Дзень палітвязняў — памятная праваабарончая дата, якая адзначаецца 21 мая і прысвечана салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, ушанаванню памяці загінулых у зняволенні, а таксама прыцягненню ўвагі да праблемы палітычных рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Дзень выкарыстоўваецца як форма грамадскай і міжнароднай салідарнасці з людзьмі, якіх праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычнымі зняволенымі. Памятную дату ў 2022 годзе, у першую гадавіну смерці Вітольда Ашурка, ініцыяваў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Перадгісторыя Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі пачаўся маштабны палітычны крызіс, які суправаджаўся масавымі пратэстамі і шырокімі рэпрэсіямі з боку дзяржаўных органаў.
Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна», тысячы людзей былі адвольна затрыманыя, пацярпелі гвалт і катаванні; беларускі рэжым распачаў маштабны палітычна матываваны пераслед, былі ўзбуджаныя сотні крымінальных спраў.
«Вясна» і іншыя ініцыятывы пачалі сістэматычна дакументаваць выпадкі палітычнага пераследу, звязанага з падзеямі 2020 года, фарміраваць спісы палітвязняў і даносіць да міжнароднай супольнасці інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Паўстанне памятнай даты Памятную дату ў 2022 годзе, у першую гадавіну смерці Вітольда Ашурка, ініцыяваў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вітольд Ашурак — беларускі грамадскі актывіст і палітычны зняволены. Ён быў асуджаны па справе, якую праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычна матываванай.
21 мая 2021 года Ашурак памёр у папраўчай калоніі; абставіны яго смерці не высветленыя па сённяшні дзень, а датычныя асобы так і не былі прыцягнутыя да адказнасці.
З 2023 года да ўшанавання гэтай даты далучыліся іншыя палітычныя і грамадзянскія ініцыятывы па ўсім свеце.
Дата 21 мая была абраная як дзень памяці Вітольда Ашурка і як сімвалічны дзень салідарнасці з усімі палітычнымі зняволенымі Беларусі. З цягам часу яна набыла характар штогадовай праваабарончай і міжнароднай акцыі.
Адзначэнне памятнай даты Сімвалам даты была абраная экстрэмісцкая жоўтая бірка — знак на адзенні палітвязняў у месцах зняволення, пра які ў сваіх лістах расказваў Вітольд Ашурак.
У 2022-м годзе акцыі салідарнасці прайшлі ў гарадах Грузіі, Польшчы, Літвы, Украіны і іншых краінах, а таксама ў некаторых гарадах Беларусі. Са словамі падтрымкі палітвязням і іх блізкім выступілі еўрапейскія палітыкі і дыпламаты, прадстаўнікі розных амбасад і міжнародных праваабарончых арганізацый.
2023-ці год таксама адзначаўся вялікай колькасцю акцый у многіх гарадах Еўропы і іншых краін свету. Агулам беларускія актывісты арганізавалі падзеі ў 50 гарадах 20 розных краін. Акцыі таксама ладзіліся анлайн.
На падзею актыўна адрэагавала і міжнародная супольнасць: Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў вызваліць усіх беларускіх палітвязняў; больш за 100 нобелеўскіх лаўрэатаў падпісалі ліст у падтрымку лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага; міністр замежных спраў Эстоніі Маркус Цахкна напісаў адкрыты ліст Віктару Бабарыку; прадстаўнікі дыпламатычных карпусоў розных краін далучыліся да акцыі чытання імёнаў палітвязняў у Вільні; заявы ў падтрымку беларускіх палітвязняў выпусцілі МЗС Літвы, Даніі, «хросныя» палітвязняў з Еўрапарламента і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
У 2024 годзе адбылося больш за 30 розных мерапрыемстваў і акцый у розных краінах свету. Яны пачаліся 19 мая і праходзілі некалькі дзён — па 22 мая — у розных гарадах Польшчы, Літвы, Грузіі, Чэхіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Украіны, Бельгіі, Швецыі і іншых краін. З заявамі і словамі падтрымкі выступілі многія беларускія НДА ў выгнанні і міжнародныя арганізацыі: моладзевы нацыянальны савет «РАДА» распавёў пра міжнародную адвакацыю ў падтрымку палітвязняў; Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што на 21 мая 2024 года ў зняволенні знаходзіліся 35 прадстаўнікоў медыясферы; Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуў увагу на 254 палітвязняў, якія знаходзіліся ў асаблівай рызыцы.
У 2025-м годзе ў перыяд з 11 па 26 мая адбылося як мінімум 35 мерапрыемстваў. Найбольшая іх колькасць прайшла 21 мая. У акцыях (пікетах, выставах, сустрэчах, набажэнствах) удзельнічалі беларусы Польшчы, Літвы, Нідэрландаў, Італіі, Эстоніі, Швецыі, Украіны, Грузіі, Германіі, Бельгіі і Велікабрытаніі.
Падобныя памятныя даты Падобныя памятныя даты існуюць у розных краінах:
Украіна (12 студзеня) — Дзень украінскага палітвязня, пачаты ў 1975 годзе Вячаславам Чарнавілам; Аргенціна (24 сакавіка) — Дзень памяці праўды і справядлівасці, прысвечаны ахвярам ваеннай дыктатуры; Літва і Эстонія (14 чэрвеня) — Дзень жалобы і надзеі, прысвечаны дэпартацыям 1941 года; Чылі (11 верасня) — Дзень памяці ахвяр дзяржаўнага перавароту 1973 года; Польшча (13 снежня) — Дзень памяці ахвяр ваеннага становішча 1981 года.
Крыніцы
Катэгорыя:Памятныя даты