Дар’я Сяргееўна Мандзік () — беларуская архітэктарка, мастачка-керамістка і ілюстратарка, пісьменніца.
Біяграфія Нарадзілася 25 мая 1993 года ў Мінску. Скончыла мінскую гімназію № 57 з архітэктурна-мастацкім ухілам. Паступіла на архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). Станам на 2014 год была студэнткай 4-га курса.
У 2014 годзе ў ліку 11 студэнтаў, адабраных для стажыроўкі ў Італіі, Партугаліі і Іспаніі па праграме абмену «Erasmus Mundus», цягам года навучалася ў Лісабонскім універсітэце (Партугалія). Вывучала еўрапейскія падыходы да рэстаўрацыі і работы з гарадскім асяроддзем.
У 2024 годзе, 14 лютага затрымана падчас рэйду сілавікоў супраць архітэктарскую супольнасць (агулам затрымана каля 40 спецыялістаў). Паводле СМІ, падставай мог стаць фотаздымак з маршаў пратэсту 2020 года, дзе архітэктары ішлі асобнай калонай. Утрымлівалася ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Дар’ю палітычнай зняволенай.
Абвінавачана паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Разгляд справы пачаўся 27 чэрвеня 2024 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. 28 чэрвеня 2024 года суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Дар’і 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). 19 ліпеня 2024 года Дар’я Мандзік унесена МУС у «спіс экстрэмістаў».
Прафесійная і творчая дзейнасць
Архітэктура і ўрбаністыка Падчас стажыроўкі ў Партугаліі працавала ў праекце рэканструкцыі закінутай вуліцы ў цэнтры Лісабона на заказ муніцыпалітэта, праводзіла замеры, апісанні будынкаў і камунікавала з мясцовымі жыхарамі. У межах навучання наведвала горад Іданья-а-Велья для распрацоўкі архітэктурных рашэнняў для паселішча. Як архітэктар вылучае тры падыходы да рэстаўрацыі: дакладнае аднаўленне па гравюрах, захаванне руін або кантраст старой пабудовы з сучаснымі элементамі..
У сакавіку 2016 года выступала на канферэнцыі «TEDxYouth@Hrodna» з прамовай «Архітэктура: сфармуляваць тое, што адчуваеш». Разважала пра фізіялагічнае ўздзеянне асяроддзя на чалавека, крытыкавала «агрэсіўныя» візуальныя палі (фасады з манатоннымі шэрагамі вокнаў) і «гамагенныя» зоны (пустыя сцены), якія стамляюць мозг чалавека. Актыўна прасоўвала канцэпцыю «права на горад», даючы прыкладам згуртаванасць жыхароў Асмалоўкі ў Мінску для захавання свайго раёна.
Кераміка і фестываль «Дым» З архітэктуры Дар’я прыйшла ў кераміку, тлумачыла гэта патрэбай у бачным матэрыяльным выніку і працы рукамі. Разам з Анастасіяй Мілаванавай заснавала і арганізавала міжнародным фестываль эксперыментальнай керамікі «Дым» у Лынтупах Пастаўскага раёна. Фестываль базіраваўся ў культурным цэнтры «Культыватар» (вуліца Галубкова, 21) у Лынтупах.
Першы фестываль прайшоў 12-25 жніўня 2019 года (кульмінацыя — 24 жніўня). У пленэры ўдзельнічалі 12-13 керамістаў з Беларусі, Украіны, Расіі (Санкт-Пецярбург, Рэспубліка Комі), Балгарыі. Другі фестываль адбыўся 3-16 жніўня 2020 года.
На фестывалі папулярызавалі складаныя і архаічныя віды абпалу: у яме, у кастры, раку-абпал, абвару. Падчас фэсту створана гліняная скульптуры мядзведзя Локіса (аўтары Кацярына Алімава і іншыя), якую перадалі пагранзаставе «Лынтупы».
Дар’я была сталай удзельніцай выставы-кірмашу «Чароўны Млын», дзе прэзентавала аўтарскі посуд (кубкі, збаны, талеркі), ключніцы і дробную скульптуру з арыгінальным роспісам. Да 2021 года паступова амаль цалкам пераключылася з керамікі на ілюстрацыю.
Графічны дызайн і ілюстрацыя У 2012 годзе Дар’я Мандзік (разам з Янай Войцік) распрацавала праект «Не маўчы па-беларуску» — серыю малюнкаў-падказак з беларускімі назвамі прадметаў ужытку. Праект заняў другое месца на беларуска-польскім конкурсе графічнага дызайну «МЫ2012». Пазней на аснове гэтых малюнкаў былі выдадзены камплекты паштовак (2014, 2016) і перакідныя календары (дызайн — Анатоль Лазар) на 2015, 2016 і 2017 гады.
Стварыла малюнкі для «Календара па-беларуску» на 2022 год. Таксама ілюстравала зборнік «Чытанка для маленькіх — 2» (2016), кнігу «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках» (2019, тэксты Марыі Мартысевіч), уласную аўтарскую кнігу-казку «Прыгоды ў зачараваным замку» (2026).
Літаратурная дзейнасць У красавіку 2026 года ў выдавецтве «Папуры» выйшла дзіцячая аўтарская кніга Дар’і Мандзік «Прыгоды ў зачараваным замку». Казка распавядае пра прыгоды «лісы-кілбасы». Дар’я — аўтарка тэксту і ілюстрацый. У кнізе ёсць тлумачальны слоўнічак..
Узнагароды Другое месца на конкурсе графічнага дызайну «МЫ2012» за праект «Не маўчы па-беларуску» (стажыроўка ў Польшчы і грашовая ўзнагарода ў 1 250 000 беларускіх рублёў).
Крыніцы
Катэгорыя:Мастакі Беларусі