Яніна Зоф’я Умястоўская (польск. Janina Zofia Umiastowska, 15 красавіка 1860, Машчаніца, Пётркаўскі павет - 6 кастрычніка 1941, Рым) — маркіза, мецэнатка, заснавальніца Рымскай фундацыі імя Ю.З. Умястоўскай (Fondazione Romana Marchesa JS Umiastowska).
Біяграфія Дачка Яна Адама Астрарога-Садоўскага герба Любіч (1807–1868) і Аляксандры, народжанай Пехэржэўскай герба Тапур (1831–1917). У 1882 годзе выйшла замуж за багатага землеўладальніка з Віленскага ваяводства графа Уладзіслава Умястоўскага . Пасля смерці мужа ў 1905 годзе яна атрымала ў спадчыну ўвесь яго маёнтак. Яе другім мужам быў уплывовы мецэнат мастацтваў і кансерватыўны публіцыст граф Ігнат Корвін-Мілеўскі.
Касцёл святога Уладзіслава ў Суботніках Пахавала свайго мужа ў крыпце цаглянага касцёла, які ён пабудаваў у Соботніках. Храм быў асвечаны ў 1904 годзе, але застаўся няскончаным. У 1906 годзе яна аднавіла працу над касцёлам, працягваючы спадчыну мужа. Для новага касцёла яна ахвяравала дубовы амбон, упрыгожаны скульптурамі і гербамі, пазалочаны бронзавы крыж і абраз Святога Уладзіслава, змешчаны ў галоўным алтары, якую яна заказала ў Баварыі. Рымскі папа Пій X дараваў ёй асаблівыя індульгенцыі. Прафінансавала абраз Маці Божай Шкаплернай для бакавога алтара, а ў 1913 годзе — каменныя станцыі Крыжовага шляху. Таксама ахвяравала лаўкі і дамаставую харугву з выявай Святога Уладзіслава.
Жамыслаўльская фундацыя Згодна з рашэннем, прынятым сумесна з мужам, яна перадала маёнтак Жамыслаўль і яго ваколіцы Віленскаму ўніверсітэту ў дарчым акте ад 6 сакавіка 1922 года, якім быў заснаваны Навуковы фонд імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх. Дар даваў падставы для стварэння фонду, мэтай якога была пабудова ў Жамыслаўлі вышэйшай сельскагаспадарчай установы з інтэрнатам для студэнтаў, а таксама жаночай і мужчынскай гімназіі, з інтэрнатам на англійскі і швейцарскі ўзор. Яніна Умястоўская задумала стварыць тут навуковы цэнтр: калі вучоба ідзе паралельна з вытворчасцю, практыкай. У палацы вялося выкладанне розных земляробчых прадметаў, на палях вяліся гаспадарчыя работы.
У лістападзе 1923 года яна пашырыла дар, завяшчаючы 25% даходу ад эксплуатацыі лясоў, і нават пакінула ўсю сваю маёмасць універсітэту ў сваім завяшчанні, напісаным 6 сакавіка 1922 года. Паколькі Фонд дрэнна кіраваўся, у 1926 годзе яна звярнулася да міністра рэлігійных канфесій і народнай адукацыі з просьбай узяць на сябе кіраванне Фондам. Урэшце, з дазволу новага рэктара ўніверсітэта, прафесара Станіслава Піганя, які разумеў неабходнасць зменаў, 15 сакавіка 1927 года кіраўніцтва фонду перайшло ў рукі юрыста Зыгмунта Юндзіла. Новае кіраўніцтва, новыя людзі ўвялі сучасныя метады гаспадарання, якія неўзабаве пачалі даваць добрыя плады.
У 1931 годзе адразу пасля паводкі ў Вільні яна перадала ў Камітэт дапамогі ахвярам паводкі дзве тысячы злотых - больш за ўсіх іншых ахвяравальнікаў. Яна аказвала фінансавую падтрымку працам па выяўленых каралеўскіх пахаваннях у падзямеллі Віленскага кафедральнага сабора, займаючы пасаду віцэ-прэзідэнта Камітэта выратавання базілікі. Прадастаўляла памяшканні ў віленскім палацы на вул. Троцкай для дзейнасці некаторых арганізацый; сярод іншага тут знаходзіліся майстэрні краўчай школы для бедных дзяўчат, якой кіраваў Саюз грамадзянскай працы жанчын.
Двор у маёнтку Канвалішкі, з такімі цяжкасцямі адваяваны ёю, яна перадала на грамадскія мэты. З 1932 года ён перайшоў пад апеку Таварыства апекі над дзецьмі. Цэнтр, які квітнеў пад кіраўніцтвам загадчыцы Яніны Брэнштэйнавай, называлі «Умястоўскай рэспублікай». У 1938 годзе прэзідэнт Вільні атрымаў чэк на 1000 злотых, якія яна загадала перадаць на куплю адзення для бедных дзяцей.
Калі справы Жэмласлаўскай фундацыі нарэшце ўладзіліся належным чынам, Яніна Умястоўская стала яе актыўным членам. У 1938 годзе яна фінансавала будаўніцтва дома адпачынку для вучоных, мастакоў і літаратараў. Задумай фундатаркі было стварэнне асабліва спрыяльных умоў для творчай працы або адпачынку ў сельскай глушы. Дом быў адкрыты 14 жніўня і стаў другой падобнай установай у міжваеннай Польшчы пасля Мандроліна пад Варшавай. Кошт будаўніцтва склаў каля 60 тысяч злотых. У цырымоніі асвячэння і адкрыцця ўзялі ўдзел, сярод іншых, міністр сацыяльнай апекі Станіслаў Зындрам-Касцялкоўскі і генерал Люцыян Жалігоўскі.
Рымская фундацыя Папа Бенедыкт XV у 1921 годзе ўзнагародзіў яе тытулам маркграфіні (маркізы). У 1927 годзе, пасля каранацыі карціны Маці Божай Вострай Брамы, выкананай Казімірам Скірмунтам, Умястоўская фінансавала копію карціны для касцёла Святога Станіслава ў Рыме. Яна меншая за арыгінал, і яе памер быў адаптаваны да абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, які там знаходзіўся. Гэта было зроблена па просьбе айца Флёрчака, апекуна касцёла. Адзенне і кароны, якія ўпрыгожваюць карціну, былі зроблены са срэбра Ксаверыем Гаржухоўскім, віленскім ювелірам. Срэбную рамку распрацаваў Бенедыкт Кубіцкі. Уверсе намаляваны арол, а ўнізе — імя ахвярадаўцы .
Умястоўская даволі часта спынялася ў Італіі, а пасля пачатку Другой сусветнай вайны назаўсёды пасялілася ў Рыме, дзе памерла 6 кастрычніка 1941 года. Пахавана на могілках Кампа Верана ў капліцы Arciconfraternita del Preziosissimo Sangue di NSGC. Яе памяць была ўшанавана сімвалічным надмагіллем на Павонзкіх могілках у Варшаве (раздзелы 19-1-21,22,23) .
У сваім завяшчанні яна ахвяравала ўвесь свой маёнтак на стварэнне фонду, які носіць яе імя . Рымскі фонд І. З. Умястоўскай (Fondazione Romana Marchesa JS Umiastowska) пачаў сваю дзейнасць у 1946 годзе, спачатку падтрымліваючы польскіх мастакоў, якія пасля вайны знаходзіліся за мяжой. Пазней фонд пачаў выдаваць стыпендыі маладым польскім навукоўцам для знаходжання ў Італіі. З 1989 года яго галоўнай місіяй з'яўляецца дакументаванне прысутнасці і дзейнасці палякаў у Італіі ў XX стагоддзі. Фонд мае шырокую бібліятэку, спецыялізуецца на зборы публікацый пра 2-гі корпус і італьянскую Палонію, а таксама мае калекцыю польска-эміграцыйных публікацый .
Публікацыі У 1928 годзе кнігарня Gebethner and Wolf апублікавала ўспаміны Умястоўскай пад псеўданімам Nałęcz. Яны называліся «Szmat ziemi i życia: opis i pamięci» ( «Кавал зямлі і жыцця: апісанні і ўспаміны») з прадмовай Чэслава Янкоўскага. Янкоўскі падтрымліваў цесныя кантакты з Умястоўскай, у 1926 годзе ён выдаў брашуру «Fundacja żemłosławska w województwie wileńskiem» («Жамыслаўльская Фундацыя ў Віленскім ваяводстве»), дзе апісваў дар, зроблены Віленскаму ўніверсітэту, і выступаў на баку графіні, якая папікала ўніверсітэт у занядбанні Жамыслаўскай фундацыі.
У 1939 годе ў Вільні пад псеўданімам Nałęcz была апублікавана і брашура пад назвай "Co powinniśmy wiedzieć o Żydach" ("Што нам трэба ведаць пра яўрэяў"), дзе на аснове кампіляцыі розных антысеміцкіх публікацый даводзілася, што яўрэі ў змове з масонамі распрацоўваюць планы панавання над сусветам, і ў тым ліку ажыццяўляюць канспіралагічныя планы па завалодванню Польшчай. Аўтарка заклікала пазбавіць яўрэяў палітычных правоў у Польшчы.
Ордэны і ўзнагароды
Камандорскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (8 лістапада 1930 г.) „za zasługi na polu pracy narodowej i filantropijnej”. Залаты Крыж Заслугі (31 студзеня 1939 г.) „za zasługi na polu pracy społecznej”.
Спасылкі
Крыніцы Катэгорыя:Памерлі ў 1941 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1860 годзе
Катэгорыя:Мецэнаты Катэгорыя:Віленскі ўніверсітэт Катэгорыя:Рым Катэгорыя:Жамыслаўль Катэгорыя:Суботнікі Катэгорыя:Умястоўскія Катэгорыя:Памерлі ў Рыме