кампазітара Вольфганга Амадэя Моцарта, якому тады было чатырнаццаць гадоў і які прыехаў у Верону падчас свайго першага падарожжа ў Італію. Да таго ж перыяду адносяцца іншыя партрэты, якія сведчаць аб паступовым збліжэнні мастака з неакласіцызмам.
13 ліпеня 1777 года ён ажаніўся з Анджэлай Малфаці Верыта. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся трое дзяцей, адзін з якіх, Даменіка Джузэпэ, таксама стаў жывапісцам . Паводле некаторых біёграфаў, Савэрыа Дала Роза нібыта правёў каля дваццаці гадоў у Расійскай імперыі, аднак гэтыя звесткі не знаходзяць больш дакладных пацверджанняў і таму лічацца сучаснымі даследчыкамі беспадстаўнымі.
Выконваў замовы для езуітаў у Полацку і Віцебску:ён напісаў «Пакутніцтва святога Стэфана» для езуіцкага калегіума ў Полацку — твор, які быў выстаўлены ў Балоньі перш, чым туды адвезлі, і выклікаў такое захапленне ў тамтэйшых дасведчаных прафесараў жывапісу, што яны палічылі для сябе гонарам прыняць яго ў сваю Клемэнцінскую АкадэміюD. Zannandreis, Le vite dei pittori, scultori e architetti veronesi [1831-34], a cura di G. Biadego, Verona 1891, p. 491.
У 2025 годзе Палац Вялікіх князёў у Вільні набыў абраз "Ушанаванне святым Казімірам Маці Божай", які падобна што паходзіць з езуіцкага касцёла ў Віцебску.
31 студзеня 1796 года Дала Роза быў прызначаны ганаровым членам Клемэнцінскай Акадэміі ў Балоньі, аднак менавіта ў сваім родным горадзе ён вылучыўся сваёй дзейнасцю ў галіне мастацтва. Вырашальным было яго імкненне не дапусціць рассейвання веронскай жывапіснай спадчыны падчас напалеонаўскага панавання, адзначанага скасаваннем цэркваў і кляштараў з наступнай перадачай іх маёмасці ў дзяржаўную казну. 24 лістапада 1805 года быў прызначаны дырэктарам веронскай Акадэміі жывапісу і скульптуры, а ў 1807 годзе ўвайшоў у склад камісіі якой было даручана сфарміраваць публічную пінакатэку, выбіраючы з прыкладна сямі тысяч жывапісных твораў, канфіскаваных дзяржавай. 26 кастрычніка 1812 года камісія перадала падэстату 197 адзінак, і Дала Роза быў прызначаны хавальнікам пінакатэкі, якую можна лічыць першым ядром сённяшняга музея Кастэльвэкіа.
Дзякуючы гэтым грамадскім пасадам набыў глыбокае веданне веронскіх мастацкіх скарбаў, стаў старанным і дакладным каталагізатарам, а яго працы, часткова яшчэ рукапісныя, і сёння застаюцца незаменным інструментам для праверкі і рэканструкцыі аб'ёму веронскай мастацкай спадчыны. Апошні твор гэтай шматграннай асобы — «Разважанне аб паходжанні Амфітэатра ў Вероне» (Верона, 1821), дзе прымае гіпотэзу этрускага паходжання амфітэатра, раскопкі якога ён разам з іншымі фінансаваў.
Крыніцы Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Італіі Катэгорыя:Мастакі Італіі XIX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі Італіі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Памерлі ў 1821 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1741 годзе
Катэгорыя:Езуіты Катэгорыя:Езуіты Беларусі