Гарадзішчы каля аг. Радамля Чавускага раёна Магілёўскай вобласці — помнікі археалогіі.

Гарадзішча-1 (у XII—XIII ст. дзяцінец г. Радамля, у XVI ст. — Радамльскі замак) і Гарадзішча-2.

Гарадзішча-1 Знаходзіцца на мысе правага берага ракі Радча, у цэнтры вёскі. Пляцоўка памерамі 33 на 50 м, вышыня 20—37 м. У розныя часы абследавалі Е. Р. Раманаў, І. А. Сербаў, А. М. Ляўданскі, В. М. Мельнікоўская, В. Ф. Капыцін, М. А. Ткачоў (1976), І. А. Марзалюк (2007). У ніжніх напластаваннях знойдзены матэрыялы зарубінецкай, кіеўскай, калочынскай культур. У верхніх напластаваннях знойдзены рэчы XII—XVI стагоддзяў, выяўлены рэшткі моцнага пажару.

Гарадзішча-2 Знаходзіцца за 68 м на поўнач ад гарадзішча-1. Пляцоўка прамавугольнай формы 27 на 17 м, умацавана двума валамі. У 2007 годзе І. А. Марзалюк зрабіў прарэзку аднаго з валоў траншэяй. У культурным слоі знойдзены рэчы XII—XIII стагоддзяў.

Літаратура І. А. Марзалюк. Радамля // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. — Мінск, 2011.

Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Чавускага раёна Катэгорыя:Гарадзішчы Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Радамля